Рэкламны ролік Tesla пра аўтапілот 2016 года быў пастановачным
Прома-ролік 2016 года, у якім Tesla дэманстравала здольнасці сваёй сістэмы беспілотнага кіравання — напрыклад, спыняцца на чырвоны сігнал святлафора і хутка ехаць на зялёны — быў фэйкам, піша Reuters. Пра гэта, даючы паказанні на судзе мінулага ліпеня, заявіў старшы інжынер Tesla Ашок Элусвамі.
Відэа дагэтуль даступнае на сайце аўтавытворцы. Яно было выпушчана ў кастрычніку 2016 года і піярылася гендырэктарам кампаніі Іланам Маскам у Twitter.
У відэа гаворыцца, што чалавек на сядзенні кіроўцы прысутнічае толькі з юрыдычных прычын і нічога не робіць, а Model X едзе сам.
Але, паводле слоў дырэктара па праграмным забеспячэнні аўтапілота, электракар «ехаў сам» не пры дапамозе софту Tesla. Каманда Элусвамі прыдумала і зняла «дэманстрацыю магчымасцей сістэмы» на просьбу Маска.
Для стварэння відэа выкарыстоўвалася 3D-картаграфаванне загадзя вызначанага маршруту ад дома ў каліфарнійскім Менла-Парку да тагачаснай штаб-кватэры Tesla ў Апала-Альта.
Кіроўцы перахоплівалі на сябе кіраванне падчас тэставых заездаў. А падчас запісу таго, як Model X нібыта самастойна паркуецца, тэставы аўтамабіль урэзаўся ў плот на пляцоўцы Tesla.
«Мэтай відэа не было дакладна паказаць, на што маглі разлічваць пакупнікі ў 2016 годзе. Мэтай было паказаць, што было магчыма ўбудаваць у сістэму», — адзначана ў стэнаграме паказанняў Элусвамі.
Цяпер у дачыненні да Tesla і яе аўтапілота праводзіцца шэраг расследаванняў у ЗША. Адное з іх Мінюст краіны распачаў у 2021 годзе пасля шэрага аварый, у тым ліку смяротных, з удзелам сістэмы.
Пра тое, што відэа было зманціраваным, таго ж году са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамляў New York Times — але без падрабязнасцей пра зададзены маршрут і сутыкненне.
У 2018 годзе ў аварыі з удзелам аўтапілота Tesla загінуў інжынер Apple. На думку адваката, які абараняе ў судзе інтарэсы яго жонкі і дапытваў Элусвамі ў ліпені, сваім відэа кампанія ўводзіць кліентаў у зман адносна здольнасцей аўтапілота.
Нягледзячы на назву, аўтапілот Tesla не з’яўляецца тым, чым здаецца. Кампанія папярэджвае, што кіроўца заўсёды павінны трымаць рукі на стырне і сачыць за дарогай. Сістэма прызначаная для дапамогі ў кіраванні, тармажэнні, змене хуткасці і палос руху, але ўсё гэта «не робіць аўтамабілі аўтаномнымі», сказана на сайце кампаніі.
Читать на dev.by