«Ён сам прыйшоў»: у расійскім Мінлічбы заявілі, што праграма вяртання айцішнікаў не спатрэбілася
Міністр лічбавага развіцця Расіі Максут Шадаеў заявіў, што спецыяльнай праграмы для вяртання ў краіну ІТ-спецыялістаў, якія з’ехалі, не спатрэбілася. Кажуць, яны вяртаюцца самі.
«Добрая навіна — пакуль мы працавалі, яны пачалі вяртацца, і мы гэта бачым па ўсіх паказчыках рэкрутынгавых пляцовак. Такой, асобнай праграмы — не спатрэбілася. Мы размаўляем з ІТ — кампаніямі — кажуць, што многія вяртаюцца ўжо самі сабой», — сказаў Шадаеў на канферэнцыі «CNews Forum Кейсы-2023». Яго словы прыводзіць «Камерсант».
Чыноўнік дадаў, што колькасць айцішнікаў, якія вярнуліся ў Расію, удакладняць праз адзін-два тыдні. Але запэўніў, што «лічба досыць значная».
20 снежня 2022 года Максут Шадаеў казаў, што за мяжой знаходзіцца каля 100 тысяч расійскіх ІТ-спецыялістаў (каля 10% ад агульнай колькасці), але 80% з іх працягваюць працаваць на расійскія кампаніі і знаходзяцца ў «дружалюбных» краінах.
У гэтым студзені прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Зміцер Пяскоў адзначаў, што Расіі неабходна ствараць умовы для вяртання «рэдкіх і каштоўных» спецыялістаў, у тым ліку з ІТ-галіны. У Дзярждуме прапаноўвалася распаўсюдзіць праграму льготнай іпатэкі на ІТ-спецыялістаў, якіх рэлакавалі з Расіі замежныя працадаўцы і якія затым патрапілі пад скарачэнне. Таксама прапаноўвалася прыцягваць айцішнікаў гарантаванай рэзервацыяй ад прызыву ў войска і аплатай пералёту ў Расію.
Читать на dev.by