Распрацоўшчыку адмовілі з-за падпрацоўкі ў казіно. У CV і сацсетках ён пра гэта не згадваў

Калісьці быў круп’е.

20 каментарыяў

«Зайшоў на ўнутраны сайт праверыць статус, а там адмова: «Rejected: працаваў у казіно»

Антон* распавёў нам, што ў 2024 годзе буйны вытворца гульняў, які пасля 24.02.2022 падзяліў бізнес на глабальны і расійска-беларускі, адхіліў кандыдатуру яго таварыша, «бо ў Беларусі ён працаваў круп’е ў казіно».

— Гэта было роўна год таму ў Літве. Я адправіў рэфералку на свайго таварыша — ён распрацоўшчык на Python. Літаральна на наступны дзень зайшоў на ўнутраны сайт, каб спраўдзіць статус, а там адмова: «Rejected: працаваў у казіно» — і назва казіно.

Я адразу спытаў у яго, ці праўда гэта. І ён пацвердзіў, што яшчэ ў Беларусі падпрацоўваў круп’е, пакуль не мог знайсці працу ў ІТ. У яго рэзюмэ гэта месца працы не было пазначана, і, наколькі я ведаю, з такімі пытаннямі да яго не звярталіся. Нібыта прабілі недзе.

Дарэчы, ён і ў Літве потым змог уладкавацца круп’е на падпрацоўку — а цяпер працуе як праграміст ва ўсім вядомай сусветнай кампаніі ў Вільне.

«Ніхто ніколі не казаў, што прычына — у маёй працы ў казіно. А яны сказалі»

Мы звязаліся з Яўгенам*, ён пацвердзіў, што да 2020 года сапраўды працаваў у казіно ў Мінску — на працягу 9 гадоў. А пасля яго як джуна запрасіла літоўская ІТ-кампанія: спачатку дыстанцыйна, а потым рэлакавала яго у Вільню.

— Потым здарыўся крызіс — і ў пачатку 2024 года мяне пачалі вымушаць звольніцца па ўласным жаданні, інакш пагражалі звальненнем «па артыкуле» (так, у Літве таксама такое ёсць).

Яшчэ за год да гэтага я пачаў глядзець вакансіі і шукаць іншую працу: падаваўся шмат куды, у тым ліку і ў кампанію, дзе працаваў Антон. Найчасцей мне не адказвалі або адразу «заварочвалі», але бывала, што я праходзіў і скрынінгі з іх эйчарамі — аднак да тэхнічных сумоў'яў не даходзіла.

Пасля таго як Антон парэкамендаваў Яўгена свайму працадаўцу праз рэферальную праграму — распрацоўшчыку ўпершыню адмовілі пісьмова, сцвярджае ён (Знайсці перапіску з HR Яўген не змог, мяркуе, што выдаліў яе. — Заўв.)

— За час пошуку працы я атрымаў нямала адмоваў, але ніхто ніколі не казаў, што прычына — у маёй працы ў казіно. А яны сказалі. І так, у рэзюмэ гэта месца працы я не ўказваў.

Мы спыталі ў Яўгена, дзе яшчэ ён мог згадваць гэты факт са сваёй біяграфіі. «Нідзе», — запэўніў малады чалавек: ні ў LinkedIn, ні ў іншых сацсетках гэтага не было.

Пацешна, што ў гульнях, якія робіць кампанія, што адмовіла распрацоўшчыку, «ёсць лутбоксы і рулеткі» — і калі б у хлопца быў досвед працы ў iGaming, магчыма, вынік быў бы іншым, мяркуе наш першы суразмоўца Антон.

Казіно прафдэфармуе?

Большасць эйчараў, якія працавалі ў кампаніі або калісьці супрацоўнічалі з ёй, — праігнаравалі наш запыт або абмежаваліся адказам, што «гэта лухта» і «такога дакладна не можа быць».

Некалькі вядомых эйчараў, не звязаных з кампаніяй, таксама адмовіліся каментаваць сітуацыю.

У той жа час адзін з іх выказаў здагадку, што гэта «не правіла, а ініцыятыва асобнага супрацоўніка» — маўляў, для кагосьці з эйчараў праца ў казіно была табу на папярэднім месцы, і ён «перанёс гэтыя ўстаноўкі ў новую кампанію. Магчыма, з Беларусі».

HRD з 17-гадовым досведам Вікторыя* адзначыла, што ў сваёй практыцы сутыкалася з «перадузятым стаўленнем працадаўцаў да кандыдатаў з такіх сфер, як афлайн-казіно і iGaming». З крыху больш зразумелых стоп-фактараў: сваякі ў месцах пазбаўлення волі, адміністрацыйныя штрафы, праца на канкурэнта (апошняе, праўда, магло быць і плюсам).

Мы спыталі ў Вікторыі, чаму ўвогуле кандыдаты з казіно могуць быць пад забаронай. Яна адказала, што, верагодна, «на думку фаўндараў, казіно — неэтычны бізнес».

— Ёсць меркаванне, што сцэнарыі зносін і паводзінаў, якім у казіно вучаць супрацоўнікаў, — выключаюць поўную сумленнасць. У выніку яны і ў жыцці губляюць гэтую якасць — прафдэфармацыя. Але што яшчэ важна: назіраючы кожны дзень, як нехта ў гульнявой зале падымае «лёгкія грошы», некаторыя супрацоўнікі казіно пачынаюць цаніць у жыцці толькі грошы — і наўрад ці змогуць падзяляць каштоўнасці іншых кампаній.

Мы пагаварылі яшчэ з адным HRD — Аляксандр* адказаў, што «бачыў велізарную колькасць перадузятасцяў з боку ўласнікаў і наймаючых менеджараў. На гэтым фоне праца ў казіно — прыкрае непаразуменне».


А якія вашы версіі?


*Імёны зменены на просьбу спікераў.

Дасведчаны дызайнер год шукае працу паўсюль — вось яго пранізлівы маналог (дарэчы, ён не вінаваціць ШІ)
Па тэме
Дасведчаны дызайнер год шукае працу паўсюль — вось яго пранізлівы маналог (дарэчы, ён не вінаваціць ШІ)

Читать на dev.by