Выдаткі на заробкі ўпалі амаль на 40%. Вывучылі фінасправаздачу беларускага офіса EPAM за 2023
У 2023 годзе беларускі офіс EPAM выдаткоўваў на заробкі значна менш, чым годам раней. У офіса моцна зменшыліся даходы і падатковыя выплаты. Dev.by вывучыў бухгалтарскія справаздачы ЗТАА «ЭПАМ Сістэмз» (даступныя на kartoteka.by).
Колькі EPAM выдаткоўваў на заробкі ў Беларусі
Сярэдняя колькасць супрацоўнікаў беларускага EPAM за 2023 год (паводле даных kartoteka.by) — 4965 чалавек.
Колькі супрацоўнікаў працавала ў беларускім офісе EPAM да 2023 года?
Мы не ведаем дакладна, якой была сярэдняя колькасць супрацоўнікаў беларускага офіса ў 2022 годзе (паводле нашых даных, каля 6 тыс. чалавек пры канцы года), але вядомая дынаміка скарачэння вытворчага штату. Пры канцы 2021 года ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 9,4 тыс. вытворчых спецыялістаў, пры канцы 2022 года — 4,5 тыс., пры канцы 2023-га — 3,5 тыс.
На аплату працы юрыдычная асоба ў Беларусі выдаткавала ў 2023 годзе 417,9 млн BYN. Гэта на 38% менш, чым у 2022 годзе (676,5 млн BYN).
У справаздачы ёсць яшчэ графа «іншыя выплаты». На іх другі год запар кампанія выдаткоўвае значна большыя сродкі, чым на заробкі: 617 млн BYN у 2023 і 929 млн BYN годам раней.
Калі падзяліць зарплатны фонд на колькасць супрацоўнікаў, атрымаем 84 163 BYN, што падобна да памеру сярэднегадавой зп. Сярэднямесячная зп у такім выпадку — 7014 BYN.
Колькі беларускі офіс EPAM зарабіў у 2023 годзе
- Выручка кампаніі ад рэалізацыі ў 2023 годзе склала 550,4 млн BYN. Гэта на 42% менш, чым у 2022-м (943,1 млн BYN) і на 56% менш, чым у 2021-м (1 251,7 млн BYN).
- Сукупны прыбытак за 2023 год — 20,2 млн BYN. Гэта ў 5 разоў менш, чым годам раней (112,1 млн BYN) і ў 10 разоў менш, чым у 2021-м (200,5 млн BYN).
- Доўгатэрміновыя актывы кампаніі пры канцы 2023 года складалі 108,4 млн BYN, за год яны ўпалі на 14%.
- Неразмеркаваны прыбытак таксама скараціўся: 308,2 млн BYN пры канцы 2023 года супраць 493,7 млн BYN (-38%) годам раней і 937,2 млн BYN пры канцы 2021 года.
- На падаткі ў 2023 годзе сышло 95,1 млн BYN (-44% да 2022 года).
Читать на dev.by