Raiffeisen застанецца банкам-карэспандэнтам Прыёра. Вось што сказалі dev.by у аўстрыйскім банку
Мінулага тыдня стала вядома, што аўстрыйская кампанія Raiffeisen Bank International прадае акцыі Прыёрбанка інвестару з ААЭ. Як змена ўласніка паўплывае на грашовыя пераводы ў Беларусь з Еўропы і ЗША для кліентаў Прыёрбанка — спыталіся ў Raiffeisen Bank International.
Прыёрбанк паведаміў: SOVEN 1 Holding Limited набыў 100% акцый Raiffeisen CIS Regional Holding GmbH у Raiffeisen Bank International AG. А гэта значыць, у выніку ўгоды 87,74% акцый Прыёрбанка пяройдзе SOVEN1.
Мы паслалі запыт у RBI і спыталіся, ці застанецца банк у якасці банка-карэспандэнта для міжнародных пераводаў у еўра і доларах. Ну і як у цэлым паўплывае змена ўласніка на грашовыя пераводы ў Беларусь з Еўропы і ЗША.
Прадстаўнік карпарацыі Крыстаф Данц даслаў такі адказ:
— RBI envisages to remain a correspondence bank of Priorbank. This subject to any changes with respect to sanctions and regulations and RBI compliance standards and internal policies.
Ён азначае, што RBI мае намер заставацца банкам-карэспандэнтам. Змены ўсё ж магчымыя ў сувязі з санкцыямі, а таксама зменай стандартаў і ўнутранай палітыкі RBI.
Прыёрбанк раней заяўляў, што «працягне абслугоўваць кліентаў у адпаведнасці са сваімі аперацыйнымі і стратэгічнымі банкаўскімі патрабаваннямі». SOVEN 1 і Raiffeisen будуць працаваць разам з Прыёрбанкам, каб дасягнуць поўнага завяршэння ўгоды ў чацвёртым квартале гэтага года.
Мы таксама паслалі запыт у Прыёрбанк — і дадамо каментар, як толькі атрымаем яго.
Читать на dev.by