«Сітуацыя ў свеце», «не сустрэў тую самую», «выратаваць дзіця ад прапаганды». Чаму беларусы не заводзяць дзяцей
У 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58 993 дзяцей — гэта найгоршы паказчык за ўсю гісторыю статыстычнай справаздачнасці. Нараджальнасць у краіне падае вось ўжо 10 гадоў запар.
У мінулым годзе нараджальнасць у Беларусі ўпала яшчэ на 8,7 % у параўнанні з 2023. Нарадзілася ўсяго толькі 58 993 дзяцей — і гэта найгоршы паказчык за ўсю гісторыю статыстычных назіранняў, то-бок з 1950-х.
З 2020‑га беларускія органы статыстыкі больш не публікуюць звесткі пра колькасць народжаных і памерлых людзей у Беларусі. Гэтыя дадзеныя ўдалося дастаць аб’яднанню былых сілавікоў.
Калі ж зірнуць на графік нараджальнасці, то з 2015 года сітуацыя ў Беларусі паляпшалася, але да пэўнага моманту:
- 2010 — 108 050 народжаных
- 2011 — 109 147 народжаных
- 2012 — 115 900 народжаных
- 2013 — 118 000 народжаных
- 2014 — 118 500 народжаных
- 2015 — 119 000 народжаных
Пасля ж нараджаць сталі ўсё менш, з 2015 года колькасць нованароджаных ў краіне скарацілася ўдвая.
Чаму беларусы не хочуць дзяцей
Мы распыталі некалькі чалавек, якія працуюць у ІТ, чаму яны (пакуль) не завялі дзяцей і што на гэта ўплывае.
Сяргей (імя зменена па просьбе суразмоўцы), Full Stack Developer, яму каля 30 год, ягоная жонка — ІП. Пра дзяцей пара пакуль не задумваецца з-за «сітуацыі ў свеце і ў Беларусі». Разам пара крыху болей за два гады.
«Думак пра дзяцей у нас пакуль не было, сыходзімся на тым, што ў бліжэйшыя N гадоў яны і не з’явяцца. На гэта ўплывае сітуацыя ў свеце: вайна, нестабільнасць, не зразумела, што будзе заўтра. Значна лепш не становіцца, што вакол, што ў Беларусі», — расказала devby пара.
Міхаілу больш за 35 гадоў (імя зменена па просьбе суразмоўцы), апошнія некалькі год працаваў на пазіцыі Data Analyst, за гэта час у мужчыны было некалькі стасункаў, але сям’ю і дзяцей ён пакуль не завёў. Прычына — «не сустрэў тую самую».
«Дзеці — гэта вынік блізкасці з тою самай. Палітыка і эканоміка ў прынцыпе неістотныя, галоўнае, каб была дзяўчына. Але, хутчэй за ўсё, калі б вырашыў заводзіць дзяцей, то разгледзеў бы варыянт пераезду. Хаця зноў такі залежыць ад працы. Магчыма, адразу б разгледзеў Польшчу, а потым Вялікабрытанію, Ірландыю, ЗША, Канаду. Усё-ткі як ні круці, а грамадства шмат у чым фарміруе людзей, таму садок, школа і атачэнне будуць упісваць практыкі несвабоды, а дзецям цяжка супраць гэтага абараняцца», — распавёў мужчына.
Яшчэ адзін суразмоўца — Валянцін (імя зменена), яму больш за 30, працуе на пазіцыі Сontent Manager, у шлюбе каля двух год, дзяцей сям’я пакуль не завяла. Асноўны фактар — страх перад магчымымі рэпрэсіямі.
«Няма гарантый, што заўтра не пачнецца новы віток рэпрэсій, пад які трапяць бацькі, а што будзе з дзіцём? Гэта тычыцца як магчымасці арышту, так і небяспекі страціць працу з-за якіх-небудзь даносаў ці спісу падазроных. Важным застаецца і фінансавы момант: можна чакаць і скарачэнняў, і будучай інфляцыі. Важны момант і праца ідэолагаў у садках і школах. Хочацца ўратаваць дзяцей ад прапаганды», — расказаў суразмоўца.
«А як у іншых?» або цуды статыстыкі
У 2024 годзе сярэднюю нараджальнасць у розных краінах падлічыў партал Statista. Гэта нямецкая кампанія, якая займаецца рыначнымі і спажывецкімі дадзенымі.
У антырэйтынгу паводле нараджальнасці ад Statista Беларусь апынулася на 20‑м месцы. За аснову даследчыкі ўзялі каэфіцыент нараджальнасці: сярэднюю колькасць дзяцей у пераліку на ўсіх жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. У Беларусі гэты паказчык склаў 1,44 дзіцяці на адну жанчыну. У лідарах антырэйтынгу: Тайвань (1,1), Паўднёвая Карэя (1,2), Сінгапур (1,17). У гэтым спісе Беларусь выглядае лепш за некаторых суседзяў: у Польшчы паказчык 1,32, ва Украіны — 1,22.
Аднак у метадалогіі не зусім зразумела, якія зыходныя дадзеныя браліся за аснову, бо Беларусь не публікуе афіцыйную статыстыку яшчэ з часоў каранавіруса, а Украіна — з пачатку вайны.
