Як айцішнікі шукаюць працу ў польскіх кампаніях. І як ім там
Інтэграцыя не інтэграцыя, пакуль працуеш на кампанію-экспата.
Спыталі релакантаў з Беларусі, як яны шукалі працу ў мясцовых кампаніях: ці шмат вакансій, як адрозніваюцца сумоўі, зп, адносіны ў калектыве. Так атрымалася, што ўсе гісторыі — пра Польшчу.
Па заробку я выйшла ў плюс прыкладна на 30%
Працую ў геймдэве. У Польшчы апынулася, як, напэўна, і многія, раптоўна, і часу падрыхтавацца і падаслаць саломку не было. Праз пару месяцаў прыйшло разуменне: каб інтэгравацца напоўніцу, трэба знайсці мясцовага працадаўцу. Калі працягваеш аддалена працаваць на звыклага беларускага працадаўцу, інтэграцыі асабліва не адчуваеш.
Я вырашыла, што гэта будзе добрым крокам для майго прафесійнага і асабістага развіцця і ў чэрвені пачала трэніравацца на сумоўях. Ніколі дагэтуль не працавала з нерускамоўным працадаўцам, так што першыя 2-3 інтэрв’ю былі даволі стрэсавымі.
Увосень, калі я ўжо досыць натрэніравала навык праходжання сумоўяў, наткнулася на прапанову варшаўскай геймдэў-студыі. Якраз ад яе я і атрымала офер.
Рэкрутынг складаўся з 3 этапаў: інтэрв’ю з рэкруцёрам, тэставае, інтэрв’ю з будучым лідам. На самым пачатку працэсу кампанія пацікавілася, на якой мове мне прасцей весці камунікацыю: польскай ці англійскай. Я абрала англійскую.
Пасля інтэрв’ю з тэхлідам высветлілася, што кампанія выбірае з некалькіх чалавек, і мне прапанавалі стэлефанавацца з СЕО кампаніі. Я ў адказ прапанавала сустрэцца ў офісе і пагутарыць асабіста. Сустрэча прайшла добра, адбыўся поўны канэкт.
Пасля 5+ гадоў аддаленай працы цяпер стараюся часцей хадзіць у офіс, каб гутарыць з калегамі і падцягваць польскую (у офісе ўсе смол-токі, натуральна, на польскай). Свой узровень ацэньваю як A2 — B1. Атмасфера вельмі прыязная, усе імкнуцца мне дапамагчы і падтрымаць.
Мова працоўных працэсаў — англійская, але перыядычна калегі ўсё роўна пераходзяць на польскую, то зусім без мовы было б вельмі складана. Без польскай я б засталася ў новай кампаніі ў сацыяльнай ізаляцыі.
Працэсы ў маёй цяперашняй кампаніі зусім не такія, як былі ў Беларусі, але гэта ў вялікай ступені таму, што абсалютна розныя тыпы прадуктаў.
Дарэчы, у польскім офісе ніхто не авертайміць, каб уціснуцца ў дэдлайны. Не паспелі — ну нічога страшнага, мы і так малайцы, а заказчыку ўсё патлумачым. Штосьці зламалася ў пятніцу позна ўвечары? Нічога страшнага, пачакаем да панядзелка. Ну і, а шостай вечара офіс звычайна пусцее на 90%.
Па заробку я выйшла ў плюс прыкладна на 30% у параўнанні з Мінскам, але, думаю, тут рэч у тым, што на папярэднім месцы я ўжо перарасла сваю тагачасную зп і цяперашняя больш адпавядае майму ўзроўню. У цэлым айцішнікі ў Польшчы не лічацца прывілеяванай кастай (як у Беларусі), гэта проста праца. Добрыя грошы тут можна зарабляць не толькі ў ІТ, таму вялікага разрыву паміж заробкамі айцішнікаў і іншых спецыялістаў тут няма.
У цэлым абсалютная задаволеная прынятым рашэннем і пераходам: гэта выдатны чэлендж і доказ таго, што ты класны спецыяліст і нідзе не прападзеш.
