«Свядомы эмігрант 2016». +1 гісторыя з парадамі пра Польшчу

Яшчэ адзін мігрант старой хвалі расказвае, як уладкаваўся ў Польшчы, і дае парады пачаткоўцам.

26 каментарыяў


Наш падпісант пераехаў у Варшаву ў 2016 годзе, адпрацаваўшы размеркаванне пасля ВНУ і не атрымаўшы оферу мары (не ІТ!) у Беларусі. У новай краіне спачатку яму нават інтэрната не дасталася. Даводзілася сумяшчаць магістратуру з працай кур’ерам. Цяпер ён усім задаволены: бізнэсам, сям’ёй, кватэрай. Расказвае, як усё атрымалася, і раздае бясплатныя парады.

— Я б апісаў сябе як усвядомленага эмігранта ўзору 2016 года, калі ў Беларусі агулам спакойна («стабільна», калі жадаеце), тым не менш унутранае адчуванне падказвае, што можна пашукаць нешта лепшае.

Парада: заўсёды можна і трэба імкнуцца да нечага лепшага. 

Для мяне 2016 год — гэта халастое вясёлае жыццё з перспектывай развіцця ў дзяржарганізацыі. Пасля бакалаўрыяту («фінансы і крэдыт») тры гады адпрацаваў у дзяржбанку. Апошні год перад пераездам рэгулярна хадзіў на сумоўі ў сваім горадзе і перыядычна ў Мінску, але ніводнай прапановы з фінансавых меркаванняў так і не прыняў.

Я ў 2024 годзе — паспяховы прадпрымальнік, грамадзянін, муж і бацька, уладальнік уласнай кватэры ў Варшаве. 

Акно магчымасцяў

Стаў шукаць варыянты далейшага развіцця і высветліў, што беларуская адукацыя даволі няблага каціруецца за мяжой (раней я моцна ў гэтым сумняваўся). Так я вырашыў паступіць у магістратуру Варшаўскай школы эканомікі (SGH), для чаго давялося здаць уступны экзамен на польскай.

Факт: згодна з працоўным кодэксам Польшчы, пераклад працоўнай кніжкі і дыплома замежнай ВНУ дадаюць дні адпачынку сапраўды гэтак жа сама, як і дакументы, атрыманыя ў Польшчы.

Так, вышэйшая адукацыя +2 гады стажу па працоўнай дамове ў Беларусі дадаюць 6 дзён да базавага адпачынку з 20 працоўных дзён.

Матывацыя 

Варшаву я выбіраў праз універсітэт і некалькі знаёмых, якія там ужо пражывалі. У той момант план быў такі: аформіць сацыяльную стыпендыю, пасяліцца на першы час у інтэрнаце і шукаць працу па меры пашырэння слоўнікавага запасу. 

Парада: калі самастойнае вывучэнне польскай мовы стамляе, а хадзіць на курсы няма жадання/часу/магчымасці, можна глядзець польскі кантэнт на ютубе на любімыя тэмы — слоўнікавы запас дакладна папоўніцца. Можна ладзіць дні польскай мовы: напрыклад, кожную нядзелю размаўляць з блізкімі на польскай (слова, якога не стае, заўсёды можна падгледзець у тэлефоне). Не спрабуючы загаварыць на польскай, дакладна не загаворыш. 

Пераезд і перспектыва

Такім чынам, ішоў верасень 2016-га. Паспяхова залічаны на вучобу студэнт без інтэрната (там ішоў рамонт) арандуе паўпакоя, ездзіць на метро, закупляецца ў «Бедронцы» і шукае крыніцу даходу. 

На той момант часу я не прэтэндаваў на стабільную працу 40 гадзін на тыдзень, а шукаў хутчэй падпрацоўку, каб сумяшчаць яе з вучобай. На шчасце, прадметы і выкладчыкаў ва ўніверсітэце мы выбіралі самастойна, загадзя ведаючы іх расклад — гэта вялікі плюс вучобы ў SGH.  

Для пошуку працы лепш за ўсё падышоў сайт olx. Пасля месяца не вельмі актыўнага і тыдня вельмі актыўнага пошуку мне прапанавалі дзве працы па дастаўцы ежы. На адной трэба было дастаўляць азіяцкую ежу з ларка на базары, на другой — комплексныя абеды. 

Абодва працадаўцы давалі свой транспарт, аплата была пагадзінная (для 25-гадовага студэнта без сур’ёзных забавязанняў нядрэнна). Прапрацаваўшы так паўтара месяца (ах так, яшчэ былі здымкі ў масоўках — на фэйсбуку шмат груп, дзе рэгулярна шукаюць людзей за дзённую аплату, на той момант каля 80-100 зл), я зрабіў прыгожае CV і пачаў шукаць працу па спецыяльнасці («фінансы і ўлік»). Даволі беспаспяхова. 

Мая першапачатковая стратэгія была: знайсці польскую фірму, адправіць рэзюмэ на польскай, пачаць працу. 

