«Вельмі тэрмінова!» Як айцішнікаў тузаюць пасля працы (і як не тузацца)
Вечар ці выходны — кіраўніцтва і калегі працягваюць пісаць па працоўных пытаннях. Пагутарылі з айцішнікамі, якіх тузаюць і якія тузаюць самі.
А яшчэ абмеркавалі з дасведчаным кіраўніком, як выбудаваць межы з калегамі і працадаўцам — і пры гэтым не звольніцца.
«Іншыя работнікі былі вымушаныя разбірацца са сваёй працай самі»
— На папярэдняй працы я быў намеснікам дырэктара па ІТ. Але фактычна рабіў усё — у нагрузку да сваёй працы пракладаў сілавыя кабелі (не, «паперкі» электрыка ў мяне няма), наладжваў маршрутызатары, складаў справаздачы продажаў, займаўся маркетынгам і нават за бухгалтара часам рабіў працу.
Мой працадаўца быў вельмі таксічным, тэлефанаваў мне і ў непрацоўны час, пісаў паведамленні — і крыўдзіўся, калі я не адказваў.
Некалькі разоў я спакойна гутарыў з ім пра тое, што маю патрэбу ў адпачынку пасля працы (і так, «у абед мяне таксама няма»). І ён быццам бы пачуў мяне. Але ў кампаніі рабіўся такі гармідар, што мяне даймалі і іншыя работнікі, у тым ліку сваякі наймальніка. Трэба патлумачыць, што бацька дырэктара быў кіраўніком у іншым падраздзяленні, а маці — прыбіральшчыцай і загадчыцай аддзела. Ніводны з іх не меў да мяне дачынення, але абое такім чынам спаборнічалі, «хто галоўнейшы».
Для мяне рашэннем праблемы стала ігнараванне: на званкі ў няўрочны час я не адказваў, калі мне пісалі — пераглядаў тэкст у апавяшчэнні (так ён заставаўся непрачытаным, а я для яго аўтара — «афлайн»), каб не прапусціць чагосьці крытычнага. Але нічога крытычнага не адбывалася.
Што ў выніку: іншыя работнікі і працадаўца былі вымушаныя разбірацца са сваёй працай самі, а праблемы чакалі, пакуль я прыйду на працу.
Вядома ж, усе вакол былі незадаволеныя такім станам рэчаў: «Ты ж разумееш, нам трэба» і г. д. Але я цвёрда стаяў на сваім. Сур’ёзных наступстваў для мяне самога гэта не пацягнула, але адносіны з калегамі і кіраўніцтвам пагоршыліся — іншых рычагоў у іх не было. Урэшце ўсе змірыліся, што я «белая варона» — гэта іх словы.
Калі ўладкоўваўся на цяперашнюю працу, я адразу даў зразумець, што на выходных / у адпачынку / у непрацоўны час мяне турбаваць не варта — і маё кіраўніцтва стараецца гэты момант выконваць.
«Найгоршае, што магло здарыцца, — калі ты сам станавіўся «вызвоньваннікам»
— На адным з мінулых праектаў такое было звычайнай рэччу для самога заказчыка. І «тузануць» у будзень пасля працы — найменшая з бед. Бывала, што некаторых з нас падымалі ў панядзелак, а 5:00 раніцы, бо пазапланавы рэліз «пайшоў не па плане». А яшчэ бывала, што мы ўсе выходныя сядзелі на сазвоне з заказчыкам у марных спробах выправіць тое, што раптам зламалася.
Найгоршае, што з табой магло здарыцца, — калі ты сам станавіўся такім вось «вызвоньваннікам» (а гэта рана ці позна наганяла кожнага): цябе просяць вырашыць нейкую праблему («паглядзі-ка») — ты тэлефануеш чалавеку, які лепш у гэтым падкаваны або праз якога праблема і ўзнікла — і вось ужо ў вас нарада на пяць і больш чалавек.
Выхад быў адзін — пайсці з праекта. Што мяне трымала — вельмі крутая прапампоўка ўсіх скілоў. Там, як кажуць, дзень за два.
І так, я гутарыў з лідом пра тое, што не хацеў бы, каб мяне «тузалі» ў непрацоўны час. Але ў цэлым было зразумела, што да мяне наўрад ці прыслухаюцца. Паводле маіх даных, заказчык прыносіў нядрэнны прыбытак і, відаць, адная з умоў заключалася менавіта ў тым, што ён можа рабіць усё што хоча.
