OpenAI атрымала першы пазоў за «галюцынацыі» ў ChatGPT
На распрацоўшчыкаў ChatGPT з OpenAI падалі ў суд за паклёп: чатбот згенераваў ілжывую інфармацыю пра чалавека ў адказ на чужы карыстальніцкі запыт, піша The Verge.
Радыёвядоўца са штата Джорджыя Марк Уолтэрс вырашыў звярнуцца ў суд пасля таго, як ChatGPT «абвінаваціла» яго ў махлярстве і растраце сродкаў некамерцыйнай арганізацыі. Тэкст быў згенераваны ў адказ на запыт журналіста на імя Фрэд Рыл. Уолтэрс хоча атрымаць ад распрацоўшчыкаў грашовую кампенсацыю, ейны памер не ўдакладняецца.
Запыт Рыла быў звязаны з рэальным судовым разглядам. Ён даў чатботу спасылку на PDF-дакумент пра яго і папрасіў рэзюмаваць. Складзенае чатботам рэзюмэ было падрабязным і пераканаўчым, але факты там выявіліся змяшаныя з ілжывымі абвінавачваннямі на адрас Уолтэрса. У прыватнасці, ён нібыта прысвоіў больш за $5 млн, якія належалі некамерцыйнай арганізацыі Second Amendment Foundation, што займаецца пытаннямі дазволаў на нашэнне зброі. У рэальнасці нічога падобнага радыёвядоўцу ніколі не выстаўлялі.
Рыл сгенераваных чатботам абвінавачанняў не публікаваў, але вырашыў праверыць. Як менавіта Уолтэрс даведаўся пра іх, з матэрыялаў справы няясна.
Ці атрымаецца прыцягнуць кампанію да адказнасці за тое, што яе АІ-сістэма выдала хлусню і паклёп, невядома. Амерыканскае заканадаўства здымае з інтэрнэт-кампаній адказнасць за інфармацыю трэціх асоб, якая размяшчаецца на іхніх платформах — пытанне ў тым, ці дастасавальна гэта да АІ-сістэм, якія не проста размяшчаюць спасылкі, а на базе чужой ствараюць новую інфармацыю, адзначае The Verge.
Юрысты сумняваюцца, што справа Уолтэрса завершыцца на яго карысць. Перш ніж падаць у суд, ён не звярнуўся з узніклай праблемай да OpenAI і не даў распрацоўшчыкам шанцу выдаліць ілжывыя заявы чатбота. Таксама абвінавачанні чатбота не нанеслі яму фактычнай шкоды.
OpenAI, з аднаго боку, на галоўнай вэб-старонцы ChatGPT папярэджвае, што сістэма часам можа выдаваць некарэктную інфармацыю. Але з іншага, пазіцыянуе чатбота як крыніцу надзейных даных, якая дазваляе атрымліваць адказы і дазнавацца чагосьці новага. Гендырэктар OpenAI Сэм Альтман нават заяўляў, што лічыць за лепшае чэрпаць інфармацыю з ChatGPT, ніж з кніг.
Читать на dev.by