Зборы ад рэкламы ў Беларусі пойдуць на фінансаванне дзяржТБ і сайта «Белта»
Летась улады ўвялі спецыяльны падатак амаль на ўсю камерцыйную рэкламу ў Беларусі. Збор з рэкламадаўцаў ідзе на падтрымку дзяржаўных СМІ.
10 красавіка з’явіліся дапаўненні да першапачатковага закона. Цяпер вядома, што падатак на рэкламу, у прыватнасці, будзе падтрымліваць працу дзяржаўнага ТБ, сайта дзяржаўнага навінавага агенцтва «Белта» і факультэта журналістыкі БДУ.
Тэкст са зменамі леташняга ўказа «Пра развіццё СМІ» апублікаваны на сайце прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі.
У ім пералічаныя дзяржаўныя арганізацыі, якія будуць фінансавацца з дапамогай падатку на рэкламу.
- Дзяржаўныя рэдакцыі СМІ і ТБ — для фінансавання «вытворчасці і (або) пакрыцця расходаў на вытворчасць беларускага (нацыянальнага) кантэнту». Пад «беларускім» кантэнтам разумеюцца «паведамленні, матэрыялы, тэле- і радыёперадачы, фільмы, серыялы», што ствараюць «юрыдычныя асобы, на якіх ускладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ». Кантэнт, выраблены беларускімі юрыдычнымі асобамі і ІП пры ўдзеле замежных арганізацый, не лічыцца «беларускім (нацыянальным)».
- «Белта» — «для стварэння, функцыянавання і эксплуатацыі мультымедыйнага інтэрнэт-рэсурсу для размяшчэння (распаўсюджвання) прадукцыі <дзяржаўных> інфармацыйных агенцтваў і СМІ». Незразумела, пра які сайт тут вядзецца гаворка — ужо існы сайт тэлеграфнага агенцтва або пра стварэнне новага сайта-агрэгатара навін і артыкулаў дзяржаўных медыя.
- БДУ — для куплі тэлевізійнага абсталявання для факультэта журналістыкі.
- РУП «Дом прэсы» — для «стварэння, функцыянавання і эксплуатацыі аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу тэле- і радыёпраграм» і навучання персаналу для працы з гэтай сістэмай маніторынгу.
Размяркоўвае фінансы Міністэрства інфармацыі.
Падатак на рэкламу
31 сакавіка 2022 года з’явіўся ўказ «Пра развіццё сродкаў масавай інфармацыі», які вызначаў збор ад размяшчэння рэкламы на карысць дзяржмедыя ды іншых дзяржарганізацый.
Згодна з указам:
- вызначаецца збор за размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы ў памеры 10% ад кошту аказаных паслуг — пры размяшчэнні вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце;
- у іншых выпадках — 20% ад кошту аказаных паслуг;
- збор плацяць рэкламадаўцы;
- збор вылічваецца з кошту «фактычна аказаных рэкламадаўцу паслуг па размяшчэнні (распаўсюджванню) рэкламы без ПДВ».
Зборам не абкладаецца сацыяльная рэклама, рэклама на дошках аб’яў, рэклама дзяржаўных мерапрыемстваў, рэклама на сайтах дзяржарганізацый.
Таксама збор не тычыцца рэкламы, «дадзенай рэкламараспаўсюджвальніку для яе размяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкламным агенцтвам», за выключэннем рэкламы «прадукцыі, работ, паслуг замежнага рэкламадаўцы».
Вы можаце падтрымаць dev.by рознымі спосабамі, напрыклад, хуткім данатам проста цяпер.
Читать на dev.by