Больш за 400 беларускіх айцішнікаў з'ехала з Літвы за мінулы год — СМІ
Больш за 400 беларускіх айцішнікаў страціў за мінулы год ІТ-сектар Літвы. Пра гэта паведамляе літоўскі тэлеканал TV3 са спасылкай на звесткі міграцыйных службаў.
Паводле інфармацыі тэлеканала, на сёння ў Літве працуе 3605 беларускіх айцішнікаў. На пачатку мінулага года такіх спецыялістаў было больш за 4 тысячы. Такім чынам, за 2024 год ІТ-сектар страціў больш за 10% беларускіх айцішнікаў.
Інфармацыя TV-3 па адтоку беларускіх айцішнікаў з Літвы прыкладна супадае з інфармацыяй dev.by пра скарачэнне за мінулы год штату 20+ літоўскіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі.
Яшчэ на пачатку 2024 года ў 20+ вядомых ІТ-кампаніях з беларускімі каранямі ў Літве працавала амаль 3,9 тысячы супрацоўнікаў. На гэты момант у офісах зарэгістравана толькі 3,4 тысячы спецыялістаў — на 10%+ менш.
Адная з магчымых прычын — аптымізацыя ІТ-кампаніямі выдаткаў на персанал ва ўмовах нестабільнага попыту на рынку паслуг, дэфіцыту праектаў і росту бэнчу. Адных супрацоўнікаў кампаніі звальняюць, другіх пераводзяць у іншыя лакацыі. Акрамя таго, айцішнікі могуць з’язджаць з Літвы ў пошуках новай працы.
Таксама адток айцішнікаў звязаны з непаслядоўнай міграцыйнай палітыкай Літвы. Ануляванні ДНЖ беларусам (у тым ліку айцішнікам) цяпер ужо не рэдкасць.
Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы, на пачатку 2025 года ў краіне пражывала 57 511 грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства. За мінулы год колькасць беларусаў з ДНЖ скарацілася на 7,5%, або на 4,6+ тысячы чалавек.
Читать на dev.by