Расійскія ІТ-кампаніі просяць спрасціць прыём замежнікаў на працу
Расійскія ІТ-кампаніі гатовыя аплачваць вяртанне ў краіну патрэбных ім супрацоўнікаў, якія з’ехалі пасля пачатку вайны ва Украіне. Пра гэта «Камерсанту» расказаў прэзідэнт НП «Руссофт», якое аб’ядноўвае больш за 315 ІТ-кампаній, Валянцін Макараў.
Паводле слоў Макарава, на фоне дэфіцыту кадраў і «цікавасці дружалюбных краін да расійскіх спецыялістаў, якая ўсё расце», ураду таксама «мэтазгодна зніжаць бар’еры для наймання замежных супрацоўнікаў аддалена». Галоўным бар’ерам ён лічыць працэдуру атрымання права на працу ў Расіі, якая займае час — як піша «Камерсант», каля двух месяцаў пры ўмове правільнай падачы дакументаў. Суразмоўца выдання ў галіне ўдакладніў, што гэтыя пытанні расійскія ІТ-кампаніі ўжо абмяркоўваюць з Мінлічбы.
Цяпер у Расіі дзейнічаюць пэўныя правілы наймання замежнікаў — напрыклад, кампаніі абавязаныя штоквартальна здаваць справаздачнасць пра ўзровень даходу супрацоўнікаў са статусам высокакваліфікаванага спецыяліста, які не мусіць быць ніжэйшым за вызначаную суму. Таксама дазвол абавязковы пры прыёме замежнага спецыяліста незалежна ад фармату працы: для гэтага супрацоўнік мусіць аформіць працоўную візу, прыляцець у Расію і атрымаць дазвол. Толькі на аснове гэтага дакумента кампанія можа прыняць замежніка.
Эксперты адзначаюць, што ўлады мусяць забяспечыць магчымасць спрошчанага наймання на аддаленую працу замежных спецыялістаў, незалежна ад іх грамадзянства, паколькі гэта дапаможа вырашыць праблему дэфіцыту кадраў. Іншыя ж сумняваюцца ў эфектыўнасці прапанаваных мер, паколькі патрабаванні па заробках і ўмовах працы ў замежных працаўнікоў вышэйшыя, ніж у расійскіх, і мясцовыя кампаніі не змогуць задаволіць іх чаканні.
Аднак ва ўрадзе пакуль не лічаць пытанне актуальным. У Мінлічбы «Камерсанту» сказалі, што ўжо і так рэалізуюць шырокі комплекс мер падтрымкі ІТ-кадраў — напрыклад, спрошчаная працэдура працаўладкавання і атрымання дазволу на жыхарства. «Зваротаў па дадатковым спрашчэнні прыёму на працу замежных спецыялістаў, якія працуюць аддалена, не паступала», — дадалі там. На пачатку года міністэрства з профільнымі асацыяцыямі рыхтавала пакет мер па вяртанні ІТ-спецыялістаў у Расію. У яго ўваходзіла аплата пералёту, гарантаванае вызваленне ад войска, а таксама павышэнне падаткаў для супрацоўнікаў, што працуюць з іншых краін.
Читать на dev.by