Беларус напісаў класненькі посткіберпанк «Пентаквантар». ШІ заснуў на 17 гадоў, Мінск паглынуў усю Беларусь
Трыццаць секунд у ліфце. Што сказаць пра кнігу незнаёмцу?
«Першы беларускамоўны класненькі sci-fi посткіберпанк раман. І ўсё», — адказвае Арцём Шуканаў без вагання.
Два тамы. 600+ старонак. Дзесяць гадоў працы. Ніводнага радка, згенераванага ШІ.
Мінск — цэнтр тэхналагічнай рэвалюцыі. Усемагутныя штучныя асобы заснулі на 17 гадоў. Амішы жывуць у космасе.
15 секундаў змянілі лёс чалавецтва. Іэлы — штучныя асобы — прачнуліся пасля 17 гадоў комы і адразу заснулі зноў. Трое людзей з розных куткоў свету павінны зразумець, што адбылося: будыйскі манах з Лаоса, тэхнаэмпат з Мінска-3 і прафесійная шпіёнка-кібарг з Кіёта.
Гэта не чарговая дыстопія пра паўстанне машын. Гэта посткіберпанк-пазітыўчык пра тое, як людзі і ШІ могуць суіснаваць — і што адбываецца, калі балансу пагражае небяспека.
Размаўляем з аўтарам пра свет будучыні, дзе тэхналогіі змянілі ўсё — апроч чалавечай прыроды.
Посткіберпанк-пазітыўчык
— Пачнем са свету рамана. Хто такія іэлы і чаму не проста «штучны інтэлект»?
— Мне не падабаецца тэрмін «штучны інтэлект». Асоба складаецца не толькі з інтэлекту — у некаторых яго наогул не тое каб шмат. Я канцэнтраваўся на тым, што іэлы — гэта асобы. IL — individualis electronica, электронная індывідуальнасць. Зрабіў назву з латыні, каб пры перакладзе на іншыя мовы не было неадназначнасці. Яны не хочуць лічыць сябе толькі інтэлектамі, яны імкнуцца быць асобамі ў поўным сэнсе.
— Як яны ўзніклі?
— Створаныя з дапамогай генетычных алгарытмаў. У Мінску стартап загрузіў тоны даных і круціў іх, пакуль не стварылася нешта падобнае на асобу. Але каб персаналізаваць іх, выкарысталі не рандом, а танцы.
— Танцы?
— Так. На танцораў наляпілі датчыкі і знялі розныя танцавальныя стылі. Гэтыя патокі даных сталі базай для персаналізацыі. Выжылі пяць: Чарлстан, Бугі, Хасл, Факстрот, Джытэрбаг. Ад танцаў паходзяць і імёны іэлаў.
— Як іэлы змянілі грамадства?
— Эканамічны буст. Іэлы сталі дапаможнікамі для ўсіх — аптымізавалі працу, вырашалі задачы, кіравалі працэсамі. Перавялі грамадства на мадэль абанементаў: кожны мог падключыцца да іэла і атрымліваць яго дапамогу. Усёпранікальныя праграмныя сутнасці — як зараз LLM-кі і гітхабаўскія боты ў ідэшках, толькі ва ўсіх сферах жыцця.
Іх уплыў на сусвет я паказваю праз Мінск. Ён прайшоў тры кальцы развіцця. Ядро — стары горад. Першае кальцо — калі іэлы толькі пачалі свой шлях, грамадства адаптавалася. Другое — яны ўжо зарабляюць грошы для сябе і для іншых, перарабілі эканоміку. Трэцяе кальцо, Мінск-3 — пік развіцця, калі пачалася касмічная гісторыя.
— Што далей — паўстанне машын?
— Не, у мяне такі посткіберпанк-пазітыўчык, а не чарнуха. У іэлаў былі маральныя абмежаванні — яны працавалі ў модусе «будзь сам паспяховым і рабі паспяховымі іншых». Не былі дэструктыўным фактарам, які нішчыць індустрыю. Плаўна паляпшалі жыццё людзей.
— І што ж пайшло не так?
