Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Чаму айцішнікам варта паглядзець «Апенгеймера»

У пракат выйшла драма Крыстафера Нолана «Апенгеймер» — пра стваральніка атамнай бомбы Роберта Апенгеймера і першыя выпрабаванні ядзернай зброі. Рэжысёр нават назваў гэтую гісторыю «самым драматычным момантам» усіх часоў. Чаму варта паглядзець карціну ўсім і — асабліва — айцішнікам?

1 каментарый
Чаму айцішнікам варта паглядзець «Апенгеймера»

У пракат выйшла драма Крыстафера Нолана «Апенгеймер» — пра стваральніка атамнай бомбы Роберта Апенгеймера і першыя выпрабаванні ядзернай зброі. Рэжысёр нават назваў гэтую гісторыю «самым драматычным момантам» усіх часоў. Чаму варта паглядзець карціну ўсім і — асабліва — айцішнікам?

Фільм пра знакамітага фізіка журналісты ўжо паспелі ахрысціць галоўнай карцінай Нолана. Пры тым, што рэжысёр паспеў зняць «Памятай», «Пачатак» і «Довад». Гісторыя Апенгеймера на працягу многіх гадоў захоплівала брытанца: яго ўражвала сама ідэя, якая аб’яднала тысячы людзей. Каманда навукоўцаў спрабавала звязаць свае тэорыі з рэальным светам, які змяняўся ў іх на вачах. Сапраўдная авантура: фізікі не былі ўпэўненыя, што верагоднасць знішчэння гэтага свету роўная нулю пры выпрабаванні бомбы. «Усё ж яны націснулі на кнопку», — нагадвае рэжысёр і бачыць у гэтым самы драматычны момант у гісторыі.

«Апенгеймер» працягвае кінатрадыцыю, якая паказвае стварэнне ядзернай зброі як праяву гэткага сусветнага зла. Нядаўні прыклад — трэці сезон «Твін Пікса» Дэвіда Лінча, дзе ёсць адсылка да той жа гісторыі. Выпрабаванне ядзернай бомбы ў Нью-Мексіка ў 1945 годзе ў Лінча ломіць сусветную гармонію і спараджае Боба — злога духа, які пазней захопіць Лору Палмер. Галоўны герой Ноланавага фільма перажывае пасля бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі асабістую этычную катастрофу, усвядоміўшы жах таго, што здарылася.

Сцэна ядзернага выбуху ў 8 серыі 3 сезона «Твін Пікса» Дэвіда Лінча.

Нолан прызнаецца, што для яго гэтая карціна збольшага біяграфічная: у яе ён уклаў страхі свайго пакалення, якое вырасла ў эпоху Халоднай вайны. Перад прэм’ерай рэжысёр размаўляў пра гэта са сваім калегам Стывенам Спілбергам — і досвед двух майстроў выявіўся падобным. Нолан вырас у Лондане 1970-х, Спілберг — у Агаё 1950-х. і той, і другі сталелі ў атмасферы ядзернай пагрозы, калі здавалася, што апакаліпсіс можа пачацца ў любы момант. «У гісторыі чалавецтва былі перыяды, калі небяспека ядзернай вайны была настолькі адчувальнай і бачнай для нас, што мы вельмі добра яе ўсведамлялі», — згадвае рэжысёр.

Гэтая гісторыя яшчэ некалькі гадоў таму не здавалася настолькі актуальнай. Калі Нолан расказаў пра сваю задумку сыну, той толькі адказаў: «Але ніхто больш пра гэта не хвалюецца». Праз два гады ўвесь свет сур’ёзна абмяркоўвае магчымасць хуткай ядзернай вайны. Сучаснасць дагнала сюжэт — і цяпер страхі Апенгеймера зразумелыя гледачу. Рэжысёр заўважае, што паралелі з сённяшнім днём відавочныя: узяць хаця б штучны інтэлект. З’яўленне новай, рэвалюцыйнай тэхналогіі плодзіць асцярогі пра яе непрадказальныя наступствы.

«Я нядаўна быў на канферэнцыі TED ў Ванкуверы. Адной з найцікавейшых сесій выявілася серыя дакладаў пра генератыўны АІ. Вельмі многія з выступоўцаў згадвалі атамную бомбу, ядзерную зброю. Апошнім спікерам быў тэхнолаг, які вырас у Лос-Аламасе. Ён казаў пра непазбежны рост выкарыстання АІ у зброі. Пры канцы выступу навуковец сказаў, што адзіны спосаб захаваць сусветны парадак — гэта мець найлепшую АІ-зброю. Што гэта было б фактарам стрымлівання», — кажа Нолан.

