«Праз дым праходзіць Ілан Маск». Беларус з'ехаў у ЗША і працаваў у Apple і Tesla
Міхал пераехаў з сям’ёй у ЗША ў 2013 годзе. Кажа, у яго амерыканскім жыцці «было ўсё» — і чэргі па ежу з бамжамі, і жыццё на дапамогу. Але таксама была праца на праектах у Apple і Tesla — і рост ад франтэнд-распрацоўшчыка-джуна да фулстэк-сеньёра. Вось ягоная гісторыя.
«На першай працы быў і за касіра, і за сісадміна, і нават за ахоўніка-выкідалу»
— Я — выпускнік РТІ (цяпер — БДУІР), скончыў ВНУ ў 2001 годзе. На першую працу яшчэ студэнтам уладкаваўся ў камп’ютарны клуб — больш няма куды было. Клуб знаходзіўся на самым ускрайку Мінска, дзе цяпер метро «Каменная горка», — і я там быў і за касіра, і за сісадміна, і нават за ахоўніка-выкідалу.
У нас было 80 камп’ютараў. Кантынгент вельмі розны — ад падлеткаў да бандытаў. Часам кліенты прыходзілі падшафэ або пад кайфам. Здараліся сутычкі-драчкі — трэба было «разрульваць». Мы наладзілі сувязь з мясцовымі бандытамі — тыя дапамагалі наводзіць парадак, калі што. Вось такі быў час.
Ужо пасля інстытута я прыйшоў на «Белрыбу» сістэмным адміністратарам. У іх была магутная база даных, і трэба было яе падтрымліваць, — а яшчэ серверы, падтрымка і апгрэйд не менш як 800 камп’ютараў. І філіялаў куча — я аб’ехаў усю Беларусь, не назаву гарадоў, дзе я б не быў.
Мая зарплата была ў раёне $350 — няшмат, але па тых часах нармальна. У 2009, ужо калі я перайшоў у страхавую кампанію «Стравіта», — стала каля $900.
У «Стравіце» я ўжо не толькі сісадмінам быў, але яшчэ і пісаў на PHP. А паралельна «халтурыў», як тады казалі, — мне заказалі сайт «пад ключ» для крамы сантэхнікі. Я зрабіў сваю CMS — як WordPress, — і мог кляпаць такія сайты пачкамі, рухавік працаваў пад любыя бізнэсы.
«Як у старых фільмах: купляў газеты з аб’явамі аб працы — і абзвоньваў»
У Амерыку мы пераехалі ў 2013 годзе. Жонка выйграла грынкарту і сказала, што паедзе ў любым выпадку — і забярэ траіх нашых дзяцей. Малодшаму сыну было 1,5 года, дачцэ — 2,5 года, а старэйшаму — 5.
Тады «Аэрафлот» дазваляў перавозіць да 50 кг на чалавека — і мы прыцягнулі з сабой у ЗША 250 кг на ўсіх.
Прыляцелі ў Нью-Ёрк — там нас сустрэў прыяцель, які паабяцаў нам дапамагчы з жытлом. Крыху раней мы перавялі яму $2,5 тысячы — але ён сказаў, што ўзніклі праблемы, паабяцаў за дзень-два-тры ўсё вырашыць. А пакуль адвёз нас у гатэль на Брайтан-Біч — за $100 на суткі.
Мы пражылі там тыдзень, але пытанне з кватэрай так і не вырашылася. Прыяцель знік. Я патэлефанаваў сваёй аднакласніцы ў Нью-Джэрсі. Яна прыехала, паглядзела, у якіх умовах мы жывем, — і запрасіла пажыць у яе ў доме.
Я штодня ездзіў у Нью-Ёрк шукаць працу. Усё як у старых фільмах: купляў газеты з аб’явамі аб працы — і абзвоньваў. У Мінску ў мяне быў рэпетытар па англійскай, плюс я наведваў два курсы, але тут у Амерыцы я не мог нават заказ у кавярні зрабіць. Таму тэлефанаваў у асноўным у кампаніі, дзе размаўлялі па-руску.
Адная з іх — тэлебачанне — запрасіла ў офіс на Брайтан-Біч. Ім не патрэбны быў праграміст, яны хацелі тэсціроўшчыка. Добра — ударылі па руках. Я адзін тыдзень там прапрацаваў, другі… Але трэба ж было займацца легалізацыяй, — і я раз-пораз адпрошваўся: страхоўку зрабіць, яшчэ штосьці. Яны наехалі: «Ты не працуеш, а толькі бегаеш!» Так я вылецеў. Мне не заплацілі ні цэнта — нібыта выпрабавальны тэрмін гэтага не меў на ўвазе.
