OpenAI забараніла інвестарам укладвацца ў канкурэнтаў, уключаючы стартапы Маска і экс-супрацоўнікаў
OpenAI толькі што атрымала ад інвестараў $6,6 млрд, але гэтага недастаткова. Паводле слоў крыніц Reuters, стваральніца ChatGPT прасіла іх не падтрымліваць пяць кампаній, якія яна лічыць сваімі галоўнымі канкурэнтамі.
У спіс трапілі распрацоўшчыкі вялікіх моўных мадэляў, у тым ліку Anthropic, xAI Ілана Маска, а таксама Safe Superintelligence кафаўндара OpenAI Іллі Суцкевера. Таксама сярод непажаданых кампаній у гутарках стартапа з інвестарамі згадвалася пошукавая сістэма на базе АІ Perplexity і карпаратыўная пошукавая АІ-платформа Glean. Відавочна, OpenAI плануе нарошчваць продажы сваіх інструментаў для кампаній і звычайных карыстальнікаў, каб у 2025 годзе дасягнуць вельмі смелай мэты па выручцы ў $11,6 млрд. План на гэты год — $3,7 млрд.
Такая просьба юрыдычна ні да чога інвестараў не абавязвае, але паказвае імкненне OpenAI заручыцца эксклюзіўнай падтрымкай сваіх інвестараў на рынку з вельмі высокай канкурэнцыяй, на якім доступ да грошай крытычна важны, адзначае Reuters.
Хоць у венчурным свеце такія чаканні нармальныя, складаць падобныя «чорныя спісы», як гэта робіць OpenAI, даволі дзіўна. Большасць інвестараў не ўкладваецца ў прамых канкурэнтаў партфельных кампаній, каб пазбегнуць рэпутацыйных рызык.
На позніх стадыях некаторыя інвестары дыверсіфікуюць стаўкі. Як, напрыклад, SoftBank і Fidelity, якія ўклаліся і ў OpenAI, і ў xAI.
У OpenAI, Perplexity і SSI адмовіліся ад каментароў. Anthropic і Glean не адказалі на запыт Reuters. Звязацца з xAI выданню, як звычайна, не ўдалося.
Читать на dev.by