OpenAI абвінаваціла New York Times ва ўзломе ChatGPT у судзе
У мінулым снежні амерыканскае выданне New York Times падало пазоў супраць OpenAI і Microsoft за парушэнне аўтарскага права. У адказ кампанія Сэма Альтмана сцвярджае, што NYT замовіла ўзлом яе платформаў. Дакументы з такой заявай OpenAI накіравала ў федэральны суд Манхэтэна ў панядзелак.
«Праўда, якая выявіцца падчас разгляду гэтай справы, палягае ў тым, што [New York Times] заплаціла камусьці за ўзлом прадуктаў OpenAI», —канстатуе кампанія.
OpenAI таксама заклікала суд поўнасцю або часткова адхіліць 4 з 6 пунктаў, выстаўленых ёй выданнем. Сярод іншага, OpenAI і Microsoft абвінавачваюць у незаконным выкарыстанні яго артыкулаў для навучання АІ-чат-ботаў і стварэння прадуктаў-заменнікаў, а таксама ў парушэнні капірайту. У якасці доказу NYT сцвярджала, што GPT-4 на запыт практычна даслоўна выдае фрагменты яго артыкулаў.
OpenAI лічыць, што NYT не толькі замовіла ўзлом яе прадуктаў, але і маніпулявала сістэмай, каб атрымаць ілжывыя доказы для справы. «Ім спатрэбіліся дзясяткі тысяч спробаў, каб згенераваць вельмі анамальныя вынікі», — гаворыцца ў матэрыялах OpenAI. Для гэтага NYT эксплуатаваў баг і ўжываў спецыфічныя промпты, якія парушаюць правілы карыстання OpenAI. «Але нават пасля гэтага ім давялося дадаць у інструмент фрагменты тых самых артыкулаў, урыўкі якіх яны хацелі атрымаць даслоўна і практычна ўсе з якіх ужо размешчаныя на шэрагу публічных вэб-сайтаў», — працягнула OpenAI. Яна падкрэслівае, што «нармальныя» юзеры рабіць падобнае не сталі б.
Выканаўцаў замовы OpenAI не называе і ў падрабязнасці не ўдаецца — толькі заяўляе, што пэўнаму «агенту» было заплачана за здзяйсненне «выдасканаленых атак» на яе тэхналогіі. Таксама яна адзначае, што NYT не валодае правамі на факты і мову — ключавыя кампаненты, на аснове якіх навучаюцца яе платформы.
Читать на dev.by