Супрацоўнікі Tesla абменьваліся відэа і нюдсамі з камер на машынах карыстальнікаў
Супрацоўнікі Tesla падглядвалі за ўладальнікамі электракараў кампаніі, якія нічога не падазравалі, праз убудаваныя камеры. «Смешнымі», шакавальнымі ды іншымі запісамі яны дзяліліся адно з адным праз карпаратыўную сістэму для камунікацыі ад 2019 да 2022 года. Пра гэта Reuters расказалі дзевяць былых супрацоўнікаў аўтавытворцы.
Супрацоўнікі шэрылі запісы аварый (на адной з іх кіроўца на велізарнай хуткасці збіў дзіця на ровары — яны разляцеліся ў розныя бакі ад удару), канфліктаў паміж кіроўцамі ды розныя іншыя неардынарныя сітуацыі. Некаторыя з іх ператвараліся ў офісныя мемы. Героем аднаго з ролікаў быў аголены мужчына, які разгульваў каля машыны.
Супрацоўнікі працавалі ў падраздзяленні распрацоўкі аўтапілота. Адзін з іх у каментары Insider параўнаў гэта з «вокам бога». «Часам адзіным спосабам даць рады ўсяму гэтаму для нас было рабіць мемы», — сказаў ён, дадаўшы, што большасць мемаў былі жартаўлівымі і тычыліся Ілана Маска.
Гэтага супрацоўніка звольнілі з Tesla ў 2022 годзе за YouTube-канал, на якім ён робіць агляды беспілотнай функцыі Full Self-Driving (сам ён з меркаванняў прыватнасці камеры на сваёй Tesla заляпіў). З камер яго калегі глядзелі, напрыклад, як людзі ў Нідэрландах выгульваюць коней з дапамогай сваіх машын, як бяздомныя штурхаюць у машыны крамныя каляскі ды іншыя дзівацтвы. Таксама яны абменьваліся відэазапісамі з гаражоў карыстальнікаў, калі знаходзілі там штосьці цікавае, напрыклад, рэдкія аўто. На камеру траплялі асабістыя моманты і дзеці аўтаўладальнікаў. Таксама супрацоўнікам былі бачныя геаграфічныя каардынаты месцаў здымкі.
Усяго Reuters гутарыў амаль з паўтара дзясяткам супрацоўнікаў Tesla. Некаторыя з іх казалі, што бачылі толькі тыя здымкі, якія распаўсюджваліся для працоўных мэт — напрыклад, для кантролю за сістэмай распазнавання аб’ектаў на дарозе.
Камеры ў электракарах Tesla патрэбныя для працы сістэм дапамогі кіроўцу і іншых функцый, уключаючы аўтапілот і «рэжым вартавога», які фіксуе падазроную актыўнасць вакол аўто падчас стаянкі. На сайце кампаніі адзначаецца, што камеры прызначаныя для «абароны прыватнасці» кіроўцаў, а запісы перадаюцца Tesla толькі з іх згоды.
Jobs.dev.by — эканоміць час пры пошуку працы. Усе IT вакансіі ў адным месцы і заўсёды пад рукой
Читать на dev.by