Samsung правядзе скарачэнні ў замежных аддзелах, у некаторых звольняць да 30%
Samsung скароціць да 30% супрацоўнікаў у некаторых падраздзяленнях па-за межамі Паўднёвай Карэі. Пра гэта журналістам Reuters расказала некалькі дасведчаных крыніц.
Замежным філіялам кампаніі было загадана паменшыць колькасць супрацоўнікаў у продажах і маркетынгу прыкладна на 15%, а адміністрацыйнага персаналу — на аж да 30%.
План мае быць выкананы да канца бягучага года. Пад скарачэнне трапяць супрацоўнікі ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Еўропе і Азіі. Колькі менавіта людзей страцяць працу, у якіх краінах і якія падраздзяленні пацярпяць больш за ўсё, незразумела.
Samsung у каментары назвала звальненні руціннай працэдурай, накіраванай на павышэнне эфектыўнасці кампаніі. Там дадалі, што звальненні не закрануць супрацоўнікаў, занятых на вытворчасці.
Samsung з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў смартфонаў, мікрасхем памяці і іншай тэхнікі. Станам на канец 2023 года яе штат налічваў 267,8 тысячы чалавек, з якіх 147 тысяч, то-бок больш за палову, базаваліся па-за Паўднёвай Карэяй. Большасць супрацоўнікаў была занятая ў вытворчасці і распрацоўцы. На маркетынг і продажы прыходзілася крыху больш за 25 тысяч, яшчэ прыкладна 28 тысяч былі занятыя ў іншых сферах.
Указанне пра скарачэнні было разасланае прыкладна тры тыдні таму. Падраздзяленне Samsung у Індыі ўжо пачало выдаваць выхадныя дапамогі супрацоўнікам сярэдняга звяна, якія сышлі за апошнія тыдні. Усяго гэты аддзел налічвае 25 тысяч чалавек і можа зменшыцца на тысячу. У падраздзяленні ў Кітаі можа быць скарочана каля 30% у аддзеле продажаў.
Читать на dev.by