Распрацоўшчыкі бегаюць за рэкруцёрамі. Як айцішнікі сумовяцца ў Беларусі
Рынак ІТ-вакансій у Беларусі даўно ў памежным стане — ані жывы, ані мёртвы. А як зацяжны крызіс у галіне адбіваецца на працэсе наймання? Спыталіся ў айцішнікаў, якія праходзілі сумоўі ў Беларусі за апошнія паўгода. Атрымалі тры гісторыі.
PM: «Культура прыёму на працу знізілася»
Project Manager, досвед у PM — 2 гады, досвед у ІТ — 8, за паўгода пошукаў 300 водгукаў, 20 сумоўяў, 3 оферы. Зп — 1К.
— Колькі месяцаў таму атрымала офер на пазіцыю Project Manager у беларускім офісе вялікай аўтсорс-кампаніі.
Досвед у ІТ — 8 гадоў на розных ролях. Досвед у PM — 2 гады.
Пачала шукаць працу летась, калі стала зразумела, што на бягучай (аўтсорс-кампанія сярэдніх памераў) нас неўзабаве «ўсіх таго». Проста паступіла настойлівая рэкамендацыя рэлакавацца. Некаторых скарацілі. Я не стала чакаць і вырашыла сысці сама па завяршэнні кантракта.
Разаслала шмат рэзюмэ па ўсіх ролях, якія змагла б выконваць (пачынаючы ад тэхпадтрымкі і заканчваючы HR). За прыкладна паўгода было каля трохсот водгукаў. Самі рэкруцёры мне пісалі толькі ў лінкедзіне і з прапановай рэлакацыі. Сумоўяў было штук 20.
На іх амаль усе хацелі або спецыяліста за 300$, або са ста гадамі стажу, або такога, што знаходзіцца ў Букінгемскім палацы. У тым ліку прапаноўвалі плаціць у канверце (гэта ў маленькай аўтсорс-кампаніі). Рэлакейт таксама прапаноўвалі (Літва, Польшча, Узбекістан), але для мяне гэты варыянт сёння не падыходзіць. Фідбэк амаль усюды адсутнічаў, анбордзінг таксама. Да 2020 года гэта выклікала б цякучку, але цяпер людзям ісці няма куды, вось і трываюць.
Было шмат хамства. Больш за ўсё здзівіла кампанія, якая робіць рашэнні на базе Salesforce: кадравіца пераконвала мяне, што дагэтуль я працавала не ў ІТ. У гэтай кампаніі яшчэ нейкі вельмі хрысціянскі склад кіраўнікоў, як ні дзіўна.
Офераў было тры, два з іх мне зусім не падыходзілі. У першым выпадку зп мне падалася нізкай, і я адмовілася. Потым пашкадавала. Трэба было ісці. Гэта была геймдэў-кампанія ў Гомелі. У другім выпадку былі вельмі непрыемныя фаўндары, яны неэтычна паводзілі сябе на сумоўі: выказвалі шмат негатыву ў адрас іншых, а самі не маглі нармальна расказаць пра працу.
У выніку абрала трэці, ад буйной аўтсорс-кампаніі. Там былі 4 этапы інтэрв’ю + тэставае. Быў невялікі фідбэк, анбордзінг — у выглядзе вэлкам-ліста ў першы дзень, усё. Нават офіас не паказалі, маўляў, усё роўна хадзіць сюды не будзеш. Так, тут па-ранейшаму аддаленая праца. Няма сэнсу хадзіць у мінскі офіс, калі частка супрацоўнікаў усё роўна не ў РБ і з камандай усё роўна трэба камунікаваць аддалена. Для кампаніі ж гэта эканомія (плошчы моцна скарачаюць) і атрыманне лаяльнасці супрацоўнікаў без дадатковых намаганняў.
Прапанаванай зп незадаволеная, хоць далі такую, якую я сама папрасіла. А прасіла я на падставе агульнай сумнай карціны — вось сумна і атрымалася.
У цябе цікавяцца пра заробкавыя чаканні, але дыяпазону пры гэтым ніхто не называе, нават калі пытаеш напрамую. Калі чуюць суму, з табой не таргуюцца — проста робяць каменныя твары, кажуць, што звяжуцца, і тонуць у заходзе.
Праз некаторы час твае чаканні пачынаюць падаць. І просіш менш. У такі вось момант мая цяперашняя кампанія пагадзілася на агучаную суму. Хацелася 2К — рэальнасць выявілася ў два разы сціплейшай. І выказваць незадаволенасць я ім не буду, бо прапанавала сама.
Працую на новым месцы некалькі месяцаў, што праўда, ужо збіраюся сыходзіць. З пункту гледжання бізнэсу ў кампаніі ўсё выглядае нядрэнна. Праекты ёсць, хоць іх, пэўна, і менш, чым раней. І кліент, мабыць, сціплейшы. Але бэнч аплачваецца цалкам, прымусова ў адпачынкі не адпраўляюць. Ёсць карпаратыўная англійская, вясной-летам абяцаюць цімбілдынг.
