Бяжы! Чаму айцішнікі сыходзяць пасярод сумоўя? Ці акей гэта наогул?

У лінкедзіне поўна пастоў з пасылам: заўважыў red flag на сумоўі — бяжы. 

84 каментарый

Сабралі некалькі гісторый ад сваіх чытачоў, як яны перарывалі сумоўе на сярэдзіне і сыходзілі/адключаліся. А заадно абмеркавалі з экспертамі ў рэкрутынгу, ці акей гэта, ці не.

«Прапанавалі вырашыць задачку на вызначэнне, ці з’яўляецца радок паліндромам»

Павел, Senior devOps, у ІТ больш за 20 гадоў:

— Сёлета ў мяне было сумоўе ў сербскай ІТ-кампаніі на англійскай мове на пазіцыю Senior devOps. Яно пачалося з таго, што мне прапанавалі пашарыць экран і вырашыць задачку на вызначэнне, ці з’яўляецца радок паліндромам. Я настолькі здзівіўся, што некалькі секунд моўчкі глядзеў на экран, — а потым сказаў, што хачу на гэтым сумоўе скончыць.

Што не так: вядома, гэтая задача магла б быць дадзеная на якім-небудзь курсе для тых, хто хоча ўвайсці ў ІТ, пасля ўрока пра тое, як наогул працуюць цыклы. Але не спецыялісту яе даваць жа! Гэта як гутарку з выкладчыкам вышэйшай матэматыкі пачаць з задачы: «Колькі будзе 2+2*2?»

Магчыма, варта было растлумачыць маім суразмоўцам, што не так, але я быў не ў тым стане — я проста сядзеў і афігеваў, нават пасля таго, як сумоўе скончылася. Я сам не чакаў ад сябе такой рэакцыі — то-бок яна была хутчэй эмацыйнай, чым асэнсаванай.

Гэта было другое сумоўе, першае было з эйчаркай — дарэчы, міла пагутарылі. Праз пару гадзін у мяне ўзнікла жаданне напісаць эйчарцы, папрасіць прабачэння менавіта перад ёй і растлумачыць, што адбылося. Але я падумаў, не факт, што яна зразумее мяне, і забіў.

«Калі бачу, што чалавек не цягне, адкрыта кажу, што нам не варта губляць час»

Раман, распрацоўшчык, сеньёр, 12 гадоў вопыту ў ІТ:

— Калі бачу на сумоўі, што чалавек наогул не цягне (хоць вакансія — для сеньёра, ён па рэзюмэ — таксама, але нічога не ведае), адкрыта кажу, што нам не варта губляць час: «Давай скончым!» Пару разоў эйчары абураліся: маўляў, навошта так груба. 

Як рэагуюць мае суразмоўцы — ды па-рознаму: адныя — нармальна, іншыя потым скардзіліся эйчарам, што іх «засудзілі», а яны насамрэч о-го-го. Адзін такі кандыдат падаваўся на адную і тую ж пазіцыю з розніцай у паўгода, але нават не зазірнуў у раней рэкамендаваны яму спіс: «што пачытаць для развіцця». 

А нядаўна я сам праходзіў сумоўе ў індусаў, у якіх інтэрнэт ледзь-ледзь працаваў — і даводзілася распазнаваць, што яны кажуць, літаральна па складах. Праз 10 хвілін гутаркі прапанаваў ім не марнаваць час адно аднаго. Пазычыў добрага дня — і адключыўся. Дагэтуль не разумею, як так: у іх была сума на рынкавы кошт сеньёра ў Польшчы, і пры гэтым яны не змаглі Starlink купіць.

Вядома, я патлумачыў эйчару, у чым рэч — і на маё здзіўленне індусы нават паклікалі мяне на паўторнае сумоўе. Але за 10 хвілін да пачатку скасавалі.

«Масквiч фанабэрыўся, як нам беларусам пашэнціла, што яны нас наймаюць, — i я зваліў» 

Зміцер, Java-распроцоўшчык, сеньёр, 20 гадоў у прафесii:

— Яшчэ ў эру афлайн, гадоў 10 таму праходзіў сумоўе ў адзін філіял расійскай канторы. У мітынг-руме сабралiся некалькi мясцовых, і адзін з Масквы падрубiўся праз «тэлевізар». І вось той быў вельмі высакамерны, усё фанабэрыўся, як нам беларусам пашэнціла, што яны нас наймаюць, — такі баярын. Я хвілін 20 мо патусіў — і зваліў. 

Я не шукаў актыўна працы, працаваў тады ў EPAM, але падумваў аб змене — i купіўся на чуткі пра высокiя заробкi. Наш дыялог быў прыкладна такiм:

— Где работаете?

— В EPAM.

— А что, лучше ничего нельзя было найти?

або

— Вот тут сервисы общаются «икс-эм-элем»…

— Пф-ф-ф-ф! А что, про Jeison не знаете, что ли?

