Суполкі Reddit пачалі маштабнае блакаванне платформы. У некаторых дзясяткі мільёнаў карыстальнікаў
12 чэрвеня на Reddit пачаўся масавы «страйк», у якім бяруць удзел многія папулярныя суполкі сайта, піша Insider.
Яны незадаволеныя тым, што Reddit вырашыў увесці плату для распрацоўшчыкаў іншых праграм за выкарыстанне даных сайта (пастоў і каментароў) і API-сэрвісу. Навіна мае запрацаваць ад 1 ліпеня.
Напрыклад, распрацоўшчыкам праграмы Apollo прыйдзецца выкласці за гэта $20 млн на год. Распрацоўшчыкі — і яны не адзіныя — паведамілі, што ў такім разе яны будуць вымушаныя закрыцца.
У адказ многія сабрэдыты на 48 гадзін сталі «прыватнымі», абмежаваўшы доступ да кантэнту — яго можна атрымаць з ухвалення мадэратараў. Некаторыя збіраюцца вярнуць публічны доступ да кантэнту па сканчэнні гэтага часу, некаторыя — змагацца да моманту, пакуль платформа не задаволіць іхніх патрабаванняў.
На момант напісання артыкула да флэшмобу далучыліся каля 7300 суполак памерам ад 5 тысяч юзераў. Сярод іх — r/funny, якая мае 40+ млн чытачоў, а таксама r/aww, r/gaming, r/Music, r/Pics, r/science і r/todayilearned з аўдыторыяй 30+ млн карыстальнікаў кожная. У суме ўсе сабрэдыты-пратэстоўцы налічваюць 2,6+ млрд падпісчыкаў і 28+ тысяч мадэратараў.
У Reddit кажуць, што доступ да API застанецца бясплатным для інструментаў мадэрацыі і ботаў, што пераважнай большасці карыстальнікаў API плаціць не спатрэбіцца і што нават не ўсім іншым праграмам патрэбны платны доступ.
Читать на dev.by