«Рэлакавалі расійцаў». Чым яшчэ правініліся айцішнікі і PBH

Калі беларусаў, якія пераехалі, недалічыліся, то расійцаў, наадварот, падалося шмат.

50 каментарыяў

У Польшчы працягваецца разбор наконт віз, выдадзеных у рамках Poland. Business Harbour — праграмы, якая не апраўдала чыіхсьці спадзеваў.

Днямі камісія па расследаванні візавага скандалу выслухала экс-прэзідэнта Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю (PAIH) Кшыштафа Дрынду. У часе яго тлумачэнняў з кіраўніком камісіі Міхалам Шчэрбам высветліліся новыя падрабязнасці. Так, адная з прэтэнзій да каардынатараў праграмы ў тым, што пасля 24.02 разам з беларускімі айцішнікамі масава рэлакаваліся і расійскія.

У чым рэч

Гаворка пра візы, якія выдаваліся менавіта па спісах PAIH (заяўкі на індывідуальныя PBH-візы, для якіх некалі хапала ІТ-адукацыі/стажу, і візы для стартапаў праходзілі праз іншыя ведамствы).

PAIH атрымлівала спісы супрацоўнікаў ад ІТ-кампаній і выдавала па іх рэкамендацыі ў МЗС і Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. У тым ліку працавалі і з расійскімі ІТ-кампаніямі (летам 2021 года праграма была пашыраная на Расію, Грузію, Малдову, Арменію і інш.

У дэталях абвінавачванняў разабрацца не так проста, нягледзячы на тое што медыя добрасумленна заканспектавалі спрэчкі Дрынды і Шчэрбы. Але сэнс у тым, што адразу пасля 24.02 PAIH перастала абслугоўваць расійскія кампаніі (версія Дрынды), а шчыліны для іх усё роўна засталіся (версія Шчэрбы). 

Спісы супрацоўнікаў расійскія кампаніі нібыта сталі падаваць праз афіляваныя структуры ў Беларусі. І атрымліваць візы. У прыклад Шчэрба прывёў Softline Holding, якая быццам бы «прывезла» ў Польшчу 200+ супрацоўнікаў (Дрында запярэчыў, што, «здаецца, гэтых супрацоўнікаў не прывезлі»). Іншы прыклад — Belitsoft, якая быццам бы запрасіла візы для 180+ супрацоўнікаў. 

Расійскія кампаніі выкарыстоўвалі беларускія, каб перавезці на тэрыторыю ЕС і NATO расійскіх грамадзян, — на такой версіі настойвае кіраўнік следчай камісіі. 

Між тым за ўвесь час дзеяння праграмы расійцы атрымалі 2524 PBH-візы (пар. з 88,5 тыс. віз, якія атрымалі беларусы). 

Што кажуць расійскія айцішнікі

Пагутарылі з расійскімі айцішнікамі ў Польшчы і даведаліся, што ў 2021 годзе яны атрымлівалі PBH гэтак жа лёгка, як і беларусы (ІТ-адукацыя або досвед працы).

Пасля 24.02 консульствы ў РФ сталі закрывацца, і афармленне віз перамясцілася ў суседнія краіны. Прычым у Грузіі і Арменіі ў індывідуальным парадку PBH выдавалі аж да афіцыйнага прыпынення праграмы 26 студзеня 2024 года. Забароны на выдачу PBH расійцам не было. Адзіны нюанс — трэба было мець ДНЖ у краіне падачы. У адным з чатаў знайшлі справаздачу шчасліўчыка, які атрымаў такім чынам візу 23 студзеня (Тбілісі).

Што да масавага афармлення віз пасля 24.02, то расійцы называюць гэта натуральнай рэакцыяй на падзеі. 

— У беларускіх кампаній былі свае офісы ў Расіі, у расійскіх кампаній — у Беларусі — зразумела, што яны сваіх людзей стараліся вывезці, — кажуць айцішнікі. — Наўрад ці яны вывозілі супрацоўнікаў чужых кампаній.

Прычым PBH не была панацэяй для расійцаў: паводле іх слоў, да закрыцця консульстваў яны лёгка атрымлівалі працоўныя польскія візы. Так маглі пераязджаць цэлыя ІТ-кампаніі.

Хто каму плаціць?

Следчая камісія агучыла нейкі прайс на паслугі кампаній-пасярэднікаў, якія садзейнічалі ў выдачы віз за грошы — 1200-1800 еўра — і памер штрафу для такіх нядобрасумленных кампаній — 1000 злотых. Ці ідзе гаворка пра ІТ-кампаніі, якія маглі ўключаць у свае спісы чужых за грошы, і колькі чалавек можна было падаць за агучаную суму, незразумела. 

Затое вядома, што, насуперак гучным абвінавачванням на адрас візавага пасярэдніка VFS Global і спробам спыніць працу ботаў з дапамогай МСІ, беларусы па-ранейшаму плацяць «дапамагатарам» за слоты.

Прынамсі плацілі да апошніх дзён, калі візавыя цэнтры Польшчы чарговым разам пастрожылі правілы рэгістрацыі і запатрабавалі ўключаць камеру. Цікава, ці паралізуе гэта «дапамагатараў» і ці з’явяцца нарэшце вольныя слоты?

Wanted. Шукаем чытачоў, якія ўжо адчулі змены правілаў рэгістрацыі ў польскія візавыя цэнтры: злавілі слот самі, «дапамагатары» не змаглі запісаць і вярнулі грошы і г. д. Пішыце нам у @devby_insight_bot, гэта ананімна.

В Польше ищут коррупцию при выдаче виз, Беларусь в деле. Как это работало/ет
По теме
В Польше ищут коррупцию при выдаче виз, Беларусь в деле. Как это работало/ет
PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму
Па тэме
PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму

Читать на dev.by