Праз пэўны час мяне перавялі на іншы праект — шмат у чым таму, што нікога там не трымалі: экспертыза шарылася паміж усімі, то-бок незаменных не было. А знайсці замену ў той час было як хлеба з маслам з’есці. Што праўда, унутры кампаніі ніхто на гэты праект не згаджаўся.
Больш з такім стаўленнем да майго вольнага часу я не сутыкаўся, і на наступным праекце не ўсталёўваў на тэлефон працоўнага месенджара. Пытанні пасля працоўнага дня часам прыходзяць і цяпер, але дружна адкладаюцца на заўтра. Ды і ў цэлым на цяперашнім праекце на цябе коса глядзяць, калі ты кагосьці спрабуеш выдраць з адпачынку тэганнем у Slack.
«Праблемы сусветнага маштабу ты разрульваеш за 5 хвілін у панядзелак раніцай»
— Мой начальнік — вялікі аматар азадачыць чым-небудзь «вельмі-вельмі тэрміновым» у непрацоўны час. Пятніца, вечар, і пачынаецца — мільён пытанняў у дырэкт, і там бяда, і тут праблема. Усе выходныя ты (і ўся каманда з табой) адказваеш на паведамленні.
Калі я толькі прыйшоў у кампанію, мне здавалася: чалавек — заўзятар справы. А пазней я зразумеў: не, яму проста няма чым больш заняцца. Бо праблемы сусветнага маштабу, якія трэба абавязкова вырашыць на выходных, — гэта дробязі, і ты разрульваеш усё літаральна за 5 хвілін у панядзелак раніцай.
Усвядоміўшы гэта, я ў нейкі момант напісаў кіраўніку, што мой асабісты час — не для працоўных пытанняў. А заадно растлумачыў, чаму пытанне, з якім ён прыйшоў да мяне, — нетэрміновае. І тэлефон змоўк. Хаця б у той дзень.
Мае калегі падзяліліся на дзве катэгорыі: хтосьці ігнаруе начальніка, хтосьці скача пад яго дудку і скардзіцца калегам у чаціку на «вясёленькія выходныя». Час пакажа, хто з нас мае рацыю.
«Калі айшнік не ўмее наладжваць начны рэжым — пытанне прафпрыдатнасці»
Я з тых, хто «тузае» пасля працы, бо заўсёды пішу людзям, не гледзячы на час. Мая пазіцыя такая: я не чакаю неадкладных адказаў, але інфармацыю адпраўляю адразу, як знайду.
Дык вось, я лічу, калі айцішнік не ўмее наладжваць начны рэжым (працоўны фокус) у прыладах — гэта пытанне прафпрыдатнасці.
Я часам лід, часам проста распрацоўшчык, часцей навучаю. З маіх калег двое зам’юцілі чаты, астатнія навучыліся наладжваць начны рэжым/фокус. І мае паведамленні ні ў кога не выклікаюць пытанняў. Але і ад мяне калегі не чакаюць імгненнай рэакцыі.
Незадаволеных тым, што я іх тузаю, няма: я стараюся больш разбірацца з усім сам. А калегі наадварот кажуць, каб «тузаў» часцей.
«Калі чалавеку ёсць чым заняцца пасля 18:00, ён не будзе чытаць, што там пішуць у чатах»
Пагутарылі з Надзеяй Ручанавай, дасведчанай кіраўніцай і эксперткай у галіне Delivery IT Services, пра тое, як выбудаваць свае межы з калегамі і працадаўцам — і пры гэтым не звольніцца.
— Скажу адразу: тое, што апісалі чытачы, — нейкія крайнія выпадкі. Я вылучу дзве рэчы, якія варта ацаніць чалавеку, які сутыкнуўся з падобнай сітуацыяй:
Па-першае, трэба зразумець, ці з’яўляецца такая камунікацыя ў непрацоўны час нормай у кампаніі (я дапускаю, што гэта можа быць часткай карпаратыўнай культуры ці нават нацыянальнай, але, магчыма, вы маеце справу з праблемай на ўзроўні аднаго чалавека).
Калі адказ на вашае пытанне: «Так, гэта тыпова для маёй кампаніі», — тады варта задаць сабе іншае: «Чаму вы там?» І калі сумленны адказ: «Я не магу знайсці лепшае месца на рынку працы і/або я атрымліваю грашовую кампенсацыю (або іншыя выгады) вышэйшую за рынак», — то гэта ваш выбар. Але нават у гэтым выпадку сітуацыю можна змякчыць і палепшыць.
