Фаўндар з'ехаў, а каманда засталася. Без заробку на 120К
Абяцае зарабіць фрылансам і вярнуць.
У dev.by напісалі супрацоўнікі Fresh Lime Soft. Яны расказалі, як у іх кампаніі «ўвесь кіраўнічы склад звольніўся адным днём», пакінуўшы супрацоўнікаў без заробкаў і працоўных кніжак. Дырэктар за мяжой. Што рабіць, незразумела — супрацоўнікі ідуць у суд.
Fresh Lime Soft
Аўтсорс-кампанія па распрацоўцы софту поўнага цыкла. Офіс распрацоўкі ў Беларусі. Штат супрацоўнікаў 50+. Заснавальнік і кіраўнік — Андрэй Шабан. Пачынаў сам-адзін у 2015 годзе, у 2018 годзе зарэгістраваў юрыдычную асобу ў РБ (ТАА «Фрэш Лайм Софт»). Рэзідэнт ПВТ. На сайце кампаніі пазначаныя прадстаўніцтвы ў Грузіі і Эстоніі.
«Увесь штат пакінулі з даўгамі па заробках ад 5 да 10 тысяч рублёў». Версія супрацоўніка
— Кампанія ТАА «Фрэш Лайм Софт» вяла досыць паспяховую, на першы погляд, дзейнасць. Звычайная аўтсорс/аўтстаф мадэль. Люты 2022 года ўнёс пэўныя карэктывы, і дырэктар паехаў у Грузію адкрываць другую юрыдычную асобу.
Нягледзячы на гэта, бэнч быў 10-15%. Тыя беларускія распрацоўшчыкі, што былі на праектах, добра і ўпэўнена пачуваліся, і нішто не вешчавала бяды. Але праблемы пачаліся ўжо ўлетку.
У ліпені сэйлз-аддзел за ўвесь месяц прызначыў усяго адное сумоўе. Затым сыходзіць начальнік аддзела продажаў. У жніўні абвясцілі, што заробак трохі затрымаецца праз тое, што контрагенты не хочуць/не могуць своечасова заплаціць. Бэнчу скарачаюць заробкі да мінімалкі, адміністрацыі скарачаюць прэміяльную частку ў 2 разы. Асэсменты ставяць на паўзу. Бенефіты таксама ставяць на паўзу.
У верасні нам зноў кажуць: заробак трохі затрымаецца. Але гэтым разам ужо амаль на месяц. Усе ўжо пачынаюць напружвацца, бо не разумеюць, як можна абгрунтоўваць затрымку адмовай плаціць аднаго-двух контрагентаў, улічваючы, што гэта з лішкам перакрываецца маржынальнасцю.
У кастрычніку звальняецца галоўны бухгалтар, і зноў заробак затрымліваецца, але ўжо на даўжэйшы тэрмін. Кіраўніцтва кажа, што па меры паступлення грошай на рахункі будуць выплачваць усім роўнымі часткамі, каб ніхто не быў пакрыўджаны. Замест бухгалтара бяруць дзяўчыну на парт-тайм, якая проста лічыць заробкі.
Дырэктар ладзіць вялікі сазвон з усімі працаўнікамі і некалькі гадзін расказвае, якія контрагенты дрэнныя і як яны затрымліваюць грошы. У аднаго нібыта валютны кантроль, другі чакае паступлення ад канчатковага заказчыка, які сам затрымлівае, трэці наогул не хоча плаціць.
Таксама расказвае, што ёсць нібыта нейкія інвестары, якія разглядаюць куплю нашай кампаніі разам з даўгамі, але нешта з імі ўсё не ладзіцца. Таксама дырэктар кажа, што закрыем год добра, адразу ж пададзім заяўку на крэдыт і за кошт гэтых грошай перакрыем усе даўгі па зп: маўляў, не хвалюйцеся, план Б мы маем. Народ паціху пачынае звальняцца, разлік людзям пры звальненні не даюць, замест яго даюць дакумент пад назвай «даўгавая распіска» ад імя кампаніі, падпісаны дырэктарам, які… у Грузіі.
Настае снежань. У людзей вісяць яшчэ даўгі за верасень, настрой зусім не навагодні. Тыя, каму не ўдаецца знайсці офер, вельмі маркоцяцца. Усе варожаць пра прычыны звальнення бухгалтара, бо з такіх пазіцый проста так не сыходзяць. У грузінскім офісе нібыта працуе колькі чалавек, але чым займаюцца, невядома, выхлапу ад іх працы не відаць: сумоўяў адтуль ніхто не знаходзіць, заказчыкаў з Еўропы няма ад сакавіка.