Я зноў пачаў шукаць працу. Прайшоў сумоўе ў Alex’s Meat — але выявіўся «занадта крутым», не ўзялі. Потым у AquaLite — гэта таксама руская кампанія. Яны сказалі: «Зрабі ў Photoshop флаер, калі нам спадабаецца, то возьмем цябе». Я зрабіў.
Потым яны бачаць: а іх дызайнер — неблагі камп’ютаршчык. Сталі прыцягваць мяне да работ на сайце, як сісадміна задзейнічалі. А праз 4 месяцы сказалі: «Слухай, ты ўсю працу зрабіў. Нам нявыгадна цябе трымаць — ідзі на свае хлябы, а мы пры патрэбе будзем да цябе звяртацца. З разавай аплатай».
«Прыходзіш, адстойваеш чаргу з бамжамі і асацыяламі — атрымліваеш пакет прадуктаў»
Першым часам у ЗША было няпроста. У нас было $20 тысяч ашчаджанняў, але яны вельмі хутка разышліся — $2,5 тысячы таварышу, які нас кінуў. Амаль $5 тысяч — за кватэру-двухпакаёўку (увогуле арэнда складала $1623, але яшчэ столькі ж мы аддалі рыэлтару, і плюс заклад).
Мой таварыш «вярнуў» грошы, але не гатоўкай, а чэкам — я апусціў яго ў банкамат, і банк заблакаваў наш рахунак. Чэк выявіўся фальшывым.
Я ўжо працаваў, але маёй зарплаты ў $1400 не хапала нават на аплату арэнды. Яшчэ трохі дасылала цешча — ад здачы нашай кватэры ў Беларусі. Так што жытло мы пакрывалі. А вось на ежу ўжо не заставалася. Таму я пайшоў у сацслужбу і запатрабаваў дапамогу — food stamps. Яе выдавалі ў асноўным на дзяцей — па $300 на кожнага. Потым мы выбілі яшчэ купоны на малако і нейкія прадукты — па $100 на чалавека.
А яшчэ я хадзіў у food-банкі.
Калі банк заблакаваў наш рахунак, я расказаў пра сваю бяду суседу-пенсіянеру. Ён кажа: «Паехалі!№ Мы селі ў машыну — з’ездзілі спачатку ў адзін food-банк, потым другі, трэці… Атрымалі кучу прадуктаў, я замучыўся іх насіць (смяецца).
А далей калі ён мяне падвозіў, калі я сам — пешшу. Прыходзіш, адстойваеш чаргу з бамжамі і асацыяламі — і атрымліваеш пакет прадуктаў: там курыца, каўбаскі, садавіна… Паказваць нічога не трэба. У адным «пункце» перад раздачай чыталі пропаведзі і спявалі. Усім раздавалі інструменты. Мне дастаўся барабан — так я «настукаў» сям'і на вячэру.
«Год за годам будуць накідваць 3-5% — гэта глупства для Крэмніевай даліны. Шукай іншую працу!»
Калі мяне звольнілі з AquaLite, я зноў стаў шукаць працу. На той час я ўжо вучыўся на бясплатных курсах і больш упэўнена размаўляў па-англійску. Знайшоў вакансію. Дамовіліся на сумоўе ў Каліфорніі — у кампаніі, якую потым купіла Nasdaq (амерыканская кампанія, уладальніца аднайменнай біржы — заўв. рэд.).
Мне прапанавалі пазіцыю франтэнд-распрацоўшчыка джуна. Я спытаў: «Колькі дасце?» — $65 тысяч за год. А ў Нью-Ёрку было $20 тысяч за год.
Мы сарваліся і паехалі. Нейкія рэчы і мэблю прыйшлося выкінуць на сметнік — не цягнуць жа іх з сабой праз увесь кантынент на Ціхаакіянскае ўзбярэжжа. Гэта казачна дорага! Прасцей было купіць усё новае на месцы.
У Каліфорніі мы пасяліліся ў Санівейле — самым цэнтры Крэмніевай даліны. А мой офіс быў у Менла-Парку, там зусім побач офіс Facebook.