Шукаю ўжо паўгода — ніводнага водгуку
Я — джун-франтэнд, ужо паўгода шукаю працу ў Польшчы — праз justjoin.it, LinkedIn. І пакуль ніводнага водгуку.
Што праўда, досведу працы ў ІТ-кампаніі ў мяне няма: стажыроўка ў Беларусі сарвалася праз вайну ва Украіне. Так што паходжанне ІТ-кампаніі — польскае або беларускае — для мяне неістотнае — я шукаю працу ў любой.
Неяк выжываем. Балазе з маёй старой спецыяльнасцю і досведам заробак ёсць, то арэнду пакуль закрываем. Але часу на вучобу не застаецца зусім, паўзу да мэты проста з упартасці. Цяпер спрабую трапіць на стажыроўку ў Syberry — яны якраз набіраюць джуноў у Польшчы.
Атрымліваецца як у тым анекдоце: праграмаванне — гэта для душы, а так дык электрыкам працую.
Захацеў пакрыць гадавую інфляцыю, бо зп у злотых
Рэлакаваўся ў Кракаў крыху больш за год таму. Працую на кампанію з беларускімі каранямі, але заробак у злотых і кампенсаваць гадавую інфляцыю там не захацелі. Таму паралельна шукаю працу ў Польшчы.
Вакансій замала, але я працую ў вузкай сферы, Adobe Experience Manager (AEM). І яны ўсё роўна ёсць, выбар з 5-6 кампаній, плюс некаторыя прапаноўваюць B2B (зп там большая, але я не магу праз blue card).
У адным месцы мне адмовілі яшчэ да тэхінтэрв’ю, бо вырашылі эканоміць сродкі і наймаць мідлоў і джуніяраў.
У іншым адмовілі, бо не ведаю польскай, хаця ўся камунікацыя ішла на англійскай і пра веды польскай ні ў вакансіі, ні на сумоўі гаворкі не вялося. На тэхінтэрв’ю адказаў на ўсе пытанні. Да гэтай сітуацыі я думаў, што пашпарт на выбар працадаўцы не ўплывае. Але тут цяжка зразумець сапраўдную прычыну.
З нязвыклага ў хайрынгу: прэскрынінг інтэрв’ю рэкруцёры робяць не ў Teams/Zoom, а па тэлефоне. Яшчэ тут пастаянна пытаюцца, ці маю я паралельны працэс хайрынгу (калі так, у вачах кампаніі гэта мінус), у РБ такога не сустракаў.
Працягваю шукаць.
Узялі на 70% за софт-скілы і на 30% за хард
У Польшчы знайсці працу да вайны было вельмі проста, калі меў карту паляка. Трэба прыдушыць беларускую сарамлівасць і адразу выдаваць, што паводле нацыянальнасці — паляк, і ўжо далей пералічваць заслугі ў ІТ.
У мяне праца знайшлася без праблем, па грошах — нават больш, ніж у некаторых палякаў-палякаў з аддзела. Ніякіх, увогуле ніякіх ушчамленняў. Але трэба не грэбаваць хаджэннямі на карпаратывы і wódkoj з шэфам і аддзелам, умець сярэдне размаўляць па-польску, і ўсё будзе добра.
Вельмі дапамагло, што ў школе быў гуманітарны клас з вялікай колькасцю гадзін беларускай мовы. Яна вельмі дапамагае ў вывучэнні польскай, так што і роднай мове карысць.
Кампанія займаецца сувяззю ў глабальным маштабе, мая пасада звязаная з «бяспекай і рэжымам». Сумоўі ішлі ў тры этапы, прычым два апошнія — запар, прыкладна па 45 хвілін кожнае.
Першае — з эйчарам і беспасярэдне кіраўніком дэпартамента, другі — з яго калегам з суседняга дэпартамента і кіраўніком гэтых кіраўнікоў, а таксама мясцовым архітэктарам. Апошні задаваў толькі тэхнічныя пытанні. Ён немец, і кайфаваў, што я з ім па-нямецку змагла пагаварыць «без польскага акцэнту».
