Скарачэнні дабраліся да Apple?
Паводле паведамленняў Insider і Bloomberg, Apple збіраецца звольніць невялікую групу карпаратыўных супрацоўнікаў у падраздзяленні гандлю ў раздроб.
Пра якую колькасць супрацоўнікаў вядзецца гаворка, пакуль незразумела, але Bloomberg мяркуе, што яна будзе «вельмі малой». Крыніцы Insider кажуць, што звальненні закрануць супрацоўнікаў Apple у ЗША, Еўропе і Азіі. Кіраўніцтва падае гэта як меру аптымізацыі дзейнасці, а не зніжэння выдаткаў.
Згаданае падраздзяленне адказвае за будаўніцтва і падтрыманне працы фізічных крам Apple. Мінулага тыдня яго супрацоўнікам па відэасувязі абвясцілі, што да пятніцы ім трэба знайсці сабе іншую працу ў кампаніі. Тым, хто не зможа гэтага зрабіць, выплацяць выхадную дапамогу за чатыры месяцы.
У адрозненне ад Google (мінус 12 тысяч), Amazon (27 тысяч), Meta (21 тысяча) і Microsoft (10 тысяч), у Apple, дзякуючы ўмеранаму найманню ў пандэмію і своечасовым мерам скарачэння выдаткаў, пакуль атрымоўвалася пазбегнуць масавага звальнення штатных супрацоўнікаў.
Гендырэктар Apple Цім Кук казаў, што да звальненняў кампанія будзе звяртацца толькі ў крайнім выпадку. Між тым Bloomberg у сакавіку пісаў, што Apple скасоўвае кантракты з супрацоўнікамі на падрадзе, не запаўняе некаторых пазіцый, якія вызваляюцца, і замарудзіла найманне ў некаторых падраздзяленнях, адклала бонусы, зрэзала бюджэты на працоўныя паездкі, адкладае непрыярытэтныя праекты ды іншымі метадамі спрабуе эканоміць.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.