Праз год працы мне павысілі заробак да $70 тысяч, а потым яшчэ $2 тысячы дадалі — але я працягваў лічыцца джуном. Мой кіраўнік сказаў: «Табе год за годам будуць накідваць 3-5% — гэта глупства, асабліва для Крэмніевай даліны, дзе менш чым на $100 тысяч на год не выжыць. Ты разумны хлопец, шукай іншую працу!»
Я стаў шукаць і знайшоў вакансію ў Infosys — гэта вендар, накшталт EPAM. Адразу выйшаў на бэнч — сяджу тыдзень, другі, трэці. Грошы плацяць (мне далі заробак у $110 тысяч), але я панікую: працы жаж няма. Потым яны сказалі: схадзі ў Apple. Я схадзіў — прайшоў сумоўе, але мяне не ўзялі.
Яшчэ праз тыдзень зноў адправілі ў Apple. Гэтае сумоўе завяршылася паспяхова — я стаў працаваць у іх на праекце. Зайшоў адразу лідом — так мяне Infosys ім «прадала».
Што праўда, я не ведаў, што па рэгламенце праз 4 месяцы працы Apple павінная мне нейкія бенефіты, — і, каб не плаціць, кампанія «мухлявала»: скарачала з праекта і пераводзіла на іншы. Так што мяне перавялі спачатку на бэнч — а потым зноў у Apple, але ўжо на іншы праект у іншы офіс.
Пасля, калі я зноў сядзеў на бэнчы, патэлефанавалі з Tesla. Я прайшоў сумоўе — але не падышоў. А мне так хацелася там працаваць. Я патэлефанаваў свайму менеджару, стаў упрошваць. Той сказаў: «Добра, зараз што-небудзь прыдумаю». І мяне ўзялі: раз ужо распрацоўшчык так хоча.
Цэлы год я прапрацаваў у Tesla — і ўжо не як франтэнд-, а як фулстэк-распрацоўшчык. Я рабіў партал, на якім можна было знайсці і вывучыць электрычную схему любой запчасткі ў аўтамабілях Tesla.
Аднойчы пайшоў папаліць у часе працы, зрабіў вялікую зацяжку, выдыхаю — і скрозь воблака дыму праходзіць Ілан Маск з двума целаахоўнікамі. А курылка была каля шатлаў, якія ездзілі паміж research-офісам і гігафабрыкай. Але ён нават увагі не звярнуў.
«У Тэхасе нашмат круцей, кідай сваю Каліфорнію і давай да нас!»
З Санівейла мы з сям’ёй пераехалі ў Сан-Хасэ. А мой сябар — у Тэхас. І ён 4 месяцы дзяўбаў мяне: «Тут нашмат круцей, кідай сваю Каліфорнію і давай да нас!»
Тут я выйшаў на бэнч пасля Tesla — месяц сяджу, другі, хаджу на сумоўі ў Cisco, у NVIDIA, у Visa. Але мяне нікуды не бяруць. Жонка не вытрымала: «Давай і сапраўды ў Тэхас пераедзем». А ў Infosys там галаўны офіс, я падумаў: аджа там прасцей будзе праект знайсці.
Але выявілася, усё не так — у мяне быў рэйт $110 тысяч на год, а ў Тэхасе рэйты ніжэйшыя. Менеджары кажуць: «Едзь лепш у Джорджыю — тут мы табе нічога не знойдзем». А мы ўжо кватэру ў Тэхасе знялі, грошы заплацілі. Пераехалі.
Паводле дамовы, калі супрацоўнік Infosys прасядзеў на бэнчы 4 месяцы і праекта для яго не знайшлося, — ён вылятае з кампаніі. Ну і ўсё, я зноў на цэлыя паўгода сеў на дапамогу — $2100 на месяц.
Але цяпер ужо было лягчэй, чым у той год, калі мы прыехалі ў ЗША. Мая жонка працавала тэсціроўшчыцай у невялікай прадуктовай кампаніі, у яе быў заробак $6 тысяч на месяц. Падаткі тут меншыя — Тэхас здымае толькі федэральны — 10%, нуй плюс падатак з продажаў з любога тавару (а Каліфорнія «дзярэ» яшчэ падатак штата — таксама 10%).
Мы купілі ў Тэхасе дом на 290 кв. м. Калі мы з’язджалі з Каліфорніі, дамы там каштавалі мінімум $1,5 млн., а ў Тэхасе — ад $150 тысяч да $300 тысяч. Першы ўнёсак $10 тысяч — а ў нас столькі і было (а пазней пры звальненні з Infosys я забраў яшчэ $7 тысяч з пенсійнага фонду).
