«Начамі разгружаў скрыні». QA двойчы быў без працы ў Польшчы, але знайшоў выйсце

Толькі ўявіце сабе сітуацыю: вы ў Польшчы, жонка не працуе, ёсць дзеці — і тут вы страчваеце працу. Падаліся на ДНЖ, але не ведаеце, ці дадуць. Грошы растаюць — на жыццё засталося літаральна 170 еўра. Жонка пачала нелегальна падпрацоўваць прыбіральшчыцай, а вы, тэсціроўшчык па прафесіі, уначы ў Lidl тавары разгружаеце — і таксама не па сваіх дакументах.

Гэта — гісторыя Андрэя. Ён напісаў нам, калі мы шукалі тых, хто апынуўся на самым дне, але змог знайсці выйсце.

60 каментарыяў

«Вырашылі ехаць далей, бо грузінская школа не дасць дзецям добрай адукацыі»

Увесну 2022 года ў мяне з’явілася патрэба з’ехаць з Беларусі. І так цудоўна супала, што я знайшоў кампанію ў Грузіі, прайшоў сумоўе — і за два ці тры тыдні перабраўся на новае месца.

Але мы з сям’ёй пражылі ў Тбілісі больш за год і вырашылі, што трэба ехаць далей, бо грузінская школа не дасць дзецям добрай адукацыі.

Мы аддалі сына ў грузінскую школу ў рускім сектары: усе прадметы там выкладаліся па-руску, акрамя грузінскай і англійскай моў. Там шмат было чаго добрага, але ж, калі ў класе пад 40 вучняў, даць кожнаму дзіцёнку належную ўвагу цяжка. Сын не тое што грузінскую мову не вывучыў, ён і рускую пачаў забываць. 

Таксама я хацеў знайсці падтрымку для свайго пэт-праекта па бясплатным абмене рэчамі. У Грузіі я хадзіў па арганізацыях, падаваў заяўкі на гранты, але ж мне адмаўлялі з розных бюракратычных прычын. Адна дзяўчына сказала: «Не разлічвайце», — маўляў, да Грузіі не даходзяць сур’ёзныя сумы на дапамогу ўцекачам. Яна так і сказала: «Тое, што даходзіць, — гэта рэшта ад семачак у параўнанні з іншымі краінамі. Трэба шукаць падтрымкі ў Еўропе». 

«Не буду вам здаваць», — i дзверы з грукатам зачыніліся. Паўхвіліны нават не прайшло!» 

У сакавіку 2023 года я падаў дакументы ў польскую амбасаду — і нам аформілі візы PBH. А за 3 дні да ад’езду ў Польшчу прыйшла навіна: мяне знімаюць з праекта. Атрымлівалася, што еду я ў нікуды з нічым. 

Так, гэта не звальненне — я пайшоў на бэнч, але ж ён у нас не аплачваўся, бо там і без мяне зашмат людзей сядзела. Было вельмі крыўдна, вядома, бо раней я казаў заказчыку, што пераязджаю ў Польшчу і цяпер нам будзе прасцей працаваць (паколькі іх кампанія была ў Германіі).

Загадзя, калі ў мяне яшчэ быў праект, я зарэзерваваў кватэру ў адным з буйных польскіх гарадоў, перавёў грошы. І вось мы прыехалі, пазванілі ў дзверы. Яны адчыніліся, гаспадыня паглядзела на нас з жонкай, на дзяцей: «Не, не буду вам здаваць», — i дзверы з грукатам зачынілася. Паўхвіліны нават не прайшло! 

Потым мы даведаліся, што ў Польшчы няможна выселіць сям’ю з дзецьмі, нават калі сям’я не плаціць, і нам трэба было падпісаць дамову аб аказіі, якая азначала б, што ў нас ёсць куды з’ехаць, калі гаспадар вырашыць нас выселіць. 

Але, відаць, і добра, што тая жанчына нам адмовіла, бо мы потым падлічылі, што не ўклаліся б у фінансы.

Хоць і кажуць, што айцішнікі добра зарабляюць, але ж назбіраць вялікую падушку ў Грузіі ў мяне не атрымалася. Мы ішлі ва-банк, бо амаль праз паўгода пошукаў працы ў нас ужо заставалася на жыццё каля 500 еўра (і хто б мне сказаў, што праз год сітуацыя паўтарыцца, і ў маіх кішэнях будзе яшчэ менш — 170 еўра, але пра гэта не цяпер). 

«Туліліся па хостэлах і інтэрнатах. Адзін пакой, душ і кухня агульныя, паўсюль кураць…»

Мы эканомілі на ўсім — першы месяц туліліся па хостэлах і інтэрнатах. Гэта, вядома, вельмі складана: не пазычу нічыім дзецям такога — адзін пакой, душ і кухня агульныя, паўсюль кураць… Дарослыя хлопцы і дзяўчаты ходзяць па калідорах у бялізне — гэта не тое, што трэба бачыць малым.

