Сяргей Брын вярнуўся да працы ў Google

Паводле паведамлення Wall Street Journal, сузаснавальнік Google Сяргей Брын цесна супрацоўнічае з экспертамі ў штучным інтэлекце ў штаб-кватэры кампаніі ў Маўнцін-В’ю. Апошнімі месяцамі мільярдэра бачылі ў офісе па тры-чатыры дні на тыдзень. Там ён удзельнічае ў распрацоўцы новай магутнай АІ-мадэлі Gemini.

Пакінуць каментарый

Таксама Брын прысутнічаў на прысвечаных тэхналогіі мерапрыемствах Google пры канцы мінулага года і, паводле слоў крыніц выдання, стаў нашмат больш уцягнуты ў працу пасля рэлізу чатбота ChatGPT у мінулым лістападзе. Брын адышоў ад спраў у Alphabet, мацярынскай кампаніі Google, у 2019 годзе, дзе займаў пасаду прэзідэнта.

Брын удзельнічае ў абмеркаванні тэхнічных пытанняў, напрыклад, вымярэння прадукцыйнасці АІ-сістэм з цягам часу, а таксама праводзіць штотыднёвыя сходы з супрацоўнікамі на тэму новых АІ-даследаванняў. Акрамя гэтага, ён займаецца кадравымі пытаннямі, напрыклад, прыцягненнем аўтарытэтных даследчыкаў.

Большую частку працоўнага часу Брын бавіць з АІ-даследчыкамі ў нядаўна пабудаваным будынку Charleston East непадалёк ад асноўнага кампуса Google. У тым жа будынку знаходзіцца офіс гендырэктара Google і Alphabet Сундара Пічаі.

У сеціва трапілі заробкі 10+ тысяч супрацоўнікаў Google
Па тэме
У сеціва трапілі заробкі 10+ тысяч супрацоўнікаў Google

Як адзначае WSJ, вяртанне бізнэсоўца ў Google адлюстроўвае яго шматгадовую зацікаўленасць у штучным інтэлекце і найважнейшую ролю тэхналогіі для тэхнагіганта, які некалі быў піянерам у ёй, але здаў пазіцыі лідара супернікам — перш за ўсё Microsoft і OpenAI. Ад моманту анонсу новых АІ-прадуктаў на штогадовай хатняй канферэнцыі ў гэтым маі каціроўкі Google выраслі больш як на 10%.

Gemini — праект па стварэнні АІ агульнага прызначэння, аналага мадэлі GPT-4 ад OpenAI, якая ляжыць у аснове платнай версіі ChatGPT. Яго ўзначальвае сузаснавальнік і СЕО DeepMind Дэміс Хасабіс. На адным з нядаўніх сходаў ён сказаў супрацоўнікам, што сістэма стане даступная ўжо сёлета.

Пічаі і даследчыкі задаволеныя ўвагай Брына. Яны лічаць гэта прызнаннем сваёй працы і падтрымкай у паваротны для кампаніі перыяд.

Google абмяжоўвае некаторым супрацоўнікам доступ у інтэрнэт дзеля бяспекі
Па тэме
Google абмяжоўвае некаторым супрацоўнікам доступ у інтэрнэт дзеля бяспекі

Читать на dev.by