Парада: рэзюмэ лепш складаць пад канкрэтную вакансію, падкрэсліваючы свае моцныя бакі, якія адпавядаюць патрабаванням. Гэта ўтомна, але нашмат прадукцыйней рэдагаваць CV, чым пастаянна атрымліваць адмовы.

Змена стратэгіі

Пасля месяца беспаспяховых пошукаў мая стратэгія змянілася на: знайсці замежную фірму, адправіць рэзюмэ на англійскай, пачаць працу. Выходзіла лепш, але стабільнай працы мне так і не прапанавалі. 

Дапамог… кірмаш вакансій, або Absolvent talent days, якія праходзяць двойчы на год, думаю, ва ўсіх ваяводскіх гарадах. Я бываў на такіх у Беларусі і не чакаў чагосьці асаблівага ад варшаўскіх, а дарма.

Наведаўшы кірмаш (і сабраўшы калекцыю штодзённікаў на некалькі гадоў наперад), я адправіў каля 100 рэзюмэ на канкрэтныя вакансіі стажыровак у буйных міжнародных карпарацыях. Пасля чарговага сумоўя мне прапанавалі двухмесячную стажыроўку на umowa zlecenie.

Так я кінуў дастаўку і прыняў аферту прыязджаць на чатыры гадзіны на дзень у офіс адпраўляць электронныя лісты, есці яблыкі і разбірацца ў тонкасцях функцыянавання транснацыянальных карпарацый. 

Жораў у рукаве ці як там

Змена стратэгіі дала плён, але трэба было думаць на перспектыву. Разумеючы, што стажыроўка неўзабаве скончыцца, я накідаў тры планы дзеянняў: 

1) Зарэкамендаваць сябе падчас стажыроўкі, знаёміцца з калегамі і рэкамендавацца на адкрытыя вакансіі ўсё ў той жа карпарацыі.

2) Працягнуць вывучаць вакансіі і адпраўляць рэзюмэ, маючы дадатковы карпаратыўны вопыт.

3) Чакаць адказаў па раней высланых рэзюмэ (дарэчы, некаторыя фірмы ператэлефаноўвалі праз 2-3 месяцы — гэта «нармальна»).

Першы варыянт выявіўся самым прадукцыйным. Пры канцы 2016 года, пасля ўнутранага сумоўя, мне прапанавалі працу малодшым бухгалтарам з веданнем рускай мовы ў той жа кампаніі (аперацыйная праца для карпаратыўнай «дачкі» ў РФ). 

Было дзіўна знайсці працу на рускай мове, але, выяўляецца, многія карпарацыі праходзяць стандартны шлях развіцця: спачатку кансалідацыя працэсаў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а далей — перадача іх на аўтсорсінг у краіны з ніжэйшым коштам працы (часцей за ўсё, у Індыю). 

Парада: выкарыстоўвайце магчымасці па максімуме. Кірмашы вакансій, дні адчыненых дзвярэй, сайты з вакансіямі, сайты карпарацый (важна!), стажыроўкі, фонды для беспрацоўных, датацыі і крэдыты для адкрыцця бізнэсу, бясплатная адукацыя — магчымасцяў мора. І пакуль ты іх не выкарыстоўваеш, імі карыстаецца хтосьці іншы. 

Не атрымліваецца з працай на польскай мове — можна шукаць на англійскай/рускай/беларускай і г. д. Не атрымліваецца знайсці працу на поўную стаўку — можна на паўстаўкі. Не спрацоўвае рассыланне па 100 рэзюмэ на дзень — праверце, а ці дакладна з рэзюмэ ўсё як мае быць  і на яго зверне ўвагу рэкруцёр (не патэнцыйны начальнік).

Не атрымліваецца знайсці працу — адказам могуць быць spółka, działałność або samozatrudnienie.

Кар’ерны рост

Змяніўшы тры карпарацыі, я прасунуўся да менеджара каманды з 30 чалавек, пасля чаго пусціўся ў вольнае плаванне. Цяпер у мяне свой бізнэс, я крэдытны брокер. Дзесьці прачытаў, што працаваць у карпарацыі — гэта як плыць у чоўне па плыні: можна веславаць, а можна проста сядзець і назіраць за плынню, якія выносяць вас да вадаспаду.

Парада: можна адпраўляць рэзюмэ ў буйныя рэкрутынгавыя фірмы (People, Michael Page і г. д.) загадзя, каб па меры з’яўлення адпаведных вакансій з вамі маглі звязацца. Суправаджальны ліст — гэта неабавязковы, але добры спосаб дадаць сабе ачкоў у вачах наймальніка. Не спыняйцеся пасля адмовы. Адмова сёння не значыць, што не варта падаць абноўленае рэзюмэ ў тую ж фірму праз Х тыдняў.

Іпатэка

Параўнаўшы кошт арэнды з плацяжамі па крэдыце, я вырашыў вывучыць мясцовы рынак і ўвязацца ў кабалу крэдытавання. Першапачаткова шукаў другаснае жытло, але, атрымаўшы не зусім жаданы вопыт камунікацыі з рыэлтарамі (прашу не закідваць камянямі), перайшоў да пошуку жытла напрамую ад забудоўшчыка. 

