Заснавальнік Oracle: «Людзі будуць лепей паводзіцца пад наглядам АІ-сістэм»
Сузаснавальнік Oracle Лары Элісан мяркуе, што штучны інтэлект пакладзе пачатак новай эпосе відэаназірання і што дзякуючы гэтаму «людзі будуць паводзіцца найлепшым чынам».
Такія заявы мільярдэр зрабіў у часе справаздачы перад інвестарамі Oracle на сходзе яе фінансавых аналітыкаў на мінулым тыдні. Там ён падзяліўся сваім бачаннем перспектыў сродкаў відэаназірання на базе АІ.
Элісан адзначыў, што ў будучыні АІ будзе выкарыстоўвацца для пастаяннага адсочвання і аналізу даных з буйных сістэм відэаназірання, напрыклад, з камер бяспекі, нацельных камер паліцэйскіх, камер дзвярных замкоў і бартавых камер аўтамабіляў.
«Будзе ўстаноўлены нагляд. Кожны паліцэйскі ў любы момант часу будзе пад наглядам, а калі ўзнікне праблема, АІ паведаміць пра яе правільнаму чалавеку. Грамадзяне будуць паводзіцца найлепшым чынам, бо мы будзем пастаянна запісваць і дакладваць пра ўсё, што адбываецца», — сказаў прадпрымальнік.
Таксама ён лічыць, што АІ заменіць паліцэйскія аўтамабілі ў гонках пераследу на высокіх хуткасцях — дастаткова толькі запусціць дрон, які будзе пераследваць патрэбную машыну. Ці будзе запіс транслявацца ў жывым эфіры ў навінах, ён не ўдакладніў.
На мінулым тыдні Элісан заняў чацвёртае месца ў спісе самых багатых людзей свету паводле версіі Bloomberg. Яго багацце дасягнула $181 млрд.
Читать на dev.by