Расійская пракуратура просіць 18 гадоў калоніі для заснавальніка Grouр-IB Сачкова
Генпракуратура РФ папрасіла прысудзіць заснавальніку Gorup-IB 18 гадоў калоніі. Сачкова абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.
Паводле слоў яго адваката Сяргея Афанасьева, абвінавачаны не прызнаў віны. Бок абароны прасіў суд апраўдаць бізнэсоўца. Падрабязнасці і фабула справы аб дзяржздрадзе, згодна з расійскім заканадаўствам, не выдаюцца. Раней Сачкова арыштавалі ў верасні 2021 года. Паводле версіі следства, той перадаў замежнай дзяржаве звесткі, якія ёсць дзяржаўнай тайнай.
Паводле звестак Bloomberg, Сачкова абвінавачваюць у перадачы ўраду ЗША звестак пра хакерскую групоўку Fancy Bear. Яе звязваюць з расійскай вайсковай выведкай. Амерыканскі бок мяркуе, што групоўка ўдзельнічала ў кібератаках перад прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША ў 2016 годзе.
Паводле іншай версіі, Сачкова падазраюць у перадачы інфармацыі пра Уладзіслава Клюшына, былога падрадчыка адміністрацыі прэзідэнта РФ, якога затрымалі ў Швейцарыі і экстрадавалі ў ЗША. Таксама Сачкоў нібыта мог перадаць інфармацыю пра кіраўніка хакерскай групоўкі Evil Corp. Максіме Якубцэ, які знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі па абвінавачванні ў кіберзлачынствах.
Сам бізнэсовец мяркуе, што да ягонага пераследу датычныя начальнік другога аператыўнага ўпраўлення Цэнтра інфармацыйнай бяспекі ФСБ Алег Кашанцоў і былы кіраўнік гэтага аддзела Сяргей Міхайлаў. Паводле слоў абвінавачанага, яго затрымалі «па абмове» Міхайлава за тое, што Сачкоў звярнуў увагу ФСБ на злачынствы былога супрацоўніка.
Читать на dev.by