Праз месяц мы знайшлі кватэру на ўскраіне (2100 злотых за арэнду + 700 за камуналку — каля 660 еўра па бягучым курсе), і я сказаў: «Усё, застаёмся!» Там былі толькі шафа ды канапа. Я сеў на яе — і вырубіўся. Недзе пасярод ночы прачынаюся, гляджу — а ўсе мае тут жа покатам спяць. Тады я ўстаў, каб ім больш месца было, а зранку паехаў перавезці нашы рэчы. 

Я купіў у кватэру толькі працоўны стол, усё астатняе — канапы і стол для дзяцей, розныя паліцы-тумбачкі-шуфлядкі — аддалі людзі з беларускай дыяспары. 

Жыць у хостэлах мо было б танней, але ж там ніякіх умоў. І плаціць трэба было за кожнага асобна. У другім хостэле я аплаціў за чатырох, а нас пасялілі ў нумар для трох чалавек. І колькі б я не сварыўся, яны казалі: «Ну, а што, у вас малыя — яны як адзін ідуць, бо могуць разам спаць». «Ну акей, — кажу, — тады і вы здымайце з нас грошы як за траіх». «Не, ну яны ж будуць карыстацца вадой ды туалетам удвая, усё чэсна».

«Калі на адным праекце мітынг, а 9:00, а на другім, а 9:30, — сядзіш скрозь і ўсюды з двух ноўтбукаў»

Толькі ў верасні мне знайшлі нейкі праект. 

Безумоўна, я і сам шукаў працу. На 70-80 водгукаў у мяне было каля 15 сумоўяў — і 3 ці 4 з іх з пераводам на другі раўнд. У выніку адно сумоўе выявілася оферам. І ў той жа час даведаўся пра праект у сваёй кампаніі.

Што я абраў — ну, вядома ж, абедзе працы, бо трэба было закрыць пазыкі дый падсабраць, да таго ж адна праца была праектная.

Штодзень я вылучаў недзе па 6 гадзін на кожны з праектаў, а астатні час дапрацоўваў у выходныя або святочныя дні — так і выходзіла па 40 гадзін на тыдзень на кожны. Самае складанае ж — гэта званкі. Калі на адным праекце мітынг, а 9:00, а на другім, а 9:30, а першы зацягваецца, — то сядзіш скрозь і ўсюды з двух ноўтбукаў: на першым з уключанай камерай, на другім — пакуль што з выключанай. І так двойчы або тройчы на тыдзень. 

Я заўважыў: чым менш мітынгаў — тым больш прадуктыўным будзе дзень. У такія дні можна было ўкласціся ў 6+6 гадзін і нават у выходны не дапрацоўваць.

«Цімлід нейкае халеры вырашыў пагуляцца ў „таемнага пакупніка“. Людзі пачалі скардзiцца».

Праект, што я сам знайшоў, скончыўся на пачатку лютага. 

А на тым, што знайшла мая кампанія, быў вельмі дзіўны цімлід: нейкае халеры ён вырашыў пагуляцца ў «таемнага пакупніка» — пачаў ездзіць па краінах, дзе былі лагістычныя вузлы нашага заказчыка, і спрабаваў там то адправіць пасылку, то атрымаць.

…А тым часам дакументацыя на праекце не развівалася, каманда слаба разумела, што рабіць далей, — таму праз некаторы час людзі пачалі скардзiцца. Цiмлiд вярнуўся і жорстка ім адказаў. Я не выбухаў, бо ў мяне гэта быў адзіны праект, але нашу каманду цалкам знялі.

У гэты час у Польшчы адкрылі офіс нашай кампаніі. Трэба была дапамога — ноўтбукі адрамантаваць, софт паставіць, напісаць гайды пра пераезд, чэк-ліст на ДНЖ для кампаніі… Многія, хто былі на бэнчы, займаліся якраз гэтым — і я таксама. Праца аплачвалася па маіх цэнах за гадзіну, і атрымлівалася мінімальная сума, якая была патрэбна, каб нам з сям’ёй далі ДНЖ (а мы якраз падаліся тады).

У красавіку мне знайшлі яшчэ адзін праект. Я «заехаў», напісаў усю дакументацыю, а потым мне далі калегу ў дапамогу. І першае, што яна напісала: «Мне сказалі, што я тут буду цiмлiдом». А ў нас не такая вялікая каманда, каб у ёй былі ліды — ну, і гэта ж я распрацоўваў усю дакументацыю, чаму ж яна цiмлiд? Пры канцы мая мяне з гэтага праекта знялі — яго «аджалі».

