ПВТ прыняў 34 новых рэзідэнта
Наглядальны савет ПВТ зарэгістраваў у якасці рэзідэнтаў 34 новыя кампаніі. У рэлізе адзначаецца, што новыя рэзідэнты пашыраць профіль Парка і ўмацуюць яго пазіцыі ў біятэхналогіях, кіберспорце, распрацоўцы софта і штучнага інтэлекту. Яны будуць як ствараць софт на замову, так і распрацоўваць уласныя прадукты для ўнутранага рынку і экспарту.
ТАА «Кардыганс Гейминг» будзе арганізоўваць кіберспартыўныя турніры і трансляцыі матчаў, а таксама прадастаўляць рэкламныя паслугі.
ТАА «ЛюмонДэвс» будзе рабіць вэб-платформу на базе ШІ для дагляду за скурай. Яна будзе даваць персаналізаваныя рэкамендацыі зыходзячы з дадзеных аб карыстальніку, яго гісторыі пакупак і працэдур, а таксама аналізу яго скуры.
ТАА «Байпасс Факторі» зоймецца распрацоўкай і вытворчасцю інавацыйных кармавых дабавак з прымяненнем біятэхналогій, якія павысяць якасць жывёлагадоўчай прадукцыі.
ТАА «КВІНКС» будзе рабіць ШІ-платформу для падрыхтоўкі распрацоўшчыкаў і айцішных студэнтаў старэйшых курсаў да тэхнічных сумоўяў у ІТ-сферы. Яна будзе максімальна рэалістычна мадэляваць працэс інтэрв’ю.
ТАА «Прызма Пэй» распрацоўвае софт для электронных плацяжоў. ТАА «Інфравізардс» будзе аказваць аўтсорсінгавыя паслугі поўнага цыклу па распрацоўцы і суправаджэнні інфраструктурных і воблачных сэрвісаў. ТАА «ПінКарс Юнайтэд» стварыць анлайн-платформу для перавозчыкаў і пасажыраў, на якой яны змогуць прапаноўваць і выбіраць аптымальныя маршруты. ТАА «ЭФКОН ДЫДЖЫТАЛ» будзе распрацоўваць і падтрымліваць софт для буйнога сотавага аператара, каб павысіць дакладнасць прагназавання пакрыцця і аптымізаваць налады сеткі.
Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын заявіў, што ў гэтым годзе «ужо больш за 100 кампаній атрымалі статус рэзідэнта ПВТ, а яшчэ звыш 40 заявак знаходзяцца ў працэсе разгляду».
Акрамя гэтага, члены Наглядальнага савета абмяркоўвалі дзейнасць крыптарэзідэнтаў, удасканаленне крыптарэгулявання, падтрымку моладзі і стартап-руху.
Было прапанавана стварыць у Беларусі сістэму стымулявання таленавітых студэнтаў і выкладчыкаў у сферы ІТ. А таксама арганізаваць падтрымку адукацыйных праграм па інавацыйным прадпрымальніцтве на базе ўніверсітэтаў.
Читать на dev.by