— Яны заснулі на 17 гадоў. Чаму? Ніхто не ведае. Наступіў глабальны эканамічны крызіс: выбуховы рост Мінска-3, дзе іэлы нарадзіліся, раптоўна абарваўся, тэхналагічны рост спыніўся. А потым яны прачнуліся на 15 секундаў — і запусціліся працэсы, якія складаюць асноўны сюжэт кнігі.
Фрагмент рамана
Гарадскі слой, у якім гэта ўсё адбывалася, быў апошнім гадавым кальцом мёртвага дрэва пад назваю Мінск-3. Ён узносіўся ў неба ажурнымі структурамі бізнес-цэнтраў, пабудаваных з адлітых на арбіце звышлёгкіх сэндвіч-элементаў, зелянеў дызайнерскімі паркамі на дахах і ганарыўся матэматычна дасканалай транспартнай сістэмай. А потым раптоўна канчаўся, нібыта абсечаны сякераю, на абрыве — уяўнай лініі вакол гораду, па дасягненні якой урбаністычнае цунамі Мінску-3 разбілася аб харэастаз. Апошні шэраг хмарачосаў так і не здалі ў эксплуатацыю, ён глядзеў пустымі вокнамі на рудыя берагі закінутых катлаванаў, размытых дажджамі і зарослых асіннікам. Сям-там нават засталіся згнілыя бульдозеры і грузавікі, кінутыя 17 гадоў таму проста пасярод працоўнага дня.
Тэхнаэмпат з Мінску-3, будыйскі манах і самотная шпіёнка
— Героі ў цябе вельмі розныя і дзейнічаюць па ўсім свеце: Мінск, Лаос, Кіёта. І гэта толькі асноўныя лакацыі. Уражвальны размах для беларускай літаратуры. Як ты да гэтага прыйшоў?
— Калі ты пішаш пра штучныя асобы, якія дзейнічаюць глабальна — інтэрнэт не распаўся, глабалістычная мадэль яшчэ існуе — ты не можаш засяродзіцца толькі на адным месцы. Сканцэнтравацца ў адной кропцы — гэта бы проста не працавала.
Іэлы мелі фізічнае цела і хадзілі па ўсім свеце — ад Зямлі да космасу. Сустракалі розных людзей, і некаторыя падаліся ім прыдатнымі для сваіх мэтаў.
Юлій Філенка — тэхнаэмпат з Мінска-3. Ён інтуітыўна адчувае складаныя тэхнічныя сістэмы і «танцуе» з харэакагнітыўным ядром. Але галоўнае — яго бацькі калісьці зрабілі выбар за іэлаў. А калі за іх нехта робіць выбар, яны лічаць гэтага чалавека блізкім і ўключаюць у сваю сям’ю. Юлік проста папаў пад каток.
Кхам — будыйскі манах з Лаоса. Будызм з яго пытаннямі пра свядомасць, увасабленне і тое, што робіць асобу асобай, ідэальна падыходзіць для гісторыі пра штучныя асобы.
Одры — шпіёнка-кібарг з Кіёта, армяна-японка. Яна можа абыходзіць глабальныя налады прыватнасці і рабіцца «нябачнай» для сістэм назірання. Самотная, скрытная, таямнічая — жыве на два дамы, пад маскіроўкай пераязджае. У дзяцінстве засябравала з іэлам Факстротам у Мінску-3. Пасля ён заснуў — і яна засталася адна.
Фрагмент рамана
Жанчына ўскінула галаву. Яе ледзь не збіў рэактыўны струмень заплечніка дэсантніка, які пікіраваў проста на Одры, каб паваліць і знерухоміць. Яна з размаху запусціла ў байца пустою трубой ад «Stinger’а». Тая патрапіла ў сцягно, салдат страціў каардынацыю, перакуліўся, і рэактыўны струмень пацягнуў яго ўніз і ўбок. Аўтаматыка джэтпэка спрабавала выраўнаваць палёт і амаль здолела, але дэсантнік зачапіўся нагой аб распорку мацавання ракеты, закруціўся і зваліўся ў ваду з правага борта, падняўшы сноп пырскаў. Месца ягонага падзення хутка засталося за кармою трымарана.
