У гульцоў праблемы з падтрымкай праз сыход Wargaming? Кейс: узламалі і прадалі танкі

Гулец у танкі Ягор (Беларусь) паскардзіўся dev.by на тое, што яго рахунак на WoT Blitz узламалі. Ён паспрабаваў вырашыць праблему з дапамогай службы падтрымкі, але ў кампаніі не рэагуюць на паведамленні — спасылаюцца на падзел Wargaming і Lesta Games, просяць напісаць пазней. 

1 каментарый

Ягор расказаў, што праблемы пачаліся яшчэ ў чацвер 6 кастрычніка — ён заўважыў, што ўпала статыстыка перамог і збіліся гульнявыя налады. Гульца пачало выкідваць з акаўнта. Пакуль суразмоўца dev.by раз-пораз спрабаваў увайсці ў гульню, «узломшчык распрадаў шэсць калекцыйных танкаў 10-га ўзроўню і накупляў усялякага хлам’я ў гульнявой краме».

— Асноўны ўнутраны гульнявы рэсурс WoT Blitz — золата. Яго можна купіць або атрымаць за прагляд рэкламы ў гульні (10 — за 1 ролік, за суткі можна паглядзець 5 ролікаў). І вельмі рэдка — здабыць, адкрываючы бясплатныя кантэйнеры, — тлумачыць гулец. — Адзін калекцыйны танк 10 ўзроўню пры продажы каштуе 7,5 тысяч золата, а калі купляць у гульнявой краме, то 20-25 тысяч золата. Я два танкі купіў на распродажах, яшчэ чатыры — выпала ў розных актыўнасцях, і гэта ўсё дабро, што я назбіраў за 4 гады.

Ягор змяніў пошту і пароль у сваім акаўнце, але зранку ў пятніцу ўбачыў, што ў 7:20 хтосьці зноў заходзіў у яго гульню — з Узбекістана.

— Я напісаў у цэнтр падтрымкі, мне адказалі, што ў іх ідзе падзел Lesta Games і Wargaming і звязаны з гэтым перанос акаўнтаў — звяртайцеся пазней.

Ягор спісаўся з карыстальнікам з Узбекістана. Той паведаміў, што рахунак выставілі на продаж — і ён купіў яго. Перапіска ў асноўным складаецца з абраз на адрас Ягора.

Суразмоўца dev.by паспрабаваў вярнуць кантроль над акаўнтам з дапамогай мадэратара WoT Blitz і яго парад — гэта яму не ўдалося. «Штосьці шкоднае замінае».

Ён адправіў яшчэ некалькі паведамленняў у кампанію, і атрымаў аднолькавыя аўтаматычныя адказы: «працэс падзелу Lesta Games і Wargaming выйшаў на фінальную стадыю», але «праз тэхнічныя работы» апрацаваць заяўку не могуць. Ягору парэкамендавалі стварыць новую заяўку пасля 6:00 12 кастрычніка.

Мы спыталіся ў кампаніі, чаму не ўдалося змякчыць пераходны перыяд для гульцоў і калі падтрымка вернецца ў звычайны рэжым функцыянавання — апублікуем адказ, як толькі атрымаем.  


На пачатку красавіка Wargaming заявіла, што закрывае бізнэс у Беларусі і Расіі і перадае яго ў лакальнае кіраванне расійскай гульнявой кампаніі Lesta Studio.

Кампанія «Гейм Стрым» (былая юрыдычная асоба Wargaming у Беларусі) ад пачатку верасня перайшла ў поўную ўласнасць да расійскага ТАА «Леста». Асноўным уласнікам гэтай кампаніі з’яўляецца расійскі бізнэсовец і топ-менеджар Wargaming Малік Хатажаеў (99%). У ліпені ён стаў і асноўным уласнікам «Гейм Стрым» (91,84% долей) пасля таго, як Wargaming прадала бізнэс у Беларусі.

Wargaming продал бизнес в Беларуси и России. Успел до запрета
По теме
Wargaming продал бизнес в Беларуси и России. Успел до запрета
Послесловие. Что сотрудники думают о том, как уходит WG 
По теме
Послесловие. Что сотрудники думают о том, как уходит WG

Читать на dev.by