Банк выдаў нам крэдыт на дом — і плаціць па ім вельмі выгадна. Цяпер гэта $1800 на месяц — менш, чым мы плацілі б за здымную кватэру.
Паўгода я шукаў працу — да лютага 2018 года. Вядома, было няпроста. Але потым уладкаваўся ў кампанію накшталт Amazon, толькі маленькую.
У перыяды без працы, вядома, не раз думаў пра тое, каб вярнуцца — мучыла настальгія. Але час ішоў — і жыццё стала ўспрымацца інакш. Мы шмат падарожнічалі па ЗША — аб’ехалі 24 штаты. На радзіму цягне ўсё менш. Хіба што старэйшы сын просіць: «Паехалі ў Беларусь ненадоўга, ну паехалі!»
Яму было вельмі цяжка прыняць амерыканскую рэчаіснасць — у Нью-Ёрку ён уцякаў са школы, я і настаўнікі вылоўлівалі яго на вуліцы і цягнулі ў клас. Ён год маўчаў, потым пачаў патроху размаўляць — усё лепш і лепш.
«У Twitter, у Meta, у Google, у Amazon, у Tesla — усюды скарачэнні. А ў нас — не, усё добра»
Цяпер я працую ў Copart (найбуйнейшы амерыканскі сайт па продажы аўта — заўв. рэд.). Прыйшоў у кавідны 2020 год — нягледзячы на тое, што быццам бы ў той час рынак «заціх».
Калі ў цябе англійская больш-менш, пошук працы займае нашмат менш часу, — не шэсць месяцаў, а два. Асноўная пляцоўка — LinkedIn, ну і яшчэ Indeed, так мяне знайшла e-commerce кампанія, у якой я працаваў да Copart.
Адзін раз мяне паклікалі ў Сан-Хасэ, я ўзрадаваўся, бо сам жыў у Сан-Хасэ, але выявілася, прыйдзецца не ў некалькіх кіламетрах ад дома працаваць, а ў сталіцы Коста-Рыкі. Яшчэ неяк у Літву запрасілі, потым пытаюцца, што ў мяне з рабочай візай. Я адказваю: «У мяне пашпарт амерыканскі», — яны вельмі здзівіліся, бо думалі, што я беларус з Мінска.
Неўзабаве ў мяне будзе патэнт на вынаходства — гэта яшчэ адзін плюс, калі шукаеш працу.
Цяпер час таксама няпросты: у Twitter, у Meta, у Google, у Amazon, у Tesla — усюды скарачэнні. А ў нас — не, у Тэхасе ўсё добра. Падаткі ніжэйшыя, прасторы такія — заходзь і будуй! Сюды пераязджаюць бізнэсы з Каліфорніі і іншых штатаў. Кажуць, Тэхас — лідар па колькасці новых вакансій ва ўсіх сферах.
Быў момант, калі я хацеў развівацца як спецыяліст, — і менеджар рухаў мяне. Але цяпер назбіралася стомленасць, я адчуваю, што падгараю. Плюс дарога цяжка даецца — 22 мілі, або 40 км па заторах на працу, і столькі ж назад. Так што пакуль не расту. Дый куды далей? Я — сеньёр і лід невялікай каманды.
Мяняць кампанію стромна. Вось у АТ&T (адная з найбуйнейшых у свеце тэлекамунікацыйных кампаній — заўв. рэд.) крутыя заробкі — каля $250 тысяч на год. Але і «цякучка» вялікая: кажуць, месяц-два — потым на выхад. Або той жа Google — 30 тысяч супрацоўнікаў збіраўся звольніць, не гледзячы. Мой таварыш з Meta трапіў пад скарачэнні. А ў нас стабільнасць. За такую кампанію трэба трымацца!
Так, цяпер я лічу, што лепш быць «вінцікам» і ціхенька рабіць сваю працу, атрымліваць грошы — і ні пра што не думаць.
І, калі шчыра, калі пачынаеш са скуры вылузвацца, спрабуючы зрабіць сваю працу проста бліскуча, як у мяне было, — прыходзіць менеджар і кажа: «Мне не трэба Ferrari, зрабі проста Mercedes». І я такі: «Зразумеў, сэр!» І так ва ўсім: у любой справе патрэбны проста вынік — а не Ferrari.
Читать на dev.by