Пераказаць грошы. Якія опцыі яшчэ адкрытыя для Беларусі
Намінальна тыя ж, што і летась. Але рэальных магчымасцей робіцца ўсё менш.
Магчымасцей для грашовых пераказаў паміж Беларуссю і замежжам усё менее, а самі пераказы ўсё даражэюць. Апошняя ўцеха — недарагія пераказы ў InSync — змеркнула пасля трохразовага падаражэння на пачатку красавіка.
dev.by паглядзеў, якія шляхі засталіся пераказаць грошы з Беларусі і назад.
SWIFT-пераказы
Гэтая магчымасць і так кульгала на абедзве нагі пасля ўвядзення санкцыйных абмежаванняў, а цяпер яна яшчэ і вельмі дарагая. Расцэнкі і ліміты выглядаюць так, быццам іх адзіная мэта — адбіць у кліентаў усялякае жаданне карыстацца паслугай міжнародных пераказаў. Хоць у банках спасылаюцца на складаную абстаноўку з замежнымі карэспандэнцкімі рахункамі (іх не хочуць адкрываць для Беларусі) і на тое, што раней было вельмі танна.
Напрыклад, у БНБ мінімальная сума доларавага пераказу — 10 000 USD (нядаўна было 15 000 USD), камісія — 2% (мін.160 USD). Толькі для абраных краін умовы мякчэйшыя. Умовы для пераказаў меншых за 10 000 USD разглядаюцца індывідуальна.
У банку «Рашэнне» за свіфт у USD возьмуць 2%, мінімум 160 USD + 150 USD, за свіфт у EUR возьмуць 2%, мінімум 160 EUR + 80 USD + 15 EUR + камісія ў залежнасці ад сумы пераказу.
У Прыёрбанку пры адпраўцы RUB і «каляровых» (так называюць тут усё, што не долар/еўра/рубель) мінімальны ліміт — 10 000 USD у эквіваленце. Пры гэтым USD і EUR адправіць няможна. Дый з атрыманнем USD, здаецца, намячаюцца праблемы. Ад 26 красавіка тарыф знізіцца ад 2% да 0,5% (мін. — 50 BYN), аднак даступных «каляровых» валют няшмат: злоты, фунт стэрлінгаў, шведская крона, швейцарскі франк, кітайскі юань, тэнге.
У некаторых банках расцэнкі пазначаныя з паметкай «неактуальна», там складана дазнацца нават магчымых напрамкаў пераказаў. Напрыклад, у БСБ падтрымка паведамляе, што «магчымасць адпраўкі можна ўдакладніць толькі асабіста ў банку з рэквізітамі атрымальніка».
Падобным чынам адказваюць і ў некаторых іншых банках. Такое ўражанне, што плацежныя сістэмы там працуюць у ручным рэжыме і няма магчымасці сфармуляваць універсальныя правілы.
P2P-пераказы (з карты на карту)
Пакуль працуюць. Калісьці яны здаваліся даволі дарагімі для адпраўкі вялікіх сум у параўнанні з невялікай фіксаванай камісіяй SWIFT, цяпер у іх усё больш сэнсу. Камісія на баку беларускіх банкаў у ролі адпраўніка — 1-2,5% (можа быць яшчэ і камісія на баку атрымальніка), гэта нямала, затое вынік бачны адразу, і грошы не завіснуць на рахунку банка-карэспандэнта.
KoronaPay (яна ж «Залатая Карона»)
Расійскі сэрвіс, адпаведна геаграфія яго істотна абмежаваная. На сайце БСБ абяцаюць адправіць пераказ у В’етнам, Грэцыю, Ізраіль, Іарданію, Кітай, Паўднёвую Карэю, Непал, Румынію, Турцыю, Абхазію, Азербайджан, Грузію, Казахстан, Кыргызстан, Малдову, Расію, Таджыкістан, Узбекістан. Ёсць нюанс: перад адпраўкай доларавага пераказу трэба ўдакладніць у банку наяўнасць валюты: «На рахунку „Залатой Кароны“ можа не быць долара для адпраўкі». Калі не атрымаецца зрабіць пераказ на імя атрымальніка ў патрэбную краіну, можна паспрабаваць адправіць грошы на ягоную карту (з дапамогай усё той жа «кароны»). Карацей, усё вельмі зыбка.
З «Залатой каронай» працуюць таксама Тэхнабанк, РРБ, БТА Банк. Ёсць абмежаванні па сумах. Камісія — 1-1,5%, пры адпраўцы грошай у Расію — ад 0,5%.
Некаторыя банкі папярэджваюць, што выдача пераказаў, адпраўленых з дапамогай «Залатой кароны», ажыццяўляецца толькі ў расійскіх рублях па курсе канвертацыі «Залатой Кароны».
Краін, з якіх можна адправіць грошы ў Беларусь, менш. РРБ называе Грузію, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Расію, Узбекістан, Малдову.
Юністрым
Яшчэ адзін расійскі сэрвіс з усімі вынікамі. Ад ліпеня 2022 года атрымаць можна толькі пераказ, адпраўлены ў RUB. Пераказы ў іншых валютах не выплацяць. Адправіць грошы можна толькі ў абмежаваную колькасць краін, з папулярных у беларусаў хіба што Грузія, Казахстан, Узбекістан.
MoneyGram
Амерыканская Сістэма імгненных грашовых пераказаў. Даступная, напрыклад, у «Тэхнабанку». У тэорыі ахоплівае 170 краін свету, аднак, каб удакладніць, ці дойдзе пераказ у патрэбную вам краіну, трэба ісці ў аддзяленне.
Ліміт для адпраўкі і атрымання — 8000 долараў на месяц на аднаго чалавека як на адпраўку. Калі адпраўляць 8000 долараў, камісія складзе 300 долараў.
Paysend
Сэрвіс скампраметаваў сябе вясной 2022 года, калі пералічыў абменны курс па ўжо праведзеных плацяжах і спісаў з карт кліентаў грошы (большасці ўдалося адбіць спісанае назад). Аднак многія ім па-ранейшаму карыстаюцца для пераказаў у Беларусь, напрыклад, з Польшчы. З плюсаў — нізкая камісія і, магчыма, выгадны курс канвертацыі на момант плацяжу, з мінусаў — магчымы перагляд курса і спісанні ў будучыні.
Пераказаць з дапамогай Paysend
Fin.do
Яшчэ адзін сэрвіс, які дазваляе рабіць пераказы ў Беларусь і назад у розных валютах. Ім актыўна карыстаюцца беларусы ў Польшчы. Што праўда, дарагі — 3,2%.
МТС.Грошы
Пасуе для залічэння невялікіх сум. Да 499 BYN. Без камісіі. Залічэнне адбываецца як папаўненне балансу МТС з банкаўскай карты. З мінусаў: пасля некалькіх плацяжоў, паводле водгукаў карыстальнікаў з Польшчы, сістэма блакуе плацяжы.
Вы выдаткавалі на гэты матэрыял дзве хвіліны. Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by