Беларус пераехаў у 2022-м. Але Брытанія адмовіла ў візе, палічыўшы сувязь з Польшчай «слабай»
Айцішнік-беларус, які жыве ў Польшчы, напісаў у тредс, як яму адмовілі ў брытанскай візе. Адна з прычын — у яго і ягонай жонкі «слабая сувязь з Польшчай».
Алег* распавёў, што шэсць тыдняў таму яны з жонкай «загарэліся ідэяй з’ездзіць у Англію». Падаваліся на візы і пачалі чакаць. І вось нядаўна прыйшла адмова.
Алег адзначае, што супрацоўнікі пасольства вельмі добра распісалі прычыны. Вось яны:
— Ім чамусьці не спадабалася мая выпіска з банка. Сказалі пра падазроныя пераклады. Магчыма, яны мелі на ўвазе тое, што я сам сабе перакладаю грошы з Santander, куды прыходзіць зарплата, — на Revolut. І карыстаюся Revolut для ўсіх аплат. Адпаведна, выпіску я даў адтуль.
Зірнуў на выпіску з Revolut. Папаўненне рахунку там выглядае так: Top up by Apple Pay і апошнія 4 лічбы карты. Паводле водгукаў знаёмых, калі б я прыклаў выпіску з Santander, дзе толькі прыход і адразу пераклад на Revolut — ім бы гэта таксама магло не спадабацца, бо няма руху сродкаў па рахунку. Напэўна, варта было прыкласці дзве выпіскі.
Яшчэ ім не спадабалася, што мы арандуем дом усяго 7 месяцаў. Сказалі, што гэта мала. Гэты пункт вельмі здзівіў. Відавочна, з іх пункту гледжання пераязджаць нельга.
Спаслаліся на тое, што наш ВНЖ заканчваецца ў верасні. Дакументы пра тое, што мы пададзеныя на новы, іх не пераканалі. Сказалі, што ў нас слабая сувязь з Польшчай.
У каментарыях да паста адгукнуліся і тыя, каму таксама ў свой час адмовілі: каму — бо няма сям’і, каму — бо не патлумачыў, адкуль грошы (хаця былі пададзеныя і даведкі з працы, і банкаўскія выпіскі). І так, сярод прычын таксама была «слабая сувязь» з краінай.
Варта дадаць, што ў Польшчы Алег жыве з 2022 года, спачатку здымаў кватэру ў Варшаве, цяпер пераехаў у дом за горадам.
Калі вы таксама сутыкаліся з нестандартнымі праблемамі за мяжой — напішыце нам у бот ці распавядзіце тут у каментарах.
*Імя зменена на просьбу суразмоўцы.
Читать на dev.by