Распрацоўшчык VironIT сышоў у адпачынак і не вярнуўся. На яго падалі ў суд
Яшчэ адзін суд з удзелам VironIT (іх было шмат). Распрацоўшчык В. быў незадаволены ўмовамі працы і заробкам і вырашыў не вяртацца на працу пасля адпачынку. У VironIT з ім скасавалі кантракт, а праз некаторы час падалі ў суд з патрабаваннем кампенсацыі (усё тыя ж 5 тыс. долараў).
В. апынуўся ў VironIT прыкладна паўтара года таму. Пасля трохмесячнай стажыроўкі яму прапанавалі кантракт на два гады «без права сыходу».
В. расказвае, што была дамоўленасць аб пераглядзе заробку ў лістападзе 2021 года (ён атрымліваў $600). Новы заробак VironIT прапанавала толькі ў канцы снежня.
«Перагляд заробку ў VironIT пастаянна пераносіўся. Гэтым часам я збіраўся ў адпачынак і ўжо вырашыў, што не буду з яго вяртацца. Я атрымаў офер ад іншай кампаніі — з больш высокім заробкам і лепшымі ўмовамі працы. У апошні дзень перад адпачынкам мяне выклікае рэсурсны менеджар і кажа, што мне павышаюць заробак з $600 „чыстымі“ да $1100 „бруднымі“ — „павышаем амаль у два разы“. „Чыстымі“ атрымлівалася ўсяго $957», — згадвае В.
З адпачынку В. не вярнуўся.
«Пачаліся званкі ад VironIT: дзе ты, чаму не выходзіш? Я сказаў, што мне не цікавыя ні кампанія, ні праект, вяртацца не збіраюся. Спыталі, ці разумею я, што прыйдзецца плаціць $5 тыс. за скасаванне кантракта. Так, разумею», — расказвае В.
З ім скасавалі кантракт і аддалі працоўную. У лютым, пасля пачатку вайны ва Украіне, В. з’ехаў з Беларусі. Ужо ў іншай краіне яму патэлефанавалі з VironIT з альтэрнатыўнай «прапановай, як можна вярнуць грошы». В. нават не стаў яе выслухоўваць. Пазней ён даведаўся, што кампанія падала на яго ў суд.
Па словах В., на суд ён ісці не збіраецца. У яго беларускі пашпарт серыі PP і нават няма прапіскі ў Беларусі.
«Ці буду ездзіць у Беларусь? Паглядзім па выніках суда», — кажа В.
На думку В., не было ніякага шанца, што кампанія пойдзе яму насустрач і скасуе дамову паводле пагаднення бакоў, а дапрацоўваць амаль год, які застаўся па кантракце, ён не хацеў праз умовы працы. Распрацоўшчык называе іх «рабскімі».
«Супрацоўнікаў прымусова вярнулі з аддаленай працы ў офіс пры канцы лістапада. Пастаяннае пачуццё, што за табой сочаць, атмасфера недаверу: тайм-трэкер, камеры ў офісе. Джунаў прадаюць заказчыкам як сеньёраў. На ўсім эканомяць. На кухню выносілі абаранкі (абаранкі!) адзін раз на дзень. У офісе скончылася пітная вада — што ж, чакайце, заўтра прывязуць», — дзеліцца В.
Першае пасяджэнне суда па пазове VironIT (ТАА «ВАСофт») павінна было адбыцца 12 жніўня. Пра яго вынікі пакуль невядома.
У VironIT не адказалі на просьбу dev.by пракаментаваць сітуацыю.
Суд з В. — не адзіны, у якім VironIT удзельнічае найбліжэйшым часам. У раскладзе судоў на жнівень-верасень ёсць яшчэ два пасяджэнні з VironIT. У адным з іх кампанія выступае ў ролі пазоўніка, у іншым — у ролі адказчыка.
Удзельнікі судовых працэсаў пры жаданні могуць падзяліцца з dev.by падрабязнасцямі. Пішыце ў тэлеграм-бот.
Читать на dev.by