Польшча пастрожвае візавыя правілы — СМІ
Польшча пастрожвае правілы выдачы віз пасля карупцыйнага скандалу. Непразрыстых спосабаў паскарэння працэсу іх атрымання больш не будзе. Пра гэта паведамляюць незалежныя медыя са спасылкай на заяву кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага. Пры гэтым іншых падрабязнасцяў не прыводзіцца.
Раней была прыпыненая праграма Poland Business Harbour для прыцягнення ІТ-спецыялістаў. Правілы для выдачы віз з гуманітарных прычын таксама пераглядаюцца.
Міністр заявіў, што гэтым крокам краіна падводзіць рысу пад карупцыйнай практыкай выдачы віз, якая існавала пры папярэднім урадзе партыі Права і справядлівасць» (PiS).
Таксама паведамляецца, што Вярхоўная кантрольная палата апублікавала справаздачу, якая пацвердзіла, што польскія консульствы ў часе кіравання PiS у Азіі і Афрыцы выдавалі візы ў абмен на буйныя сумы.
Вынікі аўдыту паказалі, што «ад лістапада 2022 да мая 2023 года існаваў непразрысты і карупцыйны механізм у Міністэрстве замежных спраў, які ўплываў на некаторых польскіх консулаў, каб паскорыць апрацоўку заявак на візы», гаворыцца ў справаздачы Вярхоўнай кантрольнай палаты.
Паводле даных ВКП, прыватныя пасярэдніцкія фірмы незаконна ўдзельнічалі ў атрыманні віз. Паведамляецца, што адная з гэтых фірмаў дапамагла ў атрыманні 4250 віз ад студзеня 2018 да сакавіка 2024 года. Паводле даных справаздачы, яна брала з заяўнікаў да 7 тысяч еўра (7645 долараў) за свае паслугі.
Раней сталі вядомыя падрабязнасці выдачы віз па праграме PBH.
Паводле даных Вярхоўнай кантрольнай палаты, на практыцы атрыманне візы PBH стала самым простым, хуткім і танным спосабам уехаць на тэрыторыю Еўрасаюза. «Роля консула ў працэсе афармлення візы практычна звялася да яе выдачы», — адзначалі аўдытары. Такім чынам Польшча выдала каля 95,5 тысяч віз беларусам і прадстаўнікам яшчэ 21 краіны.
У праграмы не было нават пісьмовай версіі. А матэрыялы для сайта падрыхтавалі за адныя выходныя — і ў першы дзень працы праграма наогул называлася «Poland. Business Haven».
Паводле слоў аўтараў справаздачы, праграма Poland Business Harbour магла істотна знізіць дзяржаўную бяспеку краіны.
Читать на dev.by