«Бацька інтэрнэту» перасцярог ад інвестыцый у АІ-чатботы
Хайп вакол чатботаў накшталт ChatGPT і Google Bard насцярожвае Вінтана Грэя Сёрфа, які лічыцца адным з «бацькоў інтэрнэту» і некалі быў віцэ-прэзідэнтам пошукавага гіганта. На яго думку, інвестарам не варта весціся на «залатую ліхаманку» вакол АІ і паспешліва ўкладвацца ў праекты ў гэтай сферы толькі таму, што сёння яны такія крутыя і раскручаныя. Пра гэта ён сказаў на адной з канферэнцый у Маўнцін-В’ю ў Каліфорніі.
Таксама Сёрф лічыць, што перш ніж інвеставаць у тэхналогію, варта задумацца пра «этычны бок» АІ-чатботаў.
«Цяпер толькі і размоў што пра ChatGPT або яе версіі ад Google, і мы ведаем, што яны не заўсёды працуюць так, як нам бы хацелася», — адзначыў Сёрф. Ён прывёў у прыклад, як папрасіў аднаго з чатботаў выдаць яго біяграфію, і ў адказе ўтрымліваліся памылкі.
Сёрф дадаў, што людзям трэба памятаць, што некаторыя карыстальнікі не заўсёды маюць чыстыя намеры і «будуць імкнуцца рабіць тое, што ў іх інтарэсах», таму інвестары мусяць задумвацца пра тое, як выкарыстоўваюцца гэтыя тэхналогіі.
«Калі вы думаеце: „я магу прадаць гэта інвестарам, бо гэта гарачая тэма, і ўсе закідаюць мяне грашыма“, — не рабіце гэтага. Будзьце разважлівымі. Мы сапраўды не заўсёды можам прадказаць, што адбудзецца з гэтымі тэхналогіямі, і, калі шчыра, праблема ў асноўным у людзях — таму мы, людзі, не змяніліся за апошнія 400 гадоў, не кажучы ўжо пра апошнія 4000 гадоў», — мяркуе Сёрф.
Паводле яго слоў, адказнасць за выпраўленне памылак і зніжэнне верагоднасці таго, што тэхналогія будзе выкарыстаная ў злых мэтах, ляжыць на распрацоўшчыках.
Читать на dev.by