Па-другое, важна зразумець, як разглядае вашую камунікацыю той, хто вас «тузае» ў няўрочны час. Ці не з’яўляецца гэта вынікам дрэнна/няправільна выкананай працы.
95% маёй вельмі рэдкай камунікацыі з калегамі па-за межамі іх працоўнага часу выклікана іх жа няпамятлівасцю і/або памылкамі. Тыповы прыклад — супрацоўнік не здаў справаздачы (часцей проста чамусьці не націснуў кнопкі Submit — «адправіць») і з’ехаў у адпачынак.
Былі ў маёй практыцы і іншыя выпадкі, калі праект здаваўся выканаўцам у самы апошні момант пры канцы працоўнага дня — і ў мяне на рэв’ю заставалася толькі ноч. А ўжо заўтра, а 8:00 тэчку з дакументамі трэба было падаць на экспертызу ў органы кантролю. Калі я выявіла грубую неадпаведнасць — оптавалаконны кабель быў пракладзены ў праектнай дакументацыі не там, дзе патрабавалася, — было ўжо каля 20:00 вечара. Вядома, у гэтай сітуацыі я патэлефанавала ўсім, каму толькі магла.
І ўсё ж, як выбудаваць межы, каб і вам, і вашым калегам працавалася разам камфортна.
1. Пачніце з сябе — паважайце межы навакольных, шануйце іх асабісты час і прастору.
Важна самому ставіцца да людзей так, як хочаш, каб ставіліся да цябе. Я, напрыклад, заўсёды даведаюся пра сямейны статус калег (колькі ў каго дзяцей, якога веку), распытваю іх пра хобі і захапленні, каб пакласці гэта ў сваю карціну свету.
Нядаўна дзяўчына, якая толькі-толькі далучылася да маёй каманды, прызналася, што была здзіўленая зычэнням у чаце: «Папраўляйся!», «Здароўе важнейшае за ўсё!» Яе былы начальнік у адказ на паведамленне, што ў яе захварэла дзіця, мог адказаць хіба што: «Зноўку?!»
Але з гэтага якраз і пачынаецца культура. Калі супрацоўнік (або яго дзіця) захварэў — напішыце: «Папраўляйся, калі ласка, мы справімся без цябе». Калі калега кажа, што ёй трэба схадзіць на ранішнік, рэагуйце: «Супер! Гэта так файна. Павесяліся там, калі ласка, як след».
Пры тэлефанаванні заўсёды пытайцеся, «ці зручна размаўляць». Калі вы разумееце, што падчас размовы супрацоўнік кіруе машынай, спытайце, ці трэба даць яму час, каб прыпаркавацца. Скажыце, што бяспека на першым месцы. Наўрад ці за тыя 10-15 хвілін, што вы пачакаеце, спыніцца ўвесь бізнэс. Вам жа будзе толькі лепш, калі ён сканцэнтруецца на вас, і не будзе адцягвацца на сітуацыю на дарозе.
2. Адкрытасць і празрыстасць — я за тое, каб на працы не было сакрэтаў і недамовак.
У мяне цалкам адкрыты каляндар ужо шмат гадоў: яго бачаць усе — ад інтэрна да дырэктара, мне няма чаго хаваць. Каляндар я напаўняю таксама асабістымі слотамі ў непрацоўны і (вельмі рэдка) у працоўны час. І ўсім зразумела: калі ў мяне, а 19:00 басейн, то наўрад ці я буду адказваць на e-mail з джакузі.
Калі мне пішуць у чат: «Можна з табой пагутарыць?» — я прапаноўваю выбраць час у календары. Я загадзя стаўлю ў ім пазнакі, што планую ў нейкі дзень працаваць з офіса, калі хтосьці захоча выпіць са мной кубачак кавы. Таксама я планую ў календары сваю адсутнасць.
Бывала так, што мне пісалі: «Бачу, што ў цябе стаіць басейн, а 19:00, мо мы зможам пагутарыць з табой, а 8:00 раніцы? Гэта тэрмінова!» Гэта ўсё роўна будзе няўрочны час. Але гэта будзе нейкі зручны варыянт для мяне.
Яшчэ я раю прагаворваць у шчырай і адкрытай размове, што стан рэчаў вас не задавальняе — не трэба «тузаць» вас пасля працы; не, вы не можаце заставацца працаваць звышурочна, вечарамі вы водзіце сына ў секцыю. Неяк на світанку кар’еры ў мяне адбыўся дыялог з начальніцай:
— Можна я пайду дадому? (ішла пятая гадзіна звышурочнай працы)
— А каму вы там патрэбныя?
