OpenAI запусціла канструктар ШІ-агентаў і зрабіла Codex даступным для ўсіх
Кампанія абвесціла аб запуску канструктара для стварэння і ўкаранення ШІ-агентаў AgentKit і адкрыцці доступу да GPT-5 Codex — алгарытму з дынамічным мысленнем для агенцкага праграмавання.
Паводле слоў гендырэктара OpenAI Сэма Альтмана, AgentKit — гэта «поўны набор будаўнічых блокаў, каб перанесці агентаў з прататыпа ў прадакшн». Новы пакет аб’ядноўвае візуальны Agent Builder, сістэму ChatKit для інтэграцыі чатаў у аплікацый, інструменты аналізу Evals for Agents і панэль Connector Registry для бяспечнага падлучэння карпаратыўных і пабочных сэрвісаў.
Альтман адзначыў, што мэта платформы — ліквідаваць фрагментацыю інструментаў і паскорыць стварэнне аўтаномных сістэм. Цяпер замест тыдняў ручной настройкі і напісання кастомных канектараў распрацоўшчыкі змогуць разгарнуць працоўных агентаў за лічаныя гадзіны.
Падчас дэманстрацыі інжынер OpenAI Крысціна Хуан сабрала два паўнафункцыянальных ШІ-агенты ўсяго за восем хвілін. Сярод першых карыстальнікаў — фінтэх-кампанія Ramp, якая заявіла, што AgentKit скараціў цыкл распрацоўкі з двух кварталаў да двух спрынтаў.
Таксама OpenAI зрабіла агульнадаступным GPT-5 Codex, абноўлены ШІ-алгарытм, які ўмее самастойна размяркоўваць вылічальныя рэсурсы і час выканання задач. Codex цяпер інтэграваны ў Slack, што дазваляе распрацоўшчыкам дэлегаваць задачы проста ў працоўных каналах: агент піша код, адказвае на пытанні і нават каментуе коміты ў рэальным часе.
Кампанія выпусціла Codex SDK, з яго дапамогай можна ўбудоўваць ШІ-агента ў IDE, браўзеры і карпаратыўныя прадукты. Для адміністратараў з’явіліся новыя панэлі аналітыкі і інструменты кантролю: можна ствараць і выдаляць воблачныя асяроддзі, ужываць узмоцненыя палітыкі бяспекі і адсочваць актыўнасць карыстальнікаў.
Codex стаў адной з самых хуткарослых мадэляў OpenAI — штодзённае выкарыстанне вырасла больш чым у дзесяць разоў з жніўня, а за тры тыдні агент апрацаваў звыш 40 трыльёнаў токенаў. «Codex дапамагае нам пісаць і правяраць код хутчэй, чым калі-небудзь раней — ён стаў паўнавартасным удзельнікам каманды», — адзначыў дырэктар па інжынерных рашэннях OpenAI. Інтэграцыя Codex у Slack і Codex SDK даступныя карыстальнікам тарыфаў ChatGPT Plus, Pro, Business, Edu і Enterprise.
Читать на dev.by