«Як у школе». Узялі сабатыкал на лета — і не пашкадавалі
Вырашылі атрымаць асалоду ад лета напоўніцу.
«Не зрабі я перапынак, праз месяц-другі ад мяне застаўся б толькі попел»
Яўген*, фулстэк-распрацоўшчык:
Пайшоў у сабатыкал, калі зразумеў, што жыццё і першы год майго дзіцяці праходзіць міма мяне, пакуль я «жыву» ў офісе.
Год, калі ў нас з жонкай нарадзіўся сын, выдаўся няпростым: мне дадалі +1 даволі складаны праект (з грашовай кампенсацыяй), так што я прыязджаў на працу раней за ўсіх, а сыходзіў пазней за ўсіх.
Здавалася, што працаваць больш — гэта правільна, бо наша сям’я вырасла і нам патрэбны грошы. Але мы з жонкай бясконца знясіліліся: я ў праектах, яна ў адзінаасобных клопатах пра дзіця.
Бліжэй да лета жонка пачала пытацца, ці няма ў мяне магчымасці ўзяць вялікі адпачынак — на ўсё лета. Яна казала, што я ўсё прапускаю: маё дзіця з нерухомага «кулёчка» ператварылася ў маленькага чалавечка, які ведае ўжо 3 словы, бадзёра поўзае і вось-вось пойдзе — а мяне побач няма. Я не магу парадавацца дасягненням сына разам з ім. «Гэта ні за якія грошы не купіш», — сказала тады яна.
Я падумаў і вырашыў пагаварыць са сваім кіраўніком аб тым, каб з мяне знялі адзін праект, ну і пра адпачынак спытаў. У выніку дамовіліся, што кампанія дасць мне месяц аплатнага адпачынку і яшчэ месяц (або два) — за свой кошт. Гэта не сабатыкал у яго класічным разуменні, але сапраўдныя вакацыі.
Я цешуся, што такі перыяд быў у маім жыцці. Перш за ўсё таму, што зразумеў: не зрабі я гэты перапынак, праз месяц-другі ад мяне застаўся б толькі попел. А так я аднавіўся за два месяцы (мы з жонкай вырашылі, што тры ўжо зашмат — трэба ісці на памперсы і дзіцячае харчаванне зарабляць), стаў бліжэй да сваёй жонкі і маленькага сына. І на маю прадуктыўнасць міні-сабатыкал паўплываў дабратворна.
«Менеджар сказаў, што я магу сыходзіць „хоць заўтра“ — і я вырашыла: зладжу сабе вакацыі»
Вікторыя*, фронтэнд-распрацоўшчыца:
У мінулым годзе ў мяне быў не сабатыкал, але паўнавартасныя летнія вакацыі.
Экс-калега паклікаў мяне ў сваю новую кампанію — сказаў, што ім у каманду патрэбны чалавек, і ён не ведае нікога, хто б падыйшоў лепш. Я прайшла сумоўе, спадабалася ім. Дамовіліся, што выйду на новы праект праз 2,5 месяцы — я меркавала, што трэба будзе дзесьці месяц дапрацаваць у сваёй кампаніі і пасля адпачыць, бо я даўно не была ў адпачынку. Але выйшла інакш: мой менеджар раззлаваўся і сказаў, што я магу сыходзіць «хоць заўтра» (і на наступны ж дзень адабраў доступы) — і я вырашыла, чаму б і не, зладжу сабе вакацыі, як у школе.
Першы месяц я не рабіла нічога: з’ехала на лецішча і ляжала з кніжкамі ў гамаку, хадзіла на рэчку, малявала карціны па нумарах — зазямлялася. Потым вярнулася ў горад, разгрэбла кватэру, выкінула купу хламу. Пачала сустракацца з сябрамі — блізкімі і з тымі, каго не бачыла некалькі гадоў. Адна з сябровак прапанавала далучыцца да яе паездкі на мора — і я вельмі хутка і лёгка пагадзілася.
У апошнія тыдні пачала пачытваць прафесійную літаратуру, хоць раней не было сіл. Зразумела, што ўжо засумавала па працы. І калі выйшла, паглыбілася ў новы праект з вялікім энтузіязмам, каманда гэта ацаніла, мне казалі: «У цябе проста вочы гараць».
«Усе, каму я расказваю пра гэта, кажуць, што звычайна ў Германіі ідуць па шляху бальнічных»
Вера*, QA-інжынер:
— Я жыву і працую ў Германіі. У 2022 годзе ў майго брата былі праблемы, яму прыйшлося тэрмінова з’ехаць з Беларусі, таму што да бацькоў (у якіх ён прапісаны) прыходзілі з ператрусам. Я вельмі перажывала і за яго, і за тату з мамай, не магла сканцэнтравацца на працы.
Псіхолаг (таксама эмігрант), з якім я працавала, сказаў, што мне варта крыху адпачыць, і навучыў, як атрымаць бальнічны. Яго дае сямейны доктар, калі паскардзіцца на нестабільнае ментальнае здароўе. Бальнічны выдаецца на 2 тыдні, а потым яго можна двойчы падоўжыць — разам 6 тыдняў адпачынку ад працы. Каб падоўжыць бальнічны далей, трэба запісвацца на прыём да псіхіятра, але патрапіць да іх няпроста. Так што мы з псіхолагам вырашылі, што і 6 тыдняў мне падыдзе.
Я схадзіла на прыём да доктара і атрымала бальнічны. Мой кіраўнік паставіўся да гэтага вельмі сур’ёзна. Ён патэлефанаваў, распытаў пра самаадчуванне і прапанаваў аплатны тайм-аўт на 3 месяцы. Сказаў, што «клопат пра супрацоўнікаў — не пустыя словы ў нашай кампаніі». Хоць усе, каму я распавядаю пра гэта, здзіўляюцца і кажуць, што звычайна ў Германіі ідуць па шляху бальнічных.
У выніку я адпачыла, пападарожнічала і вярнулася да працы з новымі сіламі. І яшчэ: калі раней я час ад часу хадзіла на сумоўі ў іншыя кампаніі, то пасля сабатыкалу перастала — здаецца, я знайшла сваю.
«Два месяцы займаўся рамонтам на лецішчы. Але потым зразумеў, што стаміўся, хачу назад да камп’ютара»
Аляксей, фулстэк-распрацоўшчык:
— Пару гадоў працаваў увогуле без адпачынкаў, але потым зразумеў, што амаль выгарэў. Вырашыў зладзіць сабе «лета разгрузкі» — думаў, якраз адрамантую лецішча, буду вудзіцць рыбу.
На працы аформілі адпачынак без праблем і нават узрадаваліся, што закрыюць мае невыкарыстаныя дні.
Два месяцы я сапраўды займаўся рамонтам на лецішчы. Але потым зразумеў, што стаміўся ад яго, хачу назад да камп’ютара — а брыгада будаўнікоў зробіць усё хутчэй і якасней (і выдаткуе менш грошай, бо ў іх не будзе такога перарасходу матэрыялаў, як у мяне). Так што я вярнуўся да працы ўжо ў пачатку жніўня. Хлопцы ў камандзе смяяліся, што я фанатык.
*Імёны спікераў зменены.
А як вам ідэя зладзіць канікулы на ўсё лета — як у школе? Пішыце ў каментарах.
Читать на dev.by