РБК: «Яндэкс» хочуць хутчэй падзяліць, а фонд менеджараў можа атрымаць расійскі бізнэс
Менеджары нідэрландскай Yandex N. V. абмяркоўваюць некалькі варыянтаў рэструктурызацыі кампаніі.
Паводле даных крыніц РБК, гаворка вядзецца пра выдзяленне расійскага бізнэсу ў асобную юрыдычную асобу і прыцягненне інвестараў у ейны капітал. Yandex N. V. плануе стварыць у Расіі структуру, у якой будзе валодаць доляй 100%. Месцам рэгістрацыі можа стаць спецыяльны адміністрацыйны раён Калінінграда — зона з палегчаным падатковым рэжымам.
У новую расійскую кампанію будзе перанесеная «залатая акцыя», якая належыць Фонду грамадскіх інтарэсаў і дазваляе блакаваць угоды з буйнымі пакетамі акцый кампаніі. Таксама можа з’явіцца фонд менеджараў, у які ўвойдуць былы кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын, экс-гендырэктар кампаніі Тыгран Худавердзян, гендырэктар «Яндэкса» Арцём Савіноўскі і дырэктар бізнэс-групы электроннага гандлю і лагістычных сэрвісаў Данііл Шулейка.
Нідэрландская кампанія плануе перадаць фонду менеджараў кіраванне расійскім бізнэсам на пяць гадоў, у тым ліку права галасавання кантрольным пакетам акцый і права прызначаць да шасці прадстаўнікоў у раду дырэктараў. Yandex N. V. атрымае ліцэнзіі на развіццё за мяжой чатырох кірункаў: воблачных тэхналогій, «Яндэкс Практыкума», «Талакі» і беспілотнікаў.
Рэструктурызацыя можа прывесці да продажу 51% расійскага «Яндэкса» інвестарам за $4 мільярды. 49% акцый захавае Ynadex N. V. У спіс магчымых інвестараў уключылі 20 чалавек, сярод іх — уладальнік «Полюса» Сулейман Керымаў, старшыня рады дырэктараў НЛМК Уладзімір Лісін, акцыянеры ЛУКОЙЛа Вагіт Алекпераў і Леанід Фядун, уладальнік групы «Рэнова» Віктар Вексельберг, заснавальнік «Магніта» Сяргей Галіцкі, саўладальнік «Северсталі» Аляксей Мардашоў, сузаснавальніца Wildberries Таццяна Бакальчук, прэзідэнт «Інтэрроса» Уладзімір Патанін ды іншыя.
Крыніцы РБК адзначаюць, што ў магчымай угоды ёсць дзве праблемы. Прыватныя інвестары на тле санкцыйных рызык «не гатовыя шмат плаціць». Таксама 51% акцый тычыцца «эканамічнага інтарэсу», а ўсе кіраўнічыя рашэнні будзе прымаць фонд менеджараў. Іншы варыянт — перадача фонду правоў на кіраванне расійскім бізнэсам у абмен на ліцэнзіі развіцця чатырох кірункаў і $400 мільёнаў нідэрландскай структуры. Насамрэч схем рэструктурызацыі кампаніі больш за дзве, але частка з іх ужо выявілася неактуальнай, падкрэслівае адная з крыніц выдання.
Читать на dev.by