Колькасць вакансій для распрацоўшчыкаў у ЗША ўпала больш чым удвая за 5 гадоў
Колькасць актыўных вакансій для распрацоўшчыкаў софту за апошнія 5 гадоў у ЗША скарацілася на 56%. Распрацоўшчыкаў без вопыту ўвогуле сталі шукаць на 67% радзей. Такія даныя амерыканскай ІТ-асацыяцыі CompTIA прыводзіць New York Times у матэрыяле аб мэтазгоднасці буткемпаў па праграмаванні ў эру штучнага інтэлекту і масавых звальненняў у тэхналагічнай сферы.
Як адзначае выданне, адсотак працаўладкавання выпускнікоў у такіх курсаў падае — напрыклад, бостанскі буткемп Launch Academy прыпыніў працу на нявызначаны тэрмін, паколькі доля студэнтаў, якія знайшлі працу, упала з былых 90% ніжэй за 60%.
Партнёры венчурнай фірмы Menlo Ventures адзначаюць, што цяпер — найгоршы час для старту кар’еры ў ІТ за апошнія 25 гадоў. І калі раней усе ад гендырэктара Apple да людзей, якія не маюць дачынення да галіны, сцвярджалі, што трэба вучыцца кодзіць, то цяпер гэты навык нават у суме з вялікай стараннасцю не гарантуе працы.
79% удзельнікаў апытання сярод 3 тысяч выпускнікоў буткемпаў, праведзенага CourseReport ў 2020 годзе, адказалі, што курсы дапамаглі ім атрымаць працу ў ІТ, а сярэдні прырост заробкаў склаў 56%. Аднак са з’яўленнем новых АІ-інструментаў, папулярнасць якіх расла з ураганнай хуткасцю, кампаніі сталі наймаць менш. Мадэль AlphaCode яшчэ ў 2022 годзе паказала сябе на ўзроўні «праграміста-пачаткоўца», які прайшоў некалькі месяцаў навучання». І гэтыя інструменты — ChatGPT, AlphaCode, GitHub Copilot — пастаянна ўдасканальваюцца як у напісанні новага кода пад пэўныя задачы, так і ў аптымізацыі і адладцы існага.
Інструментамі для праграмавання на базе АІ сёлета карысталіся 60% з 65 тысяч распрацоўшчыкаў, апытаных у маі StackOverflow. Аднак некаторыя эксперты лічаць, што нават сучасным АІ-інструментам не хапае важных здольнасцяў, якія ёсць нават у джуноў — напрыклад, сапраўднага разумення задач, якія мае вырашаць код.
Сёння ўсё часцей гучыць парада не вучыцца кодзіць, а развіваць АІ-скілы, хоць эксперты згаджаюцца, што знаць асновы праграмавання па-ранейшаму важна. Паводле даных CompTIA, самыя папулярныя спецыялісты ў гэтай сферы — інжынеры машыннага навучання і АІ-інжынеры.
Google сцвярджае, што AI-асістэнты павышаюць прадукцыйнасць распрацоўшчыкаў на 20%, а больш за чвэрць кода кампаніі згенеравана АІ, хоць яго ўсё роўна правяраюць скураныя інжынеры. Між тым 66% з больш як 9 тысяч топ-менеджараў, якіх нядаўна апытвалі Microsoft і LinkedIn, заявілі, што не стануць наймаць людзей без навыкаў працы з АІ.
Читать на dev.by