Амерыканец на канферэнцыі слова ў слова паўтарае рыторыку, знаёмую з часоў Халоднай вайны. Пра гэта ж гавораць і самі распрацоўшчыкі штучнага інтэлекту. Яшчэ ў красавіку Ілан Маск і тысячы экспертаў у галіне АІ заклікалі індустрыю прыпыніць распрацоўкі хаця б на паўгода і падумаць пра рэгуляванне тэхналогіі. Ніхто да закліку не прыслухаўся — і ў першую чаргу сам Маск, які паспеў заснаваць кампанію xAI, каб канкураваць з Google і OpenAI.

Нолан падзяліў фільм на дзве часткі: каляровыя эпізоды — гісторыя вачыма Апенгеймера, чорна-белыя — «дакументальная» частка.

Нолана можна злавіць на скептычным стаўленні да прагрэсу. Рэжысёр шырока вядомы тым, што па магчымасці пазбягае камп’ютарных эфектаў. Нават свой апошні фільм ён зняў без выкарыстання лічбавых тэхналогій: па-старому, на грувасткія плёначныя камеры. Фанаты Крыса жартавалі, што той загуляўся ў праўдападабенства і падарваў у пустыні Нью-Мексіка сапраўдную атамную бомбу. Сам аўтар прызнаецца, што дзеці называюць яго дома лудытам. Пра старамоднасць Нолана ведае ўвесь Галівуд: ён не карыстаецца смартфонам — замест звыклага айфона тэлефон-складанчык, а ягоны камп’ютар, на якім рэжысёр піша сцэнары, не падключаны да інтэрнэту.

Не верыць ён і ў лічбавы свет. Нолан лічыць, што асноўнай праблемай АІ-тэхналогій з’яўляецца сыход ад адказнасці іх стваральнікаў. «Калі мы падтрымліваем пункт гледжання, што АІ усемагутны, мы таксама падзяляем думку, што ён можа зняць адказнасць з людзей за іх дзеянні. Самая вялікая небяспека АІ палягае ў тым, што мы прыпісваем яму гэтыя богападобныя характарыстыкі і таму дазваляем сабе сарвацца з кручка», — заўважае ён. Спробы саміх распрацоўшчыкаў перакласці адказнасць за рэгуляванне на дзяржаву — гэта крывадушнасць, перакананы рэжысёр.

Перад распрацоўшчыкамі АІ стаяць тыя ж праблемы, што і перад фізікамі 1940-х гадоў: ці гатовыя яны ўзяць адказнасць і наколькі далёка можна зайсці ў адносінах з дзяржавай. 

На думку Нолана, ніякая міжнародная структура не зможа кантраляваць развіццё АІ, як гэта ж свайго часу адбылося з ядзернай сферай. Чыноўнікі проста не здольныя зразумець складаную тэхналогію і наступствы яе прымянення. «Акрамя таго, я думаю, што ў ядзернай зброі ёсць дзіўны элемент бяспекі, бо для вырабу бомбы патрэбныя пэўныя інгрэдыенты. Гэта моцна адрозніваецца ад таго, калі мы сутыкаемся з патэнцыялам суперкамп’ютара».

У адрозненне ад ядзернага выбуху, гэтую пагрозу немагчыма візуалізаваць — і фільм «Маск» або «Альтман» выйдзе не пра фізікаў, якія ведаюць сваю справу, а пра распрацоўшчыкаў, якія не ўяўляюць, як насамрэч усё гэта працуе. Роберт Апенгеймер у фільме кажа пра шлях выратавання чалавецтва ад катастрофы: мы мусім дзяліцца інфармацыяй. Шчырасць ён лічыў самым практычным і бяспечным спосабам не знішчаць гэтага свету. І тады наступны раз нікому не прыйдзецца націскаць кнопку.

Танны Netflix скончыўся. Стрымінг здзівіў усіх ростам падпісак пасля забароны шэрынгу пароляў
Танны Netflix скончыўся. Стрымінг здзівіў усіх ростам падпісак пасля забароны шэрынгу пароляў
Па тэме
Танны Netflix скончыўся. Стрымінг здзівіў усіх ростам падпісак пасля забароны шэрынгу пароляў
700 000 профіляў TikTok былі ўзламаныя ў Турцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Хто за гэтым стаіць?
700 000 профіляў TikTok былі ўзламаныя ў Турцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Хто за гэтым стаіць?
Па тэме
700 000 профіляў TikTok былі ўзламаныя ў Турцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Хто за гэтым стаіць?
Сысці ці застацца: колькі бігтэх выдаткоўвае на офісы ў Нью-Ёрку
Сысці ці застацца: колькі бігтэх выдаткоўвае на офісы ў Нью-Ёрку
Па тэме
Сысці ці застацца: колькі бігтэх выдаткоўвае на офісы ў Нью-Ёрку

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

1

Интересно написано.
Николай, это ваш текст?