«Мая статыстыка за лета: больш за 500 водгукаў на вакансіі, каля 13 запрашэнняў на сумоўі»

Мая менеджарка паспрабавала высветліць, чаму так сталася, бо калега была нават не з нашага юніта, і пра тое, што яна прыйдзе на праект, менеджарка таксама даведалася дзень у дзень. Разборкі цягнуліся недзе месяц — а потым мне сказалі, што ад чэрвеня ў мяне скончыцца кантракт і мы мусім разысціся. 

Я напісаў ліст кіраўніку польскага офіса — пра сям’ю, пра тое, што нам некуды ехаць, каб перачакаць, пакуль я не знайду працы, бо мы якраз падаліся на ДНЖ, — і дадаў у копіі сваю менеджарку і кіраўніцу hr-аддзела. Кіраўнік мой ліст праігнараваў, а менеджарка раззлавалася, бо я «ў яе за спінай» усё правярнуў. Але ж нейкі плён быў: эйчарка сказала, што не ведала, у якой мы сітуацыі, і яны паспрабуюць працягнуць дзень звальнення на сярэдзіну жніўня.

Я пачаў адгукацца на вакансіі — рабіў спачатку па 5 водгукаў на дзень, але гэта нічога не дало. Тады я пачаў недзе па 10 водгукаў рабіць, аднавіў рэзюмэ ды профіль у LinkedIn — і зноў ніводнага адказу. Знаёмая параіла эйчарку, якая за грошы дала парады, як змяніць маё рэзюмэ, каб яно было прывабнейшым. I ўсё роўна ніякіх вынікаў. Я нават напісаў ёй: «Не працуе», — а яна мяне заблакавала. 

Тады я звярнуўся да іншай дзяўчыны — яна кансультавала джуноў (а ў мяне досвед у тэсціраванні — 7 гадоў), але ж ёй было цікава, што ў нас атрымаецца. I вось яе парады былі на 180 градусаў адваротнымі. І гэтая дзяўчына тлумачыла, чаму так і навошта гэтак, — і праз гэтыя тлумачэнні ў мяне нарэшце пайшлі водгукі.

Мая статыстыка за лета: больш за 500 водгукаў на вакансіі, каля 13 запрашэнняў на сумоўі, і 7-8 з іх перараслі ў наступныя этапы. 

Дарэчы, мне нават цяпер прыходзяць адмовы на пошту: «Паглядзелі ваша рэзюмэ, аднак не набіраем на гэтую вакансію». Я загнаўся і спецыяльна праверыў: я падаваўся на пачатку ліпеня — а яны толькі ў лістападзе мне адказалі. А дзе ж яны раней былі, калі вакансія была актуальная, чаму не глядзелі мае рэзюмэ? 

«Шмат заплаціць не зможам, але пераязджайце да нас у Індыю — тут грошай дакладна хопіць» 

Чытаў на dev.by артыкул пра тых, хто працаваў са спецыялістамі і камандамі з Індыі, мне таксама ў часе пошукаў давялося камунікаваць з адным.

Я толькі аднавіў LinkedIn — і ў сябры «пасыпаліся» індыйцы-эйчары. Дадаў аднаго — і гэта была памылка: ён пісаў і пісаў праз кожныя паўгадзіны (а ў мяне паведамленні прыходзяць і на пошту), і не па 2-3 сказы, а па 10-15.

Прапанаваў мне працаваць на праекце плюс навучаць людзей. Я пытаю: «За якія грошы?», — а ён віляе: тэксту зашмат, а лічбаў ніякіх. Да чаго прыйшлі: «Шмат заплаціць не зможам, але, калі хочаце, можаце пераехаць да нас у Індыю — тут гэтых грошай вам дакладна хопіць». 

Ну, я зразумеў, што канкрэтыкі не будзе — і перастаў яму адказваць. А ён усё закідвае мяне паведамленнямі: «Чаму вы мне не адказваеце?», «Ці вы пакрыўдзіліся?», «Ці з вамі ўсё добра?», «Я спадзяюся, што ў вас усё добра!» — і так цягам трох дзён. 

Я зайшоў на яго старонку, паглядзеў агульных сяброў — а іх зашмат. Запытаўся ў некаторых, адкуль яны яго знаюць, і адзін чалавек адказаў, што той індыец напісаў, што гэта я яму яго параіў. Тады я яго выдаліў і заблакіраваў. А праз дзень зноў да мяне ў сябры натоўп эйчараў з Індыі. 

«Жонка знайшла працу — прыбіраць кватэры. Я таксама нелегальна працаваў па начах у Lidl»

Я знайшоў працу пры канцы лета.

На той момант у нас заставалася 170 еўра на жыццё — і то дзякуй жонцы: у сярэдзіне ліпеня яна знайшла працу без афармлення — прыбіраць кватэры, якія здаюцца на суткі. 

