Слова «гугліць» губляе папулярнасць, асабліва сярод зумераў. Гэта сумны трэнд для Google
Каля 20 гадоў таму аўтары слоўніка Merriam-Webster уключылі ў яго слова «google» у значэнні «шукаць што-небудзь у інтэрнэце». Гэта было важнай падзеяй для Google, якая паказвала, што яна стала часткай культуры і грамадства. Пазней яна стала адной з самых дарагіх і прыбытковых кампаній свету.
Аднак аналітыкі Bernstein Research па выніках нядаўняга даследавання сярод зумераў прыйшлі да высновы, што сёння гэты дзеяслоў выкарыстоўваецца ўсё радзей. Паводле іх слоў, маладая аўдыторыя лічыць за лепшае «шукаць» (search) інфармацыю, а не «гугліць».
Пакаленне людзей, якія з’явіліся на свет у 1997–2012 гадах, — першае, якое ад нараджэння акружанае гаджатамі і частку жыцця праводзіць анлайн. Цяпер гэтыя людзі вырастаюць і ўключаюцца ў эканоміку. Яны мяняюць парадак рэчаў і вызначаюць, якія кампаніі застануцца запатрабаваныя, а якія — за бортам.
«Пакаленне Z і асабліва пакаленне Альфа практычна не выкарыстоўваюць дзеяслова «гугліць», яны проста кажуць: «Пашукай гэта», — адзначаюць аналітыкі.
Прычым часцяком падлеткі шукаюць інфармацыю не ў Google. Напрыклад, за рэкамендацыямі гатэляў і рэстаранаў яны, хутчэй, пойдуць у TikTok. А каб падрабязней даведацца пра ўпадабаны прадукт, адкрыюць проста яго сайт або мабільную праграму, кажуць у Bernstein.
Гэта трывожны трэнд для Google, бо выхад з ужывання звязанага з ёй дзеяслова можа паказваць на зніжэнне яе распаўсюджанасці. Напрыклад, сёння наўрад ці хтосьці памятае рэкламу «Do you Yahoo?» ад аднайменнай кампаніі 2005 года. «У інтэрнэце важна быць дзеясловам з улікам эфекту маштабу і тэхналагічнай перавагі. Адмова ад дзеяслова кажа пра тое, што тэхналогіі і карыстальнікі рухаюцца далей», — адзначылі аналітыкі.
Читать на dev.by