«У падвешаным стане». У беларускіх студэнтаў у Польшчы — праблемы з атрыманнем адукацыі
Беларускія студэнты, якія хочуць атрымаць адукацыю ў Польшчы, аказаліся ў няпростай сітуацыі. У іх просяць для настрыфікацыі не толькі атэстат і яго апастыль, але яшчэ і вынікі ЦТ/ЦЭ, даведку з беларускага Мінадукацыі, польскую візу, з якой апошнім часам узніклі праблемы.
Раней патрабаванні да прызнання атэстатаў сталі вылучаць і асобныя паліцэяльныя школы (але не ўсе).
Канал Dzik Pic расказаў дзве гісторыі беларусаў, якія аказаліся ў цяжкім становішчы праз настрыфікацыю.
Паводле даных на 31 жніўня, замежнікі падалі 13 207 заяў на атрыманне польскай студэнцкай візы, і амаль 5 тысяч атрымалі адмову.
Усяго выдалі 8,2 тысячы віз, у асноўным украінцам і беларусам. У параўнанні з папярэднімі гадамі колькасць выдадзеных віз скарацілася ў тры, а то і ў чатыры разы.
Настрыфікацыя на трэцім семестры навучання
— Я вучуся ў школе на касметолага, перайшла на трэці семестр. На мінулым тыдні мне патэлефанавалі з сакратарыята і сказалі, што мне неабходна настрыфікаваць свой атэстат у кураторыуме асвяты.
Я не адная беларуска ў гэтай навучальнай установе, але, паводле маёй інфармацыі, толькі мяне папрасілі гэта зрабіць.
У кураторыуме мне сказалі, што так як я ўжо вучуся 3-й семестр, то нічога мне не трэба пацвярджаць. З гэтымі словамі я і аднесла свой атэстат назад у сакратарыят школы. Яго прынялі назад.
Быццам бы ўсё добра, але ў падвешаным стане знаходзіцца вельмі непрыемна. Паехаць у Беларусь і ўзяць даведку або зрабіць апастыль я не магу.
Можа, хтосьці з гэтым цяпер таксама сутыкаўся і хоча падзяліцца?
Год на вырашэнне праблемы і патрабаванне ЦТ
— Мы, студэнты з Беларусі, таксама сутыкнуліся з настрыфікацыяй.
Падалі дакументы і здалі экзамены ў Польска-Японскую акадэмію ў Варшаве. Нас адправілі ў кураторыум.
Прыехалі. Нас не прынялі, сказалі запісвацца праз інтэрнэт. Запісацца нерэальна.
Акадэмія дазволіла вучыцца адзін год і вырашаць гэтую праблему. Аднак мы ў Беларусі скончылі каледж, ЦТ не здавалі і знаходзімся ў Польшчы на міжнароднай абароне. Але нават гэта не дапамагло вырашыць праблему.
Якія дакументы патрабуюць для настрыфікацыі? Кожнаму студэнту — свой пакет. Дыплом, апастыль, пераклад дыплома, апастыля і ўкладыша з адзнакамі, пашпарт або карта побыту. Ну і самае галоўнае — ЦТ або ЦЭ не старэйшыя за 2 гады.
Мы сказалі, што не здавалі ЦТ. Кураторыум адказаў «запісвайцеся, прыходзьце да інспектара і размаўляйце, можа, і прапусціць пакет». Але не факт. Далей за першы паверх у варшаўскім кураторыуме мы не прайшлі.
Калі прынясеш, ад гэтага часу і будуць разглядаць справу. Калі чагосьці з дакументаў не хопіць, можна данесці на працягу тыдня.
Што, калі сітуацыя не вырашыцца за год? Адлічэнне, аднаўленне каля 1000 злотых (больш за 250 долараў). Але мы ўпэўненыя, што Дуда дапаможа.
У тэму: спасылка на гайд па настрыфікацыі для тых, хто паступае і спрабуе прызнаць свой атэстат/дыплом. Гайд стварыў Dzik Ягор, які працуе ў Польшчы.
Читать на dev.by