Ёсць і іншая метадалогія, колькасць народжаных на 1000 жыхароў. Калі лічыць такім чынам, то Беларусь прайграе амаль усім сваім суседзям:
- Беларусь — 6,45 народжаных на 1000 чалавек
- Літва — 6,47 народжаных на 1000 чалавек
- Польшча — 6,72 народжаных на 1000 чалавек
- Латвія — 6,78 народжаных на 1000 чалавек
- Расія — 8,46 народжаных на 1000 чалавек
«Дзяцінства не можа не быць звязана з дзяржавай»
З 1950‑х гадоў трэнд на зніжэнне нараджальнасці распаўсюджваецца па ўсім свеце, распавядае гендарная даследчыца Ірына Сідорская. Але ў Беларусі ёсць і свае прычыны для спаду.
«У еўрапейскіх, у развітых краінах нараджальнасць памяншаецца пасля Другой сусветнай вайны. Гэта звязана з паляпшэннямі ў медыцыне, ростам узроўню адукацыі жанчын. Шматдзетных сем’яў заўжды было мала, але шмат дзяцей памірала, таму і нараджалі больш. Сем'і па 10 чалавек былі выключэннем. Шмат жанчын памірала ў часе цяжарнасці і родаў, гэта было да вынаходніцтва антыбіётыкаў. Цяпер зусім іншыя медыцынскія магчымасці, няма сэнсу нараджаць столькі, колькі было раней», — кажа даследчыца.
У Беларусі ж на сітуацыю з нараджальнасцю ўплывае палітычны крызіс, ад’езд маладых людзей і агульнагуманітарны крызіс у краіне, дадае экспертка.
«Людзі або забралі у эміграцыю дзяцей, або нараджаюць ужо за мяжой. А людзі, якія засталіся, можа і хочуць дзяцей, але не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні. Яны думаюць пра будучыню дзяцей у краіне, якая не жадае ісці за цывілізаваным светам. З’язджаюць лекары і настаўнікі. Дзяцінства не можа быць адарваным ад дзяржавы», — называе прычыны даследчыца.
«З-пад палкі сем’і не ствараюцца»
Калі парушаная базавая бяспека людзі спускаюцца па пірамідзе патрэбаў уніз, дзе не да дзяцей. На гэта звяртае ўвагу падлеткавы псіхолаг Вольга (імя зменена).
«У Беларусі склалася спецыфічная сітуацыя. Падзеі 2020-га года, яны ж былі злучаны з каранавірусам. Гэта быў падрыў і крах пачуцця стабільнасці, у цэлым, для ўсіх. Чалавек апускаецца ніжэй па патрэбах у пірамідзе Маслоў. Калі столькі нестабільнасці, мы вяртаемся да самай базавай патрэбы — гэта ў бяспецы. Пакуль яна не задаволеная, ты не можаш думаць ні пра што іншае. Асабліва, калі ёсць дасведчанасць, адукацыя. Калі жыць у спадзяванні на будучыню і чакаць перамен, вось у гэтым стане рэдка хто наважваецца заводзіць дзяцей», — кажа псіхолаг.
Пры гэтым улады Беларусі намагаюцца ціснуць на грамадзян: нараджайце, заводзьце дзяцей, і гэта выклікае супрацьлеглую рэакцыю, працягвае суразмоўніца.
«Дзяржава стымулюе, напрыклад, нейкімі лозунгамі або праз плакаты ў паліклініках, або праз спробы паказаць пазітыўны бок бацькоўства. Вельмі складана заводзіць дзяцей, нараджаць на фоне навін, колькі людзей учора пасадзілі. Дзяржава цісне за традыцыйную сям’ю і ўсё такое, але ў тых, хто ўнутры асацыюе дзяржаву з гвалтам, будзе натуральнае адмаўленне», — лічыць спецыялістка.
«Трэба, каб жанчына мела магчымасць рэалізацыі»
Нізкая нараджальнасць наўпрост уплывае эканоміку краіны ў будучыні. Наступствы: дэфіцыт спецыялістаў, меншы рост ВУП. Наступствы дэмаграфічных праблем ужо адчуваюцца ў Беларусі, кажа старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
«Пры нізкай нараджальнасці ў будучым менш новых спецыялістаў можа выйсці на рынак працы. Каб развіваць эканоміку, каб рос ВУП, патрэбныя людзі. А людзей будзе рабіцца ўсё меней і меней, што мы назіраем у цяперашняй сітуацыі. На гэта таксама накладаюцца міграцыйныя тэндэнцыі. Калі менш людзей робіць сацыяльныя ўнёскі, большая нагрузка ўскладаецца на бюджэт, каб плаціць пенсіі. І гэта праблема з часам будзе нарастаць», — пералічвае наступствы экспертка.
Нейкага аднаго рашэння, каб усе захацелі заводзіць дзяцей, быць не можа, працягвае Анастасія Лузгіна. Адным грашовымі выплатамі нараджальнасць не прастымулюеш.
«Патрэбна інфраструктура і ўмовы, каб жанчыны мелі магчымасць для рэалізацыі, а не толькі думалі, як і дзе ім пакінуць дзіця», — кажа эканамістка.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі жыве 9,1 млн чалавек. Аднак гэтыя дадзеныя не ўлічваюць хвалю эміграцыі пасля 2020 года. Таму фактычна насельніцтва краіны можа быць значна меншае. Напрыклад, арганізацыя былых сілавікоў са спасылкай на ўнутраны дакумент Камітэта дзяржкантроля называла лічбу 8,8 млн чалавек.
Читать на dev.by