Я таксама нелегальна працаваў па начах у Lidl (буйная сетка супермаркетаў у Польшчы) — разгружаў скрыні: дапамаглі хлопцы з беларускай дыяспары. Па дакументах мусілi працаваць іншыя людзi, але хтосьці мог захварэць, або стаміцца, або па іншых справах не выйсці — і мяне выклікалі працаваць за іх. А раніцай разлічваліся: калі 80 злотых дадуць, калі 100. Ім якая розніца, каму плаціць — Васю, Пецю, ці каму яшчэ.

Калі б мяне звольнілі на пачатку жніўня, мой працадаўца мусіў сплаціць мне handshake у памеры 3000 еўра. Але ж, як вы памятаеце, ён перанёс дату на 15-га жніўня — і пункт пра handshake знік без папярэджання. Мне прыйшлося падпісаць дамову, у якой яго прыбралі.

…А праз пару дзён мы атрымалі ліст з ужонду і даведаліся, што ў нас ёсць ДНЖ — яго падпісалі яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. Вох, каб толькі я даведаўся пра гэта ў чэрвені! Так крыўдна! 

«Вы ж беларус, то едзьце ў Беларусь і там падавайцеся на міжнародную абарону»

…Што, калі б я не знайшоў працы, не атрымаў ДНЖ — нават не ведаю. Мы ішлі ва-банк — «трымацца да апошняга». Так,  план з вяртаннем у Беларусь абмяркоўвалі — не для мяне, для жонкі і дзяцей. Але ж мы перабраліся ў Польшчу, каб даць дзецям адукацыю — і што цяпер?

Тут такія школы — у параўнанні з Беларуссю проста XXXI стагоддзе. У дзіцёнка ў класе вучыцца менш за 20 чалавек, кожны дзіцёнак атрымлівае ўвагу, бо ў нас два выкладчыкі на клас. У класе ёсць бясплатныя дадатковыя заняткі польскай мовы — дзіцёнак прамянее, калі вяртаецца са школы.

У Беларусі дзіцёнак вучыўся ў ліцэі. Аднойчы нехта з вучняў сфатаграфаваў у сталовай калону з макаронаў ды сасіску, якая памерла пакутніцкай смерцю, і выклаў у чат. Такі быў кiпiш! А тут мы заходзім на сайт і самі выбіраем, што будзе на абед: першае, другое, кампот. 

Тут дзяцей заахвочваюць вучыцца, іх бясплатна возяць кожны месяц на экскурсіі… 

Відавочна, мы не хацелі губляць гэта. Калі б не далі ДНЖ, думалі падавацца на ўцекачоў. Праваабаронцы казалі: было б лепш, каб мы падаліся адразу, а не пражыўшы год у Польшчы.

Але я хадзіў у польскую амбасаду ў Тбілісі ў красавіку 2022 года — мне адказалі: «Вы ж беларус, то едзьце ў Беларусь і там падавайцеся на міжнародную абарону». «Калі ж я вярнуся, то, хутчэй за ўсё, нікуды больш не паеду». 

Дарэчы, з працадаўцамі гэтак жа сама. Ці то не разумеюць кантэксту, ці то баяцца «рызыкаваць» з беларусамі. Калі я шукаў працу, нярэдка чуў: «Не, мы не бяром людзей з Беларусі і Расіі». І гэта ад кампаній з беларускімі каранямі. Ну-ну, а як вы сюды трапілі? 

Эйчары часта аддаюць перавагу кандыдатам з іншымі пашпартамі — і атрымліваецца, што ў беларусаў няма вялікага выбару: такое «самазбыўнае прароцтва» — застаецца альбо ісці ў расійскія кампаніі, пасля чаго некаторыя выюць, што беларусы на расійскія кампаніі працуюць (з чаго бы гэта?), альбо невядома што — мо і вяртацца. Але вось мой знаёмы працаваў у Andersen у Варшаве, яго звольнілі, вярнуўся ў Беларусь — і там яго затрымалі. Далейшы яго лёс мне невядомы. 

Нават не ўсе ўкраінскія калегі разумеюць кантэкст. Я размаўляў з адным распрацоўшчыкам, ён кажа: «Калі вярнуся ва Украіну, мяне закінуць на фронт ваяваць». Я пытаюся: «Але ж гэта не 100%?» «50:50» — адказвае. «А калі я вярнуся ў Беларусь, хутчэй за ўсё мяне пасадзяць». Тады ён ужо кажа: «Гэта ж не 100%, а таксама 50:50». «Не, гэта 90:10».

«З досведам меншым за 5 гадоў совацца не варта». Джун паспрабаваў працаваць у Канадзе, але вярнуўся ў РБ 
Па тэме
«З досведам меншым за 5 гадоў совацца не варта». Джун паспрабаваў працаваць у Канадзе, але вярнуўся ў РБ

Читать на dev.by