Spotify хоча запусціць у ЕС падпіску ў абыход App Store
Распрацоўшчыкі стрымінгу прапанавалі абнаўленне, якое стане адказам на пастанову Еўрасаюза аштрафаваць Apple на рэкордныя 1,84 мільярда еўра за «злоўжыванне дамінуючым становішчам».
Еўракамісія лічыць, што дзейныя правілы App Store не дазваляюць распрацоўшчыкам іншых прадуктаў інфармаваць карыстальнікаў аб альтэрнатыўных і больш танных стрымінгавых музычных сэрвісах па-за межамі экасістэмы iOS. Рэгулятар заклікаў змяніць дзейную палітыку платформы і абавязаў даць іншым распрацоўшчыкам магчымасць свабодных зносін са сваімі кліентамі.
Згодна з прапанаваным абнаўленнем, інфармацыя пра кошт падпіскі будзе размяшчацца ўнутры праграмы і суправаджацца спасылкай на вонкавы рэсурс, дзе карыстальнікі змогуць даведацца больш падрабязна пра тарыфы і аформіць падпіску. Калі Apple ухваліць абнаўленне, то еўрапейскія карыстальнікі змогуць бачыць у праграме інфармацыю пра тарыфы і іншыя функцыі, якія прапануе платформа па-за межамі iOS.
Раней сёлета Spotify абвясціла пра планы дазволіць пакупкі ўнутры праграмы для iOS у ЕС, але вырашыла пакуль не спяшацца пасля таго, як Apple раскрыла свае планы па выкананні закона «Аб лічбавых рынках» ЕС (DMA). У 2022 годзе Apple дазволіла некалькім праграмам, у тым ліку Spotify, Netflix і Kindle, размяшчаць спасылкі на свае вэб-сайты, аднак дагэтуль забараняла публікаваць інфармацыю пра кошт падпісак на іх.
Читать на dev.by