Амаль любы мой адказ успрымаўся як: «Боже, какая бездарность!» — то-бок карона ў хлапчыны ў «тэлевiзар» не пралазiла. Мне гэта абрыдла, ну я i сказаў нешта накшталт: «Вы знаете, я лучше пойду», — дазволу не чакаў, а проста ўстаў і выйшаў. Ніхто мяне не спыняў.

Заробак у той канторы сапраўды прапаноўвалі вялікi. Магчыма гэта быў стрэс-тэст такі, але нешта я быў у псіхалагічным стане, які не дазваляў мне працягваць. Яны, здаецца, пазней нават не патэлефанавалi.

«Апошняй кропляй стала тое, што CEO паспрабаваў па гараскопе зразумець, які я супрацоўнік»

Іван, QA, сеньёр, 9 гадоў у ІТ:

— У 2016 годзе шукаў працу як джун QA — мне было 24 гады. І ў мяне было інтэрв’ю ў невялікай кампаніі (20 чалавек у штаце) з офісам у раёне Зялёнага лугу. Сумоўе праводзіў сам CEO.

Спачатку ўсё было стандартна, але потым пайшлі прыколы: заробак на выпрабавальным тэрміне — 200 долараў, а яшчэ трэкінгавая сістэма — ты маеш знаходзіцца за камп’ютарам не менш за 8 гадзін. Але апошняй кропляй стала тое, што CEO паспрабаваў па маім гараскопе зрабіць выснову, які я супрацоўнік. Я ўстаў і пайшоў. 

CEO так і не зразумеў, у чым праблема. Я панёс нейкую лухту накшталт: «У вас прадуктовая кампанія, а мне больш падыходзіць аўтсорс». Ён у адказ сказаў, што разумее — у іх невысокія заробкі, але больш ён гатовы плаціць толькі тым, хто зарэкамендаваў сябе ў кампаніі.

Як бы я паступіў цяпер? На такое інтэрв’ю я б нават не трапіў. Але калі ўсё ж уявіць, што так — я на ім, то я б шчыра параіў суразмоўцу звярнуцца да доктара: вызначаць якасці працаўніка па гараскопе — гэта прыкмета псіхічных захворванняў.

«Інтэрв’юер пытаецца: «Што здарылася?» А я такі: «Трэба УГД сэрца зрабіць»

Аляксандр, фулстэк-распрацоўшчык, сеньёр, у прафесіі 6 гадоў:

2,5 гады таму праходзіў сумоўе на пазіцыю распрацоўшчыка. Пачалі мы дзесьці, а 16:00, гутарка ішла ў спакойным тэмпе — ніхто нікуды не спяшаўся. А на 19:30 у мяне быў запіс да кардыёлага — я меркаваў, што за 3 гадзіны мы ўправімся, і я паеду да доктара. 

Але вось сумоўе ідзе, ідзе — на гадзінніку ўжо 19:00, і мы ўсе гаворым і гаворым. Тады я перапыняю размову і адзначаю, што мне трэба ісці. Інтэрв’юер-распрацоўшчык пытаецца: «Што здарылася?» А я такі: «Мне трэба УГД сэрца зрабіць, запісаны быў загадзя». Дамовіліся, што пасля працягнем. У выніку я з’ездзіў да кардыёлага, зрабіў УГД, вярнуўся — і мы працягнулі, яшчэ гадзіны паўтары гутарылі. У выніку гэта выглядала як мем «Мой прыпыначак».

Цікава, што па выніках сумоўя я атрымаў офер. Але я яго ў выніку не прыняў, што, вядома, не было звязана з інтэрв’ю, — я проста застаўся ў кампаніі, дзе працаваў раней.

«Паведаміць, што „мэтч“ не здарыўся, не расцягваючы сумоўя — прыкмета добрага тону»

Спыталіся ў экспертаў, чаму (не) акей перарываць сумоўе на сярэдзіне — ці то кандыдату, ці то прадстаўніку будучага працадаўцы. 

Дырэктарка Weather Maps LLC і HR / бізнэс-кансультант Ірына Вішнеўская, у якой 17 гадоў у прафесіі HR, 15 гадоў — у ІТ, заўважае:

— Да перапынення сумоўя на сярэдзіне/пачатку ва ўсіх сваё стаўленне — і ў кандыдатаў, і ў інтэрв’юераў: хтосьці лічыць, што не варта бескарысна марнаваць час, а хтосьці — што трэба адпрацаваць гэтую гадзіну.

Мая пазіцыя вельмі простая: усе мы дарослыя (часцяком высокааплачваныя і перагружаныя) людзі. І калі не здараецца «мэтч», паведаміць пра гэта, не расцягваючы сумоўя — прыкмета добрага тону. 

Калі кандыдат ужо разумее, што кампанія яму не падыходзіць, гэта банальная павага — сказаць пра гэта, пазычыць адно аднаму поспехаў і разысціся па сваіх справах. Тое самае з боку кампаніі. 

Хоць часцяком людзям складана прама паведаміць, што іх штосьці не задавальняе і адмовіць чалавеку ў твар, аджа прасцей сказаць: «Мы вам ператэлефануем». У мяне былі выпадкі, калі я сама спыняла тэхнічнае інтэрв’ю і казала кандыдату: «Дзякуй, на жаль, не», — бо ў інтэрв’юера не хапала на гэта рашучасці. І лавіла адкрыты выдых палёгкі з абодвух бакоў. 