Спадзеваў атрымаць грошы становіцца ўсё менш, і людзі ўжо пры канцы снежня пачынаюць падаваць першыя пазовы па заробках. Перад НГ вяртаецца стары бухгалтар — каб закрыць год і падрыхтаваць, паводле слоў дырэктара, паперы для банка, каб падацца на крэдыт. Але адразу пасля НГ чамусьці звальняецца намеснік дырэктара. На яго месца ставяць аднаго з праектных менеджараў.
То-бок на гэты момант з адміністрацыі ў нас новы намеснік дырэктара, кадравік-юрыст і галоўны бухгалтар. Дырэктар на сазвонах усіх супакойвае, што мы закрываем год, што трэба аплаціць падаткі, каб не было потым ніякіх праблем. І тут адбываецца самае цікавае.
20 студзеня 2023 года ў адзін дзень звальняецца ўся адміністрацыя офіса: новы намеснік дырэктара, юрыст-кадравік, бухгалтар, офіс-менеджар і тэхдырэктар. Цэлы дзень рыхтуюць і падпісваюць усе дакументы і растаюць у заходзе. Намеснік дырэктара адпраўляе запіску дырэктару ў чат пра тое, што ён, маўляў, здымае з сябе паўнамоцтвы, усе каштоўнасці пакідае ў іх кабінеце і сейфе і замыкае ўсё на ключ. Ключ, маўляў, гатовы перадаць ліквідатару.
У штаце застаецца 20+ чалавек. Усе ў шоку. Як звольніцца, як атрымаць працоўныя? Дырэктар кажа, што яго ніхто не папярэджваў і што ён сам не ведае, што рабіць.
Рэзюмэ: увесь штат пакінулі з даўгамі па заробках ад 5 да 10 тысяч рублёў. Дырэктар у Грузіі і вяртацца не плануе. Галоўны бухгалтар, юрыст-кадравік і намеснік дырэктара расталі ў заходзе. Уся дакументацыя штату закрытая на ключ. А на пытанні супрацоўнікаў заказчыкам, на праектах якіх яны працуюць, тыя адказваюць, што рэшткі запазычанасцей і новыя выплаты будуць пералічваць па новых кантрактах на новыя рэквізіты.
Яшчэ адзін супрацоўнік апісаў падобную гісторыю. Паводле яго, доўг перад ім — каля 10 тыс. BYN. Звольніцца ён не можа, бо няма кіраўніцтва, таму мае намер звяртацца ў суд.
(Калі матэрыял быў гатовы да публікацыі, стала вядома, што звальненні пачаліся. — dev.by).
— Сёння практычна ўсіх звольнілі без будзь-якіх выплат, — расказаў супрацоўнік 27 студзеня. — Па згодзе старон. Працоўную можна было забраць толькі так. Распісак пра доўг не далі — іх давалі толькі тым, хто звольніўся да студзеня.
«Няправільны расход сродкаў». Што думаюць супрацоўнікі пра прычыны
Калі коратка, уся справа ў няправільным кіраванні.
— Сапраўдныя прычыны ў высокіх заробках адміністрацыйнага персаналу, раздзьмутым штаце знаёмых, якія атрымлівалі проста так пару тысяч долараў заробку. Заробкі прадаўцоў даходзілі да 5000$. Няблага за адное прызначанае сумоўе на месяц.
— Шмат праблем было якраз у кіраванні. Няправільны расход сродкаў, з кожным месяцам даўгі павялічваліся, плацілі за офіс, у якім сядзелі ад сілы чалавек 10. Сэйлз-менеджары новых праектаў практычна не шукалі, проста казалі, што праектаў няма, некаторыя распрацоўшчыкі доўга сядзелі на бэнчы, плюс казалі, што нейкія заказчыкі не плацяць грошай.
«Мы фактычна банкрут». Што кажа дырэктар
Уладальнік і дырэктар ТАА «Фрэш Лайм Софт» Андрэй Шабан пракаментаваў сітуацыю ў кампаніі для dev.by. Калі коратка: кампанія — банкрут, даўгі — 200К, з іх 120К — зп 40 распрацоўшчыкам, астатняе — крэдыт у банку. Кампанію паспрабуюць закрыць дыстанцыйна (калі хопіць грошай), даўгі па зп дырэктар спадзяецца калі-небудзь вярнуць. Будзе фрылансіць.
— Мы фактычна банкрут. Кампанія не можа выконваць свае фінансавыя забавязанні. Калі ў мяне хопіць грошай на паслугі антыкрызіснага кіраўніка, то буду падавацца на банкруцтва.
Кампанія яшчэ ў ПВТ. Але, можа, выйдзем перад банкруцтвам. Трэба параіцца з юрыстамі.
Камунікацыя з супрацоўнікамі вядзецца з нагоды іх магчымасці звольніцца і забраць працоўныя кніжкі. У Мінску юрыст рыхтуе дакументы для звальнення.
