«Паўгода чакаў доктара». Айцішнік, які вярнуўся ў Беларусь, расказаў дзяржТБ пра нязручнасці жыцця ў Іспаніі
Крэатыўны прадзюсар Дзяніс Маркін, які вярнуўся з Іспаніі ў Беларусь, расказаў пра нязручнасці жыцця ў Барселоне. Пашыранае інтэрв’ю з айцішнікам апублікаваў дзяржканал «Першы інфармацыйны».
Дзяніс Маркін пераехаў з сям’ёй у Іспанію ў 2022 годзе. У Мінск ён вярнуўся не так даўно праз «камісію па вяртанні».
Паводле слоў айцішніка, у Іспаніі ўтрымліваць імігранта фінансава затратна, бо трэба плаціць за падаўжэнне ДНЖ. Гэта ж тычыцца і беларускіх прыезджых, бо яны дорага абыходзяцца кампаніям.
Праблемай для айцішніка стала дзейная ў Іспаніі сістэма бытавога абслугоўвання.
«Калі своечасова сам не падаў паказанняў лічыльніка, то могуць накруціць. Я, напрыклад, на месяц плаціў 100 еўра за газ і не падаваў паказанні. Гэта была здымная кватэра, ніхто не папярэдзіў, што гэта трэба рабіць. І мне налічылі 500 еўра. Потым я з гэтым разбіраўся. Бюракратыя такая, што потым гэтыя грошы вяртаеш тры месяцы», — паскардзіўся айцішнік.
Паводле яго слоў, пошук аптымальных пастаўшчыкоў і тарыфных планаў на электрычнасць і газ з’яўляецца галаваломкай. Яшчэ адной праблемай ён назваў дэфіцыт арэндных кватэр з ваннай.
«Ванна — гэта раскоша. Знайсці кватэру з ваннай — гэта нейкі міф. У іх, напэўна, няма такой культуры — паляжаць у ваннай», — мяркуе Дзяніс Маркін.
Таксама ён расказаў, што ў трэнажорных залах даводзіцца ўвесь час націскаць на кнопку, каб пайшла вада. «7 секунд ідзе, а потым зноў яшчэ раз трэба націснуць. Памыўся за 7 секунд і сышоў, каб там не расслабляцца».
Прэтэнзіі ў айцішніка паўсталі і да арганізацыі ў Іспаніі медыцынскага абслугоўвання.
Паводле яго слоў, у Беларусі ён можа патэлефанаваць доктару нават у нядзелю, расказаць пра нейкую праблему, і яе будуць вырашаць. У Іспаніі, сцвярджае айцішнік, усё троху інакш.
«Мне прызначылі доктара, я бачыў яго два разы на год. Прычым так выбудаваная сістэма, што кантакту доктара ў цябе няма. Я паўгода чакаў, каб штосьці спытаць. У плане медыцыне ў Беларусі камфортней», — заявіў Дзяніс Маркін.
У Беларусі, паводле слоў айцішніка, няма такой бюракратыі, як у Іспаніі і ў цэлым «камфортней і бяспечней».
«Камісія па вяртанні» была створаная два гады таму ўказам Лукашэнкі. Яна прапаноўвае нібыта бяспечнае вяртанне тым, хто пасля 1 студзеня 2020 здзейсніў «адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай накіраванасці», у абмен на раскаянне і публічныя прабачэнні.
Тым не менш вядома як мінімум пра адзін выпадак узбуджэння крымінальнай справы супраць беларускі, якая вярнулася такім чынам у краіну і дала інтэрв’ю дзяржСМІ.
Читать на dev.by