Сэрвіс пракату Hertz прадасць 20 тысяч электракараў, заменіць бензінавымі — іх прасцей рамантаваць
Адзін з найбуйнейшых сэрвісаў арэнды аўтамабіляў Hertz прадасць больш за траціну свайго парку электракараў, які ў асноўным складаецца з Tesla, піша TechCrunch. Замест іх на частку выручаных грошай кампанія купіць бензінавыя машыны.
Такі крок Hertz аргументуе тым, што попыт на электракары выявіўся ніжэйшым, а рамонт — даражэйшым, ніж чакалася. Пазбаўляцца ад электрамабіляў Hertz пачаў у снежні і прадоўжыць сёлета.
Спецыялізаваныя блогеры адзначаюць, што распродаж праходзіць з вялікімі зніжкамі. Кампанія ў сувязі з гэтым рыхтуецца панесці $245 млн страт і абяцае акцыянерам кампенсаваць іх найбліжэйшымі гадамі.
Між тым рост попыту на электрамабілі на рынку прайшоў пік і запаволіўся. Два гады таму да канца 2022-га Hertz збіраўся закупіць 100 тысяч электракараў Tesla. На навінах капіталізацыя кампаніі Ілана Маска падскочыла, а сама яна заняла шостае месца ў спісе самых дарагіх кампаній свету. Зрэшты, у тым жа 2022-м Hertz планаваў набыць 175 тысяч электракараў у GM і яшчэ 65 тысяч — у Polestar. Аднак станам на мінулы кастрычнік Hertz закупіў толькі 35 тысяч Tesla, а ўвесь яго электрычны аўтапарк налічваў прыкладна 50 тысяч адзінак.
Читать на dev.by