Амаль палова амерыканскіх цэркваў выкарыстоўваюць ШІ, кожная дзясятая — крыпту
Фінансавая кампанія PushPay нядаўна апублікавала даклад State of Church Tech, для якога ў красавіку апытала больш за 1700 царкоўных лідараў у ЗША. Высветлілася, што амерыканскія храмы розных памераў, бюджэтаў і канфесій імкнуцца ісці ў нагу з сучаснымі тэхналогіямі.
У PushPay адзначаюць, што найбольш прасунутыя цэрквы цяпер разглядаюць тэхналогіі не проста як дапаможны ці адміністрацыйны інструмент, а робяць іх часткай сваёй місіі.
Так, 45% рэспандэнтаў ужо выкарыстоўваюць штучны інтэлект — гэта на 80% больш, чым летась. Большасць царкоўных лідараў ужываюць ШІ для камунікацыйных задач — напрыклад, для стварэння і рэдагавання кантэнту, а таксама генерацыі графікі. А 18% выкарыстоўваюць ШІ для напісання пропаведзяў.
Пры гэтым царкоўныя лідараў, якія карыстаюцца ШІ, не маюць намеру замяняць ім людзей або нейкія чалавечыя аспекты набажэнстваў. Наадварот, з дапамогай тэхналогій яны імкнуцца спрыяць яднанню супольнасці.
Падчас пандэміі распаўсюджанай практыкай стала трансляцыя набажэнстваў і іншых рэлігійных мерапрыемстваў. Да стрымінгу звярталіся 90% апытаных. Таксама як ніколі папулярнымі дзякуючы сваёй прастаце сталі QR-коды.
Уплыў тэхналогій прасочваецца нават у пытанні ахвяраванняў. Менавіта анлайн-ахвяраванні з’яўляюцца самым папулярным лічбавым рашэннем у цэрквах, а 70% лідараў лічаць, што дзякуючы тэхналогіям вернікі сталі больш шчодрымі. У выніку расце цікавасць рэлігійных лідараў да ахвяраванняў у выглядзе крыптавалюты і акцый. З крыптой працуе толькі 10% апытаных, але амаль 40% мяркуюць, што яна набудзе стратэгічнае значэнне для іх цэркваў у найбліжэйшыя два-тры гады.
У цэлым больш за палову рэспандэнтаў за апошнія два гады павялічылі ІТ-бюджэты.
Читать на dev.by