А вось у культурным плане там ад самага пачатку ўсё пайшло не так. Набат з чырвоных званоў не змаўкаў, але я заплюшчыла вочы абсалютна на ўсё, запэўніўшы сябе, што гэта вялікая кампанія з сур’ёзнай гісторыяй, і значыць усё будзе добра.
На старым месцы было сумна, многія неахвотна з’язджалі, некаторыя чакалі да апошняга, кагосьці скарачалі, іншыя сыходзілі ў нікуды. На новым месцы ні з кім не камунікую, толькі на званкі працоўныя хаджу. Думаю, настроі тут таксама не вельмі, але, мабыць, прынята казаць толькі пра паспяховыя поспехі, а пра трывогі казаць не прынята: таго глядзіш, у псіхі запішуць.
Цяпер камунікую з EPAM — шукаюць PM на ўнутраныя праекты. Настроі там здаюцца больш-менш нармальнымі.
Рэзюмуючы: культура прымання людзей на працу знізілася. Гэта і пра вакансіі з абавязкамі Стыва Джобса за вельмі нізкую зп, і пра манеру рэкруцёраў паводзіцца, і пра стаўленне да беларускіх супрацоўнікаў як да людзей другога гатунку. І калі эканамічны складнік гэтай сітуацыі можна зразумець, то хамства ў адносінах да людзей не. Вось і агалілася тое, што ўнутры.
QA: «Проста дэмпінгуюць і чакаюць патрэбную колькасць людзей»
QA Automation Middle, досвед — 3 гады, за 4 месяцы пошукаў працы ў РБ прайшоў 10 інтэрв’ю. Оферы былі, але не задавальняла зп. Знайшоў працу ў Польшчы.
— Шукаў месца на пазіцыю QA Automation Middle мінулай восенню-зімой. Разглядаў прадуктовыя кампаніі або аўтсорс, які працуе на заходні рынак.
Рассылаў рэзюмэ пад канкрэтныя вакансіі на праца.бай альбо LinkedIn. Камунікацыя сканчалася адразу толькі ў тых выпадках, калі для кампаніі была крытычная праца з якой-небудзь другараднай тулай, з якой у мяне не было досведу.
У выніку за чатыры месяцы прайшоў каля 10 інтэрв’ю, з іх 4 — у аўтсорс-кампаніях. У адной яшчэ на этапе сумоўя высветлілася, што праект рускамоўны і ў ім усё пакрыта туманам. Мы адразу зразумелі, што не падыходзім адно аднаму, у выніку — адмова.
У двух іншых я прайшоў тэхнічныя інтэрв’ю, пазней адная з кампаній папрасіла зрабіць яшчэ і тэставае заданне. У выніку атрымаў оферы ад абедзвюх, але сумы былі значна ніжэйшыя за тую, якую прасіў. Я б нават сказаў, ніжэй за рынак, улічваючы пазіцыю/досвед.
Мой стаж у ІТ — тры гады. Сыходзіў з зп 2K+, шукаў месца на 2,6K. А оферы былі на 2К.
Плюс у іх не было канкрэтных праектаў, яны прапаноўвалі для пачатку наняцца ў штат. То-бок была рызыка апынуцца адразу ж на бэнчы альбо трапіць на які-небудзь легасі-фінтэх. Вось так уладкуешся і патрапіш на поўнае глупства, і адмовіцца не зможаш, хіба што сысці з кампаніі раней за выпрабавальны.
У адной з фірмаў фідбэк прыйшлося выбіваць. Пасля маёй адмовы ніхто нават не спрабаваў даведацца прычыны. Такое пачуццё, што рэкруцёры проста спрабуюць набраць патрэбную колькасць кандыдатаў, і так як іх нашмат больш, чым прапаноў, то проста дэмпінгуюць. Я адмоўлю, але наўзамен прыйдзе яшчэ некалькі, так што можна не парыцца.
У чацвёртай кампаніі была самая надзейная рэпутацыя. На тэхсумоўі мне спадабаўся праект, ды і ў прынцыпе мы спадабаліся адно аднаму. Потым было паспяховае інтэрв’ю з заказчыкам. У выніку, са слоў эйчара, заказчык адмовіўся ад пазіцыі.
Увесь гэты час я сачыў у LinkedIn за прыкладна двума дзясяткамі людзей з маім стэкам, якія знаходзіліся ў пошуку працы. У выніку невялікая частка апынулася ў Польшчы; некаторыя прыбралі плашку, не змяніўшы месца бягучай працы; іншыя знайшлі новае месца ў кампаніях, звязаных з РФ; пару чалавек уладкаваліся ў прадуктовыя кампаніі; астатнія дагэтуль у пошуку, некаторыя ўжо паўгода.
Важнае ўдакладненне: я шукаў працаўладкаванне па кантракце з прывязкай зп да цвёрдай валюты.
Калі даведваўся, што праект расійскі, то спыняў камунікацыю. Раней такіх кампаній было няшмат, а цяпер, такое пачуццё, адсоткаў 50-60. Гэта ў асноўным фінтэх. Вакансій на праекты для расійскіх банкаў, дарэчы, вельмі шмат.