З рыэлтарамі проста не было ўпэўненасці ў тым, што яны працуюць у маіх інтарэсах. Калі кватэра з рамонтам, то іх аргумент для куплі — «класна, не трэба рабіць рамонт», калі кватэра без рамонту: «Супер, зробіце рамонт пад сябе». 

Канчатковы выбар зрабіў на карысць першаснага жытла (ключы чакаў каля года ад моманту падпісання папярэдняй дамовы), бо цана была ніжэйшай за другасны рынак, бо не бабушатнік + з’явіўся дадатковы час назбіраць грошай для рамонту.

Парада: не спяшацца. Важныя рашэнні прымаюцца ўзважана. Знайсці рыэлтара, які будзе працаваць у вашых інтарэсах як пакупніка, а не ў інтарэсах прадаўца.  

Пасля куплі жытла раю афармляць зніжкавыя карты (Castorama, Leroy Merlin і г. д.) — гэта дазволіць зэканоміць на рамонце. У астатнім --ніхто акрамя вас асабіста не адкажа на пытанне, якія ў вас магчымасці, патрэбы і які варыянт для вас бліжэйшы (арэнда, іпатэка і г. д.).  

Сям’я

У нашай з жонкай гісторыі ўсё банальна: праграма для знаёмстваў, пандэмія, закахаліся нават з маскамі на тварах, агульныя інтарэсы, агульныя мовы.

Яна — украінка, не грамадзянка РП. Суд для атрымання дазволу на шлюб доўжыўся некалькі месяцаў. Нічога экстраардынарнага, стандартны працэс па інструкцыі з інтэрнэту. Чарга на шлюб у Варшаве была занадта доўгай, але невялікі населены пункт на ўсходзе краіны вырашыў пытанне за пару дзён.

Пра асабістае жыццё ў эміграцыі: важна самому зразумець і разабрацца, чаго хочаш. Мне не блізкая канцэпцыя вечных пакут праз няўдалых партнёраў — мне бліжэйшая ідэя: не хочаш пакутаваць — не пакутуй, а рабі. Праграмы для знаёмстваў, сустрэчы па інтарэсах, знаёмыя, вуліца, у рэшце рэшт — у любым самым нечаканым месцы можна сустрэць свайго чалавека, пытанне толькі, а ці хочаш ты гэтага.

Ужонды і ўжонднікі

Нашае ўлюбёнае. Маючы вопыт атрымання дзвюх карт побыту, адной адмовы па грамадзянстве, аднаго станоўчага рашэння па грамадзянстве, замены пасведчання кіроўцы, іпатэкі, адкрыцця JDG, настрыфікацыі дакументаў, umiejscowienia дакументаў, аднаго судовага пазову і апеляцыі, я зразумеў галоўнае:

кожны адміністрацыйны орган можа інтэрпрэтаваць законы па-свойму, але важна не разлічваць, што ўжонднік знае закон у поўнай меры — будзьце гатовыя ўнесці свой контраргумент са спасылкай на пункт закону.

Не атрымліваецца ў гэтым ужонде — ідзіце ў іншы (нават калі гэта прыгарад або іншы населены пункт), магчыма, там акажуць паслугу хутчэй/эфектыўней.  

Парады:

1) Няхай ePUAP (той самы, праз профіль зауфаны) стане вашым інструментам па змаўчанні. Дакументы (у тым ліку wnioski), адпраўленыя праз ePUAP, маюць такую ж сілу, як і дакументы, адпраўленыя поштай (так-так, і ў выпадку з картай побыту таксама). На партале захоўваюцца ўсе копіі, так што заўсёды можна спаслацца на нумар і дату дакумента.  

2) На ZUS.pl можна праверыць свае сацыяльныя адлічэнні і будучую пенсію. У маім выпадку выявілася, што адлічэнні ад першага працадаўцы рабіліся па нумары пашпарта, а ўсе наступныя — па нумары PESEL. Прыйшлося пісаць wniosek, каб аб’яднаць два асабовыя рахункі ў адзін.

3) Суды могуць праходзіць у спрошчанай форме (суддзі самі разгледзяць справу без вашай прысутнасці, калі вы пазначыце гэта ў заяве). Дакументы можна адпраўляць у электронным выглядзе, рашэння чакаць па некалькі гадоў. Самастойна разабрацца ў гэтым рэальна (па шаблонах заяў з інтэрнэту).  

Падарожжы і натхненне

Без гісторыі, толькі парада: Падарожнічайце! Гэта сапраўды адкрывае новыя магчымасці, дазваляе зірнуць на паўсядзённыя рэчы пад іншым вуглом, асвяжыць мысленне, вывучыць свет і сябе асабіста. Гэта натхняе. Пра бюджэтныя авіялініі вы і так усё ведаеце.

Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар
Па тэме
Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар

Читать на dev.by