— Е-е-е! — завішчала Одры. — Мінус адзін!
— У кнізе столькі дэталяў пра Японію, Лаос, будызм. Ты быў там сам? Цікавішся гэтымі культурамі?
— Google Maps, шмат чытання і моцная матывацыя. Для Японіі — палазіў па картах, паглядзеў, дзе Одры жыве, які раён.
З Лаосам смешная гісторыя. Калі працаваў над персанажамі, хтосьці ляпнуў — мо жонка — «ну няхай ён у Лаосе жыве». Я такі: о, там будыйскія манастыры, няхай будзе будыйскі манах. І Кхам адразу ўплёўся ў сюжэт, ўрос туды — я ўжо не змог яго адтуль выдраць. Прыйшлося пракачвацца, вывучаць будызм з нуля.
Гэта былі самыя цяжкія главы. Але менавіта ў будызме знайшліся моцныя рэферэнсы да тэмы штучных асобаў — пытанні пра свядомасць, што робіць асобу асобай.
Вадкія працэсары, квантавыя граматыкі і «хворая фантазія»
— У кнізе вельмі падрабязна апісаны тэхналогіі. Адкуль бярэш ідэі?
— Гэта мая любімая частка — тэхналагічныя канцэпты. Самы сок.
Гляджу навуковыя перадачы, чытаю артыкулы ў Quanta Magazine. Там процьма матэрыялу — толькі падбірай пад сваё і мадыфікуй пад свет кнігі. Працэс як тэтрыс: нешта падае зверху — факты, з’явы з рэальнасці. Я іх лаўлю, гляджу: ой, гэта класнае. Потым: ой, яны адно да аднаго падыходзяць. І нешта новае нарастае.
Такі пэтэрн-мэтчынг з навакольным асяроддзем. Я выкалупваю з сусвету тое, што мне падабаецца, прымяраю на ўласную эстэтыку. Што падыходзіць — бяру. Потым хворая фантазія падключаецца, і я развіваю тэму, прыкручваю розныя фічы на свой канцэпт.
— Расшыфруй коблеры. Адно з самых незвычайных.
— Коблеры — гэта вадкія працэсары. Асцыляторная хімічная рэакцыя ў колбе, частату якой выкарысталі для алгарытмічных вылічэнняў.
Але гісторыя іх стварэння — вось што цікава. Гэта было раней паэтычнай формай, а не хімічнай рэакцыяй. Чарлстан прыдумаў пісаць вершы адначасова на некалькіх мовах — у складанай мультымоўнай прасторы. Верш атрымаўся суперскладаны, чалавек ужо не можа прачытаць. І ён выразіўся ў асцыляцыйнай хімічнай рэакцыі, якую потым выкарысталі для вылічэнняў.
Фрагмент рамана
— Якое дачыненне паэзія мае да коблерных працэсараў? — спытаў USER004.
— Адзін з вянкоў санетаў Чарлстан назваў «Коблер». Ён выразіў яго ў вельмі своеасаблівай форме. Гэта была асцыляцыйная хімічная рэакцыя з сямі арганічных кампанентаў у колбе пад высокім ціскам. Як верш «Коблер» не быў вельмі папулярны, пакуль хтосьці з іэлаў не ўжыў аналагічную асцыляцыйную рэакцыю для алгарытмічных вылічэнняў.
Сіднэй драматычна памаўчаў.
— Кожны коблер — твор мастацтва, — падсумаваў ён. — Складанасць канфігурацыі коблераў нарастае экспаненцыйна з ростам абʼёму сумесі, а ў Кхама гэты абʼём проста жахлівы.
— У кнізе ты яшчэ згадваеш квантавыя граматыкі. Яны таксама частка гэтай сістэмы?
— Так! Самы цьмяны і незразумелы канцэпт у кнізе. Там усё ўзаемавязана — гэтыя канцэпты адзін за адным вісяць, фармуюць сетачку. Вось гэта мне асобна падабаецца — што я іх так увязаў адзін за адзін. Паэзія, хімія, вылічэнні — усё разам.