У B2B таксама, паводле маіх адчуванняў, большасць вакансій — гэта рынак РФ з аплатай у RUB, якія канвертуюцца па жахлівым курсе. У выніку накрутка будзе такая ж, што і па кантракце, але без сацадлічэнняў у РБ + пастаяннае чаканне далейшага абясцэньвання зп.
Па фану пайшоў на адное сумоўе, з лёгкасцю прайшоў яго і атрымаў офер. Гэта было ІП, таму ўсе плюшкі былі для тых, хто знаходзіцца ў РФ, хто працуе з РБ — толькі аплата працы.
Сам я ад новага года пачаў шукаць працу ў Польшчы. Менш як праз месяц у мяне быў офер ад кампаніі з беларускімі каранямі. Ён пакрываў дадатковыя выдаткі на пражыванне за мяжой, а рэшта атрымлівалася такой жа, якую я шукаў у РБ «чыстымі». Цяпер бачу, што можна было знайсці прапанову і на лепшых умовах, але я і так доўга прасядзеў без працы, таму доўга не перабіраў.
Цяпер я ў Варшаве. Пра ўражанні казаць яшчэ рана.
Распрацоўшчык: «Рэйты знізіліся на 10-15%»
.NET і Angular-распрацоўшчык, стаж 6 гадоў, за 5 тыдняў прайшоў 15 тэхнічных сумоўяў, атрымаў 2 оферы, абраў на 3К.
Узімку мяне звольнілі. Менеджар проста патэлефанаваў і сказаў, што ў мяне 10 працоўных дзён, каб перадаць веды.
Наступныя пяць тыдняў я шукаў працу на пазіцыю Senior Software Engineer у галіне .NET і Angular. Мой досвед 6+ гадоў.
Рэзюмэ разаслаў не вельмі шмат. Адгукаўся на ўсе вакансіі, звязаныя з маёй галоўнай мовай, на devby.io, на rabota.by і ў LinkedIn. Адаслаў рэзюмэ ў некалькі кампаній, дзе не было вакансій, — там, відавочна, адмовілі.
Водгукаў за ўвесь час пошукаў было 40-50. З буйных кампаній быў у Andersen. Exadel і EPAM працу прапаноўваюць толькі з рэлакейтам. У астатніх буйных кампаній вакансій не бачыў зусім. Сябар з ITechart сказаў, што ў РБ вакансій няма. Сябар з SCAND сказаў, што [прыдатную] вакансію нядаўна закрылі.
Здаецца, у мяне добрае рэзюмэ, таму на першае інтэрв’ю з эйчарам у РБ клікалі ў 40%; калі кампанія расійская, то ў 5% выпадкаў. Так, ад расійскіх кампаній на rabota.by адразу ішлі адмовы. У мяне толькі адная здагадка на гэты конт — у іх аплата ў расійскіх рублях, а я б так не хацеў.
На тэхнічныя сумоўі клікалі радзей. Часам пасля невялікай размовы з эйчарам адразу ішло інтэрв’ю з заказчыкам. Усяго прайшоў каля 30 сумоўяў з эйчарамі і каля 15 тэхнічных. У выніку атрымаў два оферы ад невялікіх кампаній у РБ.
Прапановай па зп не вельмі задаволены. Звычайна я казаў, колькі атрымліваў на старой працы, і ад гэтага адштурхоўваўся. Кампаніі таргаваліся, у выніку страціў каля 7%.
Паводле адчуванняў, рэйты ў параўнанні з пачаткам 2022 года знізіліся на 10-15%. У 2021-м у мяне былі оферы на $3100 грос і $2850 нета, цяпер — на $3700 грос і $3000 нета. Але тады я быў хутчэй мідл, а цяпер — сеньёр, да таго ж англійскую падпампаваў.
Зрэшты, быў офер з зп як і на мінулым працы, але абраў іншую кампанію, надзейнейшую. З бонусаў: аплачваюць 50% выдаткаў на вывучэнне англійскай, трэнажоркі не аплачваюць. Пячэнькі ў офісе ёсць:—) Пра ўражанні казаць яшчэ рана — толькі ўладкаваўся.
Высновы: вельмі мала вакансій, многія наогул не наймаюць у РБ, занадта вялікая канкурэнцыя, падзенне рэйтаў. Фідбэк жудасны, часам эйчары знікаюць.
Канкурэнцыя адчуваецца і па часе чакання адказаў, і па тым, як запрашаюць на інтэрв’ю, і па колькасці адмоў. Рэкруцёры і не хаваюць, што хочуць паглядзець усіх. Раней шукалі людзей «пра запас» і на розныя праекты, цяпер — пад канкрэтны праект, прычым ад кандыдата патрабуюць спецыфічных ведаў. Калі праект амерыканскі, могуць прапанаваць працаваць напрамую з заказчыкам паводле ППД.
Разам: раней кампаніі заваблівалі як маглі. Цяпер распрацоўшчыкі бегаюць за рэкруцёрамі.
Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.
Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.
Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.
Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.
Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.
Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.
Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.
Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :)
У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by