Сказаць «не», гледзячы ў твар чалавеку, — складана і некамфортна. Гэта можа прывесці да канфліктнай альбо няёмкай сітуацыі, і вы не ведаеце, як зрэагуе чалавек. Думаю, гэта неабходна. Мэта інтэрв’ю — вызначыць, ці падыходзіць кандыдат кампаніі, а кампанія — кандыдату. І калі ўжо зразумела, што дакладна не падыходзіць, то далейшае сумоўе — гэта бескарысная трата часу ўсіх прысутных, які можна выдаткаваць больш карысна, ну ці як мінімум прыемна (кавы выпіць, напрыклад). 

Натуральна, перарываць сумоўе і адмаўляць чалавеку трэба ў максімальна ветлівай і аргументаванай форме. Выдатна, калі вы яшчэ і зможаце даць кандыдату нейкі разгорнуты фідбэк і рэкамендацыі, што пачытаць, падвучыць, якіх навыкаў яму не хапае. 

І галоўнае — максімальная зычлівасць. Той факт, што кандыдат не падыходзіць вам, не робіць яго аўтаматычна дрэнным, бескарысным і нікому не патрэбным. Вам не падыходзіць, камусьці іншаму падыдзе, а можа, яму яшчэ і дапамогуць на сябе зірнуць з іншага боку вашыя рэкамендацыі і ён будзе вам удзячны. Вы ніколі не ведаеце, як складзецца жыццё і з кім яна вас звядзе ў будучыні. Таму, так, нармальна перарываць сумоўе, але важна рабіць гэта правільна.

«Па абодва бакі размовы знаходзяцца людзі, а не робаты — з iмi можна і трэба размаўляць» 

Ксенія Лешык, TA/HR з больш як 6-гадовым вопытам працы, у тым ліку ў Беларусі, таксама лічыць: няма нічога страшнага або ганебнага ў тым, каб перапыніць інтэрв’ю — любому з бакоў у любы момант часу.

У маёй практыцы былі гісторыі, калі кандыдат сам разумеў, што не дасягае неабходнага ўзроўню, і проста сыходзіў. Некаторыя размовы спыняліся, бо мы як кампанія разумелі, што не зможам закрыць патрабаванні кандыдата (і гэта не толькі пра заробак).

Тут важна, чаму і як вы сыходзіце, — лепей заўсёды тактычна паведаміць прычыну адмовы ад далейшай камунікацыі. Гэтакім чынам вы не толькі эканоміце час, але і расстаяцеся на адэкватнай нотцы, якая не дыскрэдытуе ні інтэрв’юера, ні кандыдата, і застаецца магчымасць узаемадзеяння ў будучыні.

Напрыклад, калі вам дзіўна, што вам даюць тыя ці іншыя таскі, якія «не супадаюць з вашым грэйдам», ніхто не забараняе вам спытаць, чаму менавіта гэтая задача выбраная, пакуль вы яе рашаеце. Калі вам здаецца, што кампанія / каманда / пэўны інтэрв’юер не падыходзіць вам «культурна», няма нічога зазорнага, каб сказаць, што вы бачыце «cultural differences», якія, на жаль будуць, перашкаджаць працы, і сысці.

Звычайна гэта ўсё адносіцца да сітуацый, дзе зберагліся рабочая і карэктная размова (і асуджэнне бізнэс-рашэнняў іншай кампаніі да іх не адносіцца). Калі вы адчуваеце, што на інтэрв’ю нехта таксічыць альбо абражае вас, тады варта проста спыніць размову. І няма сэнсу задавацца пытаннем, ці было гэта стрэсавае інтэрв’ю, ці не — бо нават калі гэта яно, значыць вам давядзецца сутыкнуцца з падобным на працы або гэта проста капрыз (ніводны з гэтых выпадкаў нас не задавальняе).

У любой сітуацыі варта памятаць:

  • абіраюць не толькі вас, але і вы;
  • па абодва бакі размовы знаходзяцца людзі, а не робаты; з людзьмі можна і трэба будаваць камунікацыю і размаўляць.

Пытайце пра тое, што вас турбуе/засмучае, а не проста рабіце здагадкі — тады абодвум бакам будзе значна прасцей.

Никакой ИИ нас не заменит. Рекрутерка рассказала, как её собеседовала нейросеть
По теме
Никакой ИИ нас не заменит. Рекрутерка рассказала, как её собеседовала нейросеть
«Собес — не инквизиция». Тимлиды рассказали, как провести успешное собеседование
По теме
«Собес — не инквизиция». Тимлиды рассказали, как провести успешное собеседование
Как не паниковать перед собесом/ лайвкодингом. Истории айтишников и рекомендации клинического психолога
По теме
Как не паниковать перед собесом/ лайвкодингом. Истории айтишников и рекомендации клинического психолога

Читать на dev.by