Спадарожнікі новага пакалення Starlink пачалі падаць на Зямлю
Спадарожнік Starlink V2 Mini пад нумарам 30062 увайшоў у атмасферу Зямлі над узбярэжжам Каліфорніі. Пра будучае падзенне спадарожнікаў папярэджвалі навукоўцы.
Астрафізік Джонатан МакДаўэл з Гарвард-Смітсанаўскага цэнтра заявіў пра высокую імавернасць таго, што спадарожнік згарэў пры ўваходзе ў атмасферу. Паводле даных навукоўца, тры спадарожнікі Starlink V2 Mini падымаліся для выхаду на працоўныя арбіты, у той час як адзін здзейсніў кантраляваны манеўр сходу з арбіты.
Мінулага месяца неафіцыйны рэсурс Starlink Insider звярнуў увагу, што нядаўна выведзеныя ў космас спадарожнікі новага пакалення Starlink павольна падаюць замест таго, каб падымацца. Тады Ілан Маск прызнаў, што ў спадарожнікаў «паўсталі пэўныя праблемы» і некаторыя з іх будуць зведзеныя з арбіты, а іншыя будуць тэсціравацца.
Запуск 21 спадарожніка Starlink новага пакалення адбыўся 27 лютага. Спадарожнікі V2 Mini — гэта паменшаныя версіі спадарожнікаў сувязі, якія будуць прымяняцца ў будучыні. Чакаецца, што яны дапамогуць павялічыць прапускную здольнасць інтэрнэт-групоўкі. Гэта дазволіць кампенсаваць рост попыту на паслугі кампаніі, пакуль на арбіту не адправяць поўнапамерныя мадэлі Starlink V2.
Читать на dev.by