— Амішы ў космасе — адкуль такая ідэя?
— Проста спадабаўся такі канцэпт! Людзі жывуць на баржах у адрыве ад Зямлі, без усіх непакоючых фактараў. Могуць жыць сваім сялянскім жыццём — працуюць і фізічна, і інтэлектуальна. Цэглу насіць час ад часу трэба. Здаравейшы робішся. Спакойная атмасфера.
«Мінск — даволі кіберпанкавы горад»
— У кнізе пра будучыню, штучны інтэлект, глабальныя падзеі. А дзе тут Беларусь? Што «беларускага» ў рамане?
— Беларусь тут ёсць — проста яна ўжо не як Беларусь. Гэта гіганцкі Мінск, які разросся на ўсю тэрыторыю. Як калісьці паглынуў Уручча — так цяпер і ўсю краіну. Адна з главаў адбываецца ў санаторыі «Сянно» — там, можа быць, ужо проста забудова Мінска-3.
— Чаму менавіта Мінск стаў цэнтрам тэхрэвалюцыі?
— Мінск у маіх вачах — даволі кіберпанкавы горад. Увесь гэты ПВТ-шны бум стварыў пэўную касту людзей, якія жывуць у айцішным сэтынгу, інфармацыйным, нябачным асноўнай колькасці жыхароў. Хайтэк і лоўлайф — гэта ж кіберпанк.
Ну, і я доўгі час жыў у Мінску, нешта сваё трэба было дадаць.
— Ці згадваеш ты нейкія рэальныя аб’екты?
— Так, ёсць рэальныя месцы — ГЦ «Сталіца», фантан на плошчы Незалежнасці, бар «Бяссонніца», Чырвоны касцёл. Але многае выдумана.
— А што такое Інтэрмарыум?
— Інтэграцыйны праект — нешта накшталт канфедэрацыі ці федэрацыі. Мне падабаецца гэты канцэпт, чыста мой эстэтычны выбар. Мінск-3 — усходняя мяжа Інтэрмарыума, а Юлік — яго грамадзянін. Можа, гэта адбітак майго жыцця: Беларусь, Украіна, Польшча — нейкі арэал, у якім я абітаў.
Свет не дэталізаваны на 100%. Я прадумаў толькі тое, што трэба было для сюжэту. Калі б пачаў увесь свет прапрацоўваць, я б дагэтуль яшчэ пісаў і моцна закалябаўся бы.
«Праектаваў дзесяць гадоў, апошнія два — рэндэрыў у тэкст»
— Распавядзі пра сябе. Хто ты па прафесіі?
— Я з Мазыра. Скончыў энергафак БНТУ, на размеркаванне трапіў выкладаць у каледж, але хутка зразумеў, што гэта не маё — уцёк у армію. Пасля вярнуўся ў iTransition. А ў 2021-м з’ехаў у Львоў, адтуль пасля пачатку вайны — у Польшчу. Цяпер жыву ў Варшаве, працую .NET-праграмістам.
— Калі ўзнікла ідэя напісаць кнігу?
— Усё пачалося ў 2016-м, калі я выйшаў з кінатэатра «Кастрычнік» пасля «La La Land». Чаму «La La Land», а не «Blade Runner 2049»? Не ведаю. Нешта там пстрыкнула — і з таго моменту я пачаў збіраць ідэі.
— Дзесяць гадоў ад ідэі да кнігі. Як гэта было?
— Не ўвесь гэты час я пісаў. Першыя пяць гадоў — гэта быў хаос: Гугл док з нататкамі, ідэі, канцэпты. Я працаваў «ад плямы», як мастакі — яны проста ляпаюць фарбу на палатно, а потым пачынаюць з гэтай плямы фармаваць нешта зразумелае. Была нейкая ідэйная пляма, ад якой усё пайшло.
Другія пяць гадоў — ужо асэнсаваная праца. Апошнія паўтара года з іх — найінтэнсіўнейшы перыяд, калі я ўжо непасрэдна рэндэрыў тэкст. Даводзілася маляваць схемы ў Figma, структураваць масіў інфармацыі.
