Польшча не ўпускае аўто без уладальніка ў салоне. Што адбываецца

На выезд з Беларусі рассмакталася чарга з легкавых аўто.

3 каментарыя

У памежных чатах пішуць, што ад 9 ліпеня ў Польшчу няможна ўвозіць алкаголь і цыгарэты. І яшчэ — што гаспадар машыны абавязкова мае быць у аўто. Dzik Pic сабраў такія паведамленні.

— Інфармацыя з бокса — работнікі польскай мытні сказалі, што ад заўтра (каментар быў напісаны 8-га) «беставарны ўезд», 0 цыгарэт і алкаголю. І, калі ў аўтамабілі няма гаспадара, уезд забаронены. Даверанасці не пракатваюць. 

— Паводле паведамленняў, ад раніцы перасталі пускаць, мае быць уласнік у аўто дзесьці, хоць у багажніку.

— Дзве гадзіны таму развярнулі маіх знаёмых, па даверанасці ехалі ў РП. Толькі ўласнік аўто! 

— За мной машыну развярнулі, якая на юрыдычнай асобе.

У рэгламенце ЕС 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024-га гаворыцца, што «кампетэнтныя органы могуць дазволіць на ўмовах, якія яны лічаць мэтазгоднымі», уезд у ЕС транспартнага сродку, які падпадае пад код CN 8703 (легкавыя аўто). 

У прыватнасці, трапіць у ЕС можа грамадзянін Беларусі з візай або дазволам на жыхарства, які «заязджае на транспартным сродку ў Саюз выключна для асабістага карыстання».

Нагадаем, гэтым жа рэгламентам Польшча абгрунтавала беставарны ўезд і спыненне афармлення Tax Free.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта РБ, у пункце пропуску «Брэст» станам на 10 раніцы 10 ліпеня на выезд з Беларусі было 0 легкавых аўтамабіляў і 35 аўтобусаў.

Мяркуючы з архіва на сайце ДПК РБ, чарга з легкавых аўто скончылася яшчэ апоўдні 9 ліпеня. Апоўначы 9 ліпеня на выезд з Беларусі пад Берасцем было 175 легкавікоў і 32 аўтобусы.

gpk.gov.by

Читать на dev.by