Самазанятым беларусам хочуць забараніць працаваць праз Zoom і іншыя замежныя рэсурсы
Самазанятых у Беларусі хочуць сур’ёзна абмежаваць у працы. Адпаведны законапраект вынесла на грамадскае абмеркаванне Міністэрства адукацыі краіны, заўважыў Telegram-канал «Юрысты і Бухгалтэрыя».
Навінкі, сярод іншага, могуць закрануць рэпетытараў і тых, хто навучае працы на персанальным камп’ютары. Чыноўнікі лічаць, што такія паслугі павінны аказвацца вучням выключна індывідуальна, то бок не ў групах. А змест рэпетытарскіх паслуг павінен адпавядаць праграме, якую спажывец паслугі у дадзены момант засвойвае ў сваёй навучальнай установе.
Навучаць працы на ПК, а таксама выяўленчаму мастацтву, музыцы, танцам, вакалу і аратарскаму мастацтву можна будзе толькі паўналетніх асоб. Прычым альбо індывідуальна, альбо ў групах не больш за 4 чалавекі.
Пры аказанні такіх паслуг дыстанцыйна павінны выкарыстоўвацца інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента інтэрнэту, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі і зарэгістраваныя ў адпаведным парадку. Гэта значыць, працаваць праз Zoom і іншыя «небеларускія» рэсурсы будзе нельга.
У абгрунтаванні да законапраекта тлумачыцца, што «адсутнасць патрабаванняў да самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні стварае рызыкі для сацыяльнай бяспекі, звязаныя з абаронай асобы, грамадства і дзяржавы ад уздзеяння сацыяльных пагроз, што забяспечвае захаванне жыцця, здароўя і дабрабыту грамадзян, а таксама духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускага народа».
Пакуль гэта толькі праект. Калі ён будзе прыняты, набудзе сілу і ў якім канчатковым выглядзе, невядома. Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 10 красавіка.
Читать на dev.by