Агульнае ўражанне — узялі на 70% за софт-скілы і на 30% за хард.
Але гэта было да 24.02. Цяпер бы мяне ўжо не ўзялі. У нас пайшлі аўдыты агенцтва ўнутранай бяспекі. На ўладкаванне беларусаў і рускіх — негалоснае табу. Я маю на ўвазе не кампанію ў цэлым, а менавіта ўпраўленне бяспекі; у прадукт наймаюць, відавочнага негатыву да беларусаў няма (да рускіх ёсць). АЛЕ! Амаль заўжды перавага ва ўкраінцаў.
Я паспела атрымаць польскі пашпарт і сяджу спакойна.
Што тычыцца крызісу і звальненняў, то, паводле маіх назіранняў, не такі страшны чорт, як яго малююць. Звальняюць баласт, якога ў сытыя гады ў карпарацыях збіраецца вельмі шмат.
У нашым упраўленні бяспекі звальненняў няма. Радыя ўсім. Нават прытаміліся ад сумоўяў. Учора нямецкі дырэктар падпісаў кантракт на прыём аж 34 бяспечнікаў розных кірункаў з Японіі, Індыі, Філіпін і г. д.
На пошукі сышло роўна 3 месяцы
Я QA з досведам працы 17+ гадоў. Звольнілася ў РБ 31 снежня 2020, праз 10 дзён з сям’ёй былі ўжо ў Варшаве.
Польскай мовы дагэтуль не вучыла, англійская ў мяне добрая — B2. Працу пачала шукаць амаль адразу ж. На пошукі сышло роўна 3 месяцы. У красавіку атрымала офер, у маі выйшла.
Тут працэс наймання зусім не такі, як у РБ, дзе цябе могуць прыняць за адзін дзень. У Польшчы рэкрутацыя доўжыцца месяцамі. На дзень у мяне было па 1-2 сумоўі, некаторымі днямі — па тры, некаторымі — ніводнага. Першы месяц усюды былі адмовы праз неразуменне, як паводзіцца на сумоўі.
Другі месяц пайшоў лепш — было пару ўжо талковых прапаноў.
На трэці месяц я атрымала адразу тры оферы. Адзін з іх — праца ў банку. Калі там даведаліся, што я выбрала не іх, сталі тэлефанаваць, прапаноўваць больш грошай і літаральна ўгаворваць. Дарэчы, рэкрутацыя ў банк была самай доўгай: чатыры этапы на працягу двух месяцаў. Але я выбрала спакайнейшае месца ў прадуктовай кампаніі — без дрэс-кода і са свабодным графікам працы.
І вось я працую ў гэтым месцы ўжо амаль два гады. Праца падабаецца. У асноўным хаджу ў офіс, але можна і аддалена.
Зп у параўнанні з першапачатковым оферам павысілі на 25%.
Калектыў цалкам польскі, а офісы па ўсім свеце. Спачатку працавала ў камандзе, дзе ўсе сазвоны былі на англійскай, але зносіны ў офісе ішлі па-польску. Паціху стала разумець, потым размаўляць. Праз год выявілася, што я ўсё разумею, таксама магу сказаць усё, але з памылкамі.
Першы час было цяжка. Адчувала сябе белай варонай, няправільна прамаўляла словы, нервавалася. Колы — на англійскай, калі ўдзельнікі толькі палякі, то колы на польскай, дома — руская мова. Пасля працы хацелася проста цішыні.
Але паступова мозг стаў лавіць польскую гаворку без высілкаў, стала лепш размаўляць. На працы з’явіліся сябры. І нас запрашаюць у госці, і да нас ходзяць.
Вельмі імпануе адкрытасць палякаў і жаданне дапамагчы. Ані разу мне ніхто не сказаў, што я жудасна размаўляю. Калі і папраўляюць мяне, то мякка. Пытаюцца, калі буду здаваць экзамен (для карты побыту).