Яна проста не ведала, што ў мяне двухгадовая дачка, — у гэта немагчыма было паверыць. Так што не думайце, што ўсім і так усё відавочна пра вас і вашыя межы. Людзі не ўмеюць чытаць думкі адно аднаго — расказвайце пра сябе.
3. Час мае быць аплачаны!
Насамрэч у нас не так ужо шмат раптоўнай працы. Калі мы валодаем навыкамі добрага менеджменту (а я веру, што ў ІТ на кіроўных пасадах менавіта такія людзі), то большасць працоўных працэсаў зразумелая, прадказальная і запланаваная загадзя.
Так, бывае час, калі трэба затрымацца і ўдарна папрацаваць, — але тады наступнага дня ты не выходзіш або бярэш +1 дзень да адпачынку. Ува многіх ІТ-кампаніях ёсць такое паняцце, як paid overtime. Гэта значыць, калі існуе вытворчая неабходнасць папрацаваць больш, то супрацоўнік або яго менеджар мае ўзгадніць аплату — і гэта не праблема наогул.
Ёсць таксама паняцце «on call» — то-бок гадзіны працы, калі супрацоўнік абавязаны адказваць на званкі і паведамленні, як на дзяжурстве. І гэта таксама аплачваецца. Але такія рэчы таксама плануюць загадзя, і нават часта пытаюцца ў сяброў каманды: «Хто гатовы быць на сувязі ў навагоднюю ноч?»
Калі ў вас не так, то вяртаемся да самага пачатку: «Чаму вы тут працуеце?» Працуйце там, дзе працэсы пабудаваныя правільна.
4. Разбярыцеся, чаму так адбываецца.
Калі стэйкхолдар тэлефануе вам ноччу, напрыклад, то я далёкая ад думкі, што яму няма чым заняцца. Значыць, вашая з ім камунікацыя пабудаваная такім чынам, што патрэбнай інфармацыі ён ад вас не атрымаў.
Я цяпер удзельнічаю ў адным працэсе, дзе шмат зацікаўленых асоб, — дзясяткі. І ўсе яны хочуць атрымліваць «статус апдэйт». Я пайшла на бальнічны — планава. Але я, па-першае, усіх папярэдзіла пра гэта за тыдзень: у чацвер у майго дзіцяці аперацыя. А па-другое, у пятніцу, каб мяне не тузалі, я за 10 хвілін склала «статус» — і адправіла ўсім-усім. Калі хто-небудзь з майго спіса ўсё роўна напіша мне: «Надзя, як там статус?» (а так бывае) — я магу адправіць яму кароткае паведамленне: «Калі ласка, правер мой апошні імэйл». І ўсё нармальна!
5. Рабочыя і асабістыя месенджары — не змешваем.
У мяне працоўныя месенджары не стаяць на тэлефоне, а на працоўных лэптопах няма фэйсбука, няма лінкедзіна і, наогул, нічога акрамя працоўных пытанняў. Мае асяроддзі — прафесійнае і асабістае — падзеленыя фізічна, і гэта дазваляе мне выбудоўваць зоны канцэнтрацыі.
Але вось яшчэ што важна. Я заўсёды пазначаю: «Калі вам сапраўды трэба тэрмінова са мной звязацца пасля працы, калі ласка, адпраўце смс на гэты нумар тэлефона». І за 4 гады адзін раз было такое — тэрміновы выпадак, які патрабуе майго неадкладнага ўдзелу. Я прачытала смс, адкрыла лэптоп — і адказала.
Напісаць у месенджар лёгка, але каб напісаць смс, трэба набраць новы нумар — гэта крыху складаней. Як правіла, людзі думаюць у такіх выпадках: ай, вырашу сам пытанне.
6. Найлепшая абарона межаў — гэта напоўненае жыццё.
Як правіла, лепш за ўсё атрымоўваецца адстойваць межы таму, у каго па-за межамі працы насычанае жыццё: асабістыя адносіны, хобі, цікавая справа, напрыклад, валанцёрства, выкладчыцкая дзейнасць. Калі чалавеку ёсць, чым заняцца пасля 18:00, ён проста не будзе чытаць, што там пішуць у чатах.
Мне не прыходзіць да галавы, а 20:00 адкрыць працоўны лэптоп, бо «раптам мне хтосьці напісаў». Мне ёсць чым заняцца і ў гэты час, і, а 21:00, і, а 22:00, і, а 23:00.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by