Агульны доўг перад усімі (прыкладна 40) супрацоўнікамі + крэдыт у банку [цягнуць] прыкладна на 200 тыс. долараў. З іх доўг па зп — 120 тыс.долараў. Калі грошай на антыкрызіснага кіраўніка не хопіць, кампанія будзе вісець без вядзення дзейнасці і магчымасці выконваць свае забавязанні.
Я знаходжуся за мяжой ад сакавіка 2022 года і не маю магчымасці вярнуцца ў Беларусь. Таму ў мяне цяпер няма кантролю над сітуацыяй, а таксама доступу ні да бухгалтэрыі, ні да іншых дакументаў.
Прычыны банкруцтва: наша кампанія стала стратнай пры канцы лета, сітуацыю пагоршылі нашыя спадзевы на інвестыцыі ад патэнцыйных інвестараў, што зацягнула прыняцце балючых рашэнняў. Перад новым годам мноства праектаў спынілася, што прывяло да падзення выручкі ў некалькі разоў. Мы сталі нецікавыя інвестарам і не маем магчымасці ўзяць будзь-якое фінансаванне.
Вядома, заўжды працуе цэлы спіс фактараў. І вонкавыя, і ўнутраныя. У нас з пачаткам вайны продажы ўпалі на парадак. Пры спрыяльнай кан’юнктуры нейкія ўнутраныя памылкі б нівеляваліся. У нашай сітуацыі кан’юнктура нават дробных памылак не даравала.
Намеснік дырэктара і бухгалтар звольніліся мінулай пятніцы. Юрыст таксама звольніўся, але на падрадзе дапамагае аформіць звальненні супрацоўнікаў. Я думаю, прычынай гэтага [раптоўнага, аднамомантавага звальнення] было тое, што яны не хочуць атрымліваць негатыў ад супрацоўнікаў. Яны такія ж найманыя супрацоўнікі, якім таксама затрымлівалі заробак. Чаму яны не папярэдзілі мяне? Думаю, таму што чакалі, што я б іх не адпусціў, пакуль яны не даробяць справы. Для людзей маральна цяжка ўзаемадзейнічаць з людзьмі, якім кампанія не здольная выплаціць даўгі па заробках, да таго ж яны пацярпелі нароўні з усімі.
Мне цяпер трэба думаць, як забяспечыць сям’ю і зарабіць грошай, каб аддаць супрацоўнікам даўгі па заробках і банкаўскім крэдыце. Бо я не маю ні маёмасці, ні грошай. Я як прадпрымальнік бяру на сябе прадпрымальніцкія рызыкі, і ў дадзеным выпадку гэтая рызыка ажыццявілася.
Рэакцыя на меркаванне супрацоўнікаў пра прычыны банкруцтва
Праграмісты не знаёмыя з рашэннямі, якія прымаюцца ў кампаніі. [Так,] адзін з прадаўцоў атрымліваў такія грошы, але з падаткамі. Але таму што ён адзін зрабіў 80% продажаў кампаніі. Ён зрабіў продажаў як 3 звычайныя чалавекі робяць. І, дарэчы, перад ім велізарны доўг па заробку — 15 тыс. долараў.
А тое, што мы плацілі за офіс, дзе сядзелі 10 чалавек — дзіўны аргумент. Людзі што, мусяць працаваць на вуліцы?
І так, многія заказчыкі не плацяць грошай, бо не толькі мы сутыкнуліся з праблемамі.
Грузінскі офіс мы закрылі пры канцы лістапада, бо не маглі плаціць за арэнду. У Эстоніі ў нас толькі юрыдычная асоба.
Пра планы на вяртанне даўгоў
Я хачу сказаць, што я разумею расчараванне людзей і сваю адказнасць за гэтую сітуацыю. Калі ты працаваў і табе не заплацілі — гэта жудасна. Наш бізнэс трапіў у сітуацыю, у якую няможна трапляць. Хоць заснавальнік і дырэктар не нясе субсідыярнай адказнасці пры нясенні прадпрымальніцкіх рызык, я, зыходзячы са сваёй прыстойнасці, прызнаю доўг перад усімі супрацоўнікамі і аддам гэтыя грошы. Гэта пытанне часу, мне трэба гэтыя грошы зарабіць.
Я прадпрымальнік, у мяне мноства ідэй. Але цяпер план хаця б забяспечыць сям’ю, таму, пэўна, буду працаваць праграмістам-фрылансерам, як і пачынаў сваю кампанію шмат гадоў таму.
Трэба час, каб зрабіць крок назад, зарыентавацца і ўстаць на рэйкі.
Калі вы (экс)супрацоўнік Fresh Lime Soft і маеце іншую версію таго, што адбылося, пішыце нам у @devby_insight_bot. Гэта ананімна.
Читать на dev.by