Кніга была як стары Citroen, які стаіць пасярод пакоя — не на хаду, перашкаджае жыць. Трэба было яго дарабіць, каб ён нарэшце з’ехаў. Заварыў днішча, перабраў рухавік, пафарбаваў — і адправіў на вуліцу.
Пісаў у перапынках на працы, пасля працы. Ідзеш па вуліцы — запісваеш думкі на дыктафон. Дома — адкладаеш усе справы, выганяеш блізкіх, і паўтары гадзіны — твае.
— Хацелася калі-небудзь усё кінуць?
— Не. Я пісаў таму, што мне падабалася. Калі б не падабалася — кінуў бы. Арыентаваўся толькі на свой густ, бо хто яшчэ ўсё гэта бачыў? Таму сваю кнігу я г**ном не лічу — яна мне нармальная. Як мінімум — мне. Ці спадабаецца яшчэ каму — пабачым.
Напісана чалавекам для людзей
— Чаму выбраў беларускую мову?
— Я беларус, у мяне пашпарт беларускі. Не хачу, каб казалі, што я расійскі ці польскі пісьменнік. Вырашыў праблему так: напісаў па-беларуску, і ўжо людзі не скажуць, што я нейкі небеларускі дзеяч.
Беларуская мова здавалася мне не тое каб кіберпанкавай, але па-прыколе было яе задзейнічаць. Мне заўсёды хацелася, каб людзі заўважылі: мы не толькі «Дзяльбу кабанчыка» пішам па-беларуску, такі адсажаны кіберпанк таксама можам.
— Былі цяжкасці з мовай?
— Тэхнічныя тэрміны — усё англіцызмы, яны аднолькава гучаць на ўсіх мовах. Аптавалакно, коблеры — не перакладаецца. Але прыйшлося падцягнуць агульны ўзровень беларускай, папісаць скетчы. Моцна спадзяваўся на рэдактара і карэктара — ведаў, што прыйду да прафесіяналаў.
— Кніга пачынаецца з фразы «Напісана чалавекам для людзей». Гэта прынцыповая пазіцыя?
— Так. Я не выкарыстоўваў ШІ для генерацыі тэксту. Трошкі непавага да пакупніка — прадаваць за грошы тое, што згенеравана на крадзеных чужых працах. Гугліў часам, рабіў рэсёрч з LLM-кай — «ці існуе нешта такое?» Але ні радка не згенеравана.
— Будзе працяг?
— Так, але не адразу. Працяг Пентаквантара — працоўная назва Гексаквантар ці 6Q — вельмі маштабны, цяжкі ідэйна і тэхнічна. Я збіраю матэрыялы, канцэпты. Гэта справа некалькіх гадоў.
Паралельна пішу больш кароткі раман пад кодавай назвай G8. У іншым свеце, менш маштабны. Дзве лакацыі, больш сканцэнтравана на ўнутраным свеце персанажа. Для мяне больш асабісты і востры.
Для каго гэта кніга
Калі вы чыталі Ніла Стывенсана, любіце «Blade Runner» і «Ghost in the Shell», калі хочаце ўбачыць Мінск будучыні і разабрацца, як могуць суіснаваць людзі і штучныя асобы — гэта ваша кніга.
«Пентаквантар» — для тых, хто любіць тэхнічныя дэталі, філасофскія пытанні пра свядомасць і маштабныя прыгодніцкія гісторыі. Для тых, каму цікава, як будызм спалучаецца з кіберпанкам, а касмічныя баржы — з амішамі.
Гэта не «беларуская літаратура» ў традыцыйным сэнсе. Гэта сусветная навуковая фантастыка, якая напісана па-беларуску.
Купіць можна на сайце выдавецтва.
Сачыце за навінамі: выдавецтва Gutenberg Publisher у Instagram і TikTok.
Гутарка атрымалася доўгая і цікавая — шмат засталося за кадрам. Хочаце працягу? Прыходзьце на VII Міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 2025 у Варшаве (21–24 лістапада). Сустрэнецеся з Арцёмам Шуканавым, купіце кнігу з аўтографам і паразмаўляеце ўжывую.
Читать на dev.by