Працуюць палякі без перапрацовак, а 16:00 офіс пачынае пусцець.
Абышлі з камандай палову рэстаранаў у Варшаве — любяць бігас, пірогі, смалец. На «пышны чвартэк» увесь офіс завалены пончыкамі; калі ў кагосьці павышэнне, то торцікі, прысмакі, цукеркі.
Увогуле я задаволеная.
Эйчары могуць патэлефанаваць без папярэджання
Я Senior Java Developer. Ненавіджу аддаленую працу, таму шукала кампанію абавязкова з офісам. У Гданьску. У першую чаргу пісала ў кампаніі, чые лагатыпы бачыла на бізнэс-цэнтрах. Таксама паставіла ў лінкедзіне статус «open for work», але вялікай колькасці ўваходных паведамленняў усё роўна не было.
Апошні раз я шукала працу ўвесну 2021-га ў Мінску — там эйчары сталі пісаць адразу ж, як толькі выставіла такі статус.
У Польшчы за тыдзень з такім статусам я атрымала ~5 паведамленняў. Не ведаю, ці гэта асаблівасць польскага рынку, ці ўплыў крызісу.
Але трэба ўлічваць і тое, што ў Польшчы працэс рэкрутынгу ідзе значна павольней, ніж у Беларусі. Некаторыя кампаніі не адказвалі на рэзюмэ, пасланае праз іх жа сайт. Іншыя адказвалі толькі праз тыдзень.
Яшчэ адная асаблівасць мясцовага наймання — тэлефонныя званкі. Гэта першы і абавязковы этап. Эйчары могуць патэлефанаваць без папярэджання, і гэта жудасна нязручна. Могуць прызначыць час, але на ўзгадненне таксама сыходзіць шмат часу. Неяк я разаслала рэзюмэ ў дзясятак кампаній, і ўвесь наступны тыдзень толькі размаўляла па тэлефоне з эйчарамі, сумоўяў не было. Пасля тэлефанавання просяць даць тыдзень на апрацоўку рэзюмэ і інфармацыі.
У Польшчы шмат прапаноў па працы ў B2B фармаце. Асабіста ў мяне такіх палова ці больш. Наколькі я зразумела, гэта выгадна для працадаўцы + заробак на рукі выходзіць большым, ніж паводле працоўнай дамовы.
Працу я шукала ў лістападзе-снежні 2022-га, але ніякага негатыву або дыскрымінацыі паводле нацпрыкметы да сябе не адчула. У выніку ўладкавалася ў вялікую аўтсорсінгавую кампанію паводле працоўнай дамовы. Працэсамі ў цэлым задаволеная. Вельмі падобна да нашага EPAM.
З калектывам вось ёсць складанасці: ~80% калег па офісе — палякі. Пакуль не ўяўляю сабе, як з імі пасябраваць, маючы польскую А2 (разумею вельмі добра, але кажу ледзь-ледзь). Ніяк. Балазе кампанія дае бясплатныя інтэнсіўныя курсы.
Пры працаўладкаванні, дарэчы, пра польскую не пыталіся — гутарка была толькі на англійскай.
На 200 водгукаў абы-куды будзе прыкладна 3-4 сумоўі
Жыву ў Польшчы, працую ў грузінска-ўкраінскай кампаніі, пры гэтым апошнія паўгода падаюся на вакансіі па ўсёй Еўропе і актыўна хаджу па сумоўях у Польшчы.
Уладкаванне ў грузінска-ўкраінскую кампанію не адрознівалася ад наймання ў Беларусі. Людзі зычлівыя і ветлівыя, у кампаніі ёсць яшчэ некалькі беларусаў. Унутры кампаніі, на мітынгах і ў слаку гутарым на рускай мове.
Чаму шукаю новую працу? Проста, каб падняць зп, трэба пастаянна хадзіць па сумоўях. І потым альбо прымаць офер, альбо ісці з ім да старога працадаўцы і патрабаваць рынкавую зп.
Праходзіў сумоўі і ва ўкраінскія кампаніі: інтэрв’юер размаўляў толькі па-ўкраінску, я мог адказваць на рускай або англійскай. Аднойчы на такім сумоўі спыталі пра маё стаўленне да вайны. Дыскрымінацыі не было, у выніку я атрымаў офер.
Польскія кампаніі таксама актыўна наймаюць людзей з Беларусі, з дыскрымінацыяй не сутыкаўся, але, хутчэй за ўсё, вам спатрэбяцца веды польскай мовы, хаця б на камунікацыйным узроўні. Хоць ёсць і такія, дзе дастаткова толькі англійскай. Плюс сумоўяў у польскія кампаніі ў тым, што можаш адказаць на польскай або беларускай мове, калі з фармулёўкай на англійскай ёсць цяжкасці.
На мой погляд, адкрытых вакансій у Польшчы шмат і знайсці працу не надта складана. Галоўнае, каб быў дазвол на працу або дакументы, якія пацвярджаюць легалізацыю ў Польшчы. Калі ў вас віза, якая скончыцца праз месяц, то хайрынг менеджэр дасць чырвонае святло (нягледзячы на падаўжэнне ў сувязі з эпідсітуацыяй).
Калі я хачу зладзіць тыдзень сумоўяў, то адгукаюся на ўсе вакансіі ў LinkedIn, justjoin.it, nofluffjobs.com, Glassdoor. На 200 водгукаў абы-куды (гэта і Senior- і Middle-вакансіі) будзе прыкладна 15 размоў з эйчарам і 3-4 сумоўі. Але зноў жа я шукаю толькі full remote і b2b, гэта скарачае колькасць водгукаў. Але нават так я не надта адчуваю нейкі крызіс.
Прычым набіраць 200 водгукаў можна прыкладна кожныя 2-3 дні, бо за гэты час паспяваюць з’явіцца новыя вакансіі. Што праўда, я раблю выбарку па ўсім ЕС, а не толькі па Польшчы.
Трэба памятаць пра okres wypowiedzenia
Я пераехаў да 2020 года — як той казаў, «за свабодай, а не грашыма». Тады ў зп я выйграў зусім няшмат.
Каб падвучыць мову, спачатку знайшоў аддаленую працу на польскай «галеры» і працаваў на яе праз беларускае ІП, седзячы ў Беларусі. Потым пераехаў у Польшчу на тую ж аддаленую працу, аформіўся ў Польшчы, а беларускі ІП закрыў. Праз пару месяцаў перайшоў у добрую прадуктовую фірму, каб працаваць у офісе і інтэгравацца ў мясцовае грамадства. Там ужо мой даход істотна падрос.
На той час я ўжо размаўляў па-польску, то знайсці працу было лёгка.
Але ў Польшчы трэба памятаць пра okres wypowiedzenia — час, які ты павінны адпрацаваць на старой фірме пасля падачы заявы на звальненне. Часта okres wypowiedzenia можа займаць і тры месяцы. Бывае, што сумоўе чалавека ў лістападзе, а прыходзіць ён толькі ў сакавіку.
Цяпер знайсці працу таксама нескладана, прынамсі, знаю людзей, якія памянялі працу ў 2022-м і 2023-м. Аднак многія фірмы замарожваюць найманне. Але пакуль гэта больш тычыцца спецыялістаў па diversity & inclusion (тут такога шмат) і іншых супрацоўнікаў, якія напрамую не ўплываюць на бізнэс.
Заробкі ў сувязі з інфляцыяй індэксавалі, ад 2023 года ў тых, хто працуе праз «śmieciówkę», то-бок як ІП, а не на «umowie o pracę», з’явілася магчымасць атрымліваць заробак у еўра. Аб’ём вакансій суб’ектыўна пашырыўся за кошт таго, што можна ўладкавацца